Старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак загадаў прыпыніць будоўлю бізнэс-цэнтру каля парку Чалюскінцаў. Пра гэта Свабодзе распавялі мясцовыя жыхары, якія трапілі сёньня на сустрэчу з кіраўніком гораду.
15 студзеня Свабода пісала, што гарадзкая пракуратура Менску знайшла парушэньні пры праектаваньні бізнэс-цэнтру ў двары паміж вуліцай Талбухіна і праспэктам Незалежнасьці. Выявілася, што забудоўшчык падаў на экспэртызу несапраўдныя дакумэнты.
Як сёньня стала вядома, 22 студзеня Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва адправіў ліст кампаніі-забудоўшчыку — СААА «Вецер». У ім гаворыцца, што камітэт прыпыняюць дзеяньне заключэньня ад 2017 году, якое дазваляла будаўніцтва. Пасьля гэтага дзеяньне свайго заключэньня прыпыніла і «Галоўбудэкспэртыза».
«На сёньня гэтая будоўля самавольная, — сказала Свабодзе Галіна Сінілевіч, якая была на прыёме. — І сам „Вецер“ павінен прыпыніць будаўніцтва».
Але мясцовыя жыхары кажуць, што будоўля ня толькі не прыпынілася, а ідзе яшчэ нават больш інтэнсіўна, чым раней.
У кампаніі «Вецер» Свабодзе пацьвердзілі, што ліст зь Менгарвыканкаму яны атрымалі. І даслалі ў Менгарвыканкам просьбу патлумачыць сваё рашэньне.
«Павінна быць тлумачэньне, што далей з усім гэтым рабіць. Пакуль камэнтароў ніякіх няма зь іх боку, — сказаў Свабодзе праз тэлефон кіраўнік праекту Кірыл Шчасновіч. — Мы гатовыя карэктаваць праект і прыводзіць яго ў адпаведнасьць».
Па словах Шчасновіча, будоўля не спыняецца, бо кампаніі ніхто не даслаў прамой забароны. Такое прадпісаньне можа выдаць пракуратура ці інспэкцыя Дэпартамэнту па кантролі і наглядзе за будаўніцтвам па Менску.
«І мэр гораду загадаў прыпыніць будоўлю, — сказала Галіна Сінілевіч.
Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што будоўля прыпыніцца ў хуткім часе. Сёньня яны перадалі Анатолю Сіваку заяву з 72 подпісамі. У ёй гаворыцца, што жыхары раёну не давяраюць забудоўшчыку.
«Мы пералічылі ўсе парушэньні, — сказала Галіна Сінілевіч. — Патрабуем забраць участак у гэтага забудоўшчыка, бо ён працуе па падложных дакумэнтах».