Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговае ўшчыльненьне ля Батанічнага саду ў Менску. Жыхары супраць


У Менску пачалося грамадзкае абмеркаваньне рэканструкцыі кварталу паміж Батанічным садам, праспэктам Незалежнасьці і вуліцай Сурганава. Там зьбіраюцца пабудаваць шматфункцыянальны комплекс з паркінгам на 560 месцаў, гатэль на 250 месцаў і мэдычна-аздараўленчы цэнтар для спартоўцаў. Мясцовыя жыхары пратэстуюць.

​Прэзэнтацыя праекту адбылася 11 ліпеня ў актавай залі адміністрацыі Першамайскага раёну, куды прыйшлі некалькі соцень чалавек. З праектам можна азнаёміцца да 2 жніўня ў фае раённай адміністрацыі і на сайце райвыканкаму, цягам трох тыдняў можна падаваць свае заўвагі і прапановы.

Чыноўніка і архітэктарку абсьвіствалі

«Праект забудовы выконваў „Менскграда“, праект дэтальнай пляніроўкі распрацаваны на замову Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму з мэтай рэалізацыі Генэральнага пляну гораду Менску», — пачаў прэзэнтацыю намесьнік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Васіль Касавец.

Васіль Касавец
Васіль Касавец

Касаўца абарвалі:

«А чаму наагул узяліся забудоўваць? Тут і так няма месца, каб рабць ушчыльненьне, усе двары забітыя аўтамабілямі», — пасыпаліся пытаньні жыхароў. Чыноўнік папрасіў прысутных усё ж паслухаць аўтарку праекту.

«Праектаваная тэрыторыя — пазнавальная, разьмешчаная на гістарычнай восі гораду — праспэкце Незалежнасьці каля Батанічнага саду. На тэрыторыі спартовыя збудаваньні: Палац воднага спорту, цэнтар „Фрыстайл“ з спартовым комплексам, Аб’яднаны інстытут інфарматыкі, жылыя дамы. Усяго ў гэтым квартале пражывае 1400 чалавек, агульная плошча праектаваньня 28,5 гектара. Гатэль будуецца на пэрспэктыву. На месцы аўтастаянкі будзе ўзьведзены паркінг на 560 месцаў, замест гаражоў — мэдцэнтар» — пачала расказваць галоўная архітэктарка праекту Ірына Абуховіч.

Справа — Ірына Абуховіч, галоўная архітэктарка праекту
Справа — Ірына Абуховіч, галоўная архітэктарка праекту

«А чаму наагул узяліся забудоўваць?», — пачулася з залі.

Архітэктарка казала, што пляма забудовы кладзецца на боксавыя гаражы, якія зьнясуць, што забясьпечанасьць зялёнымі насаджэньнямі тут большая за норму: 14 квадратных мэтраў на чалавека пры норме 9, што ўсе санітарныя нормы разьлічаныя і выконваюцца.

І тут у залі пачалі сьвістаць.

Прагучала пытаньне, чаму колькасьць парковачных месцаў памяншаецца: было 488 — стане 419.

«Я ня бачу ніякай праблемы. Памяншаецца колькасьць парковачных месцаў, але будуецца падземны паркінг, стаянка на 560 месцаў». Да таго ж, жыхары кажуць, што наведнікі Батанічнага саду паркуюцца ў двары. А калі будзе пабудаваны мэдычны цэнтар, запаркаваных у двары аўтамабіляў стане яшчэ болей.

Жыхары, якія прыйшлі на сход
Жыхары, якія прыйшлі на сход

«Я ня буду зараз нічога вам адказваць, усе пытаньні падавайце ў пісьмовым выглядзе. Прэзэнтацыя наагул не прадугледжвае адказы на пытаньні», — заявіла архітэктарка.

На іншыя канкрэтныя пытаньні Ірына Абуховіч адказвала: «Гэта інфармацыя для службовага карыстаньня».

10 самых праблемных будоўляў Менску. Што рабіць, калі ваш двор ці парк забудоўваюць

Аздараўленчы цэнтар сярод паркоўкі і выхлапных газаў

«Мэдычна-аздараўленчы цэнтар у шумным месцы, на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і Сурганава — гэта наагул абсурд, з цыклю „Знарок не прыдумаеш“, тут такі рух транспарту, гэта ж зьдзек!» — кажа ўдзельнік слуханьняў.

«Ёсьць пастанова Міністэрства аховы здароўя: разьмяшчэньне лячэбных установаў у густанаселеных раёнах будаваць забаронена», — працягвае іншая жанчына. І пытаецца: «А каго там наагул будуць рэабілітаваць?»

«Спартоўцаў», — адказала Ірына Абуховіч.

Пры гэтым паліклініка № 34 для жыхароў вакольных дамоў месьціцца на вуліцы Кульман, а стаматалёгія — на вуліцы Някрасава.

Падчас сходу
Падчас сходу

«Сёньня, ідучы сюды, я налічыла 120 машын у двары дома нумар 5 па вуліцы Сурганава, усе машыны чужыя. Машыны езьдзяць па ходніках. Зь дзецьмі страшна выйсьці. 16 гадоў я пішу скаргі — як нам жыць? А выканкаму на людзей напляваць! Гідкае кіраўніцтва, гідкі выканкам!» — эмацыйна выступае Валянціна Вярбжыцкая.

З залі раздаваліся воклікі да чыноўніка: «Чаму вы ня любіце наш народ?», «Ушчыльненьне — зьдзек з народу», «Нам трэба палепшыць якасьць жыцьця, а вы нам яе пагаршаеце», «А дзе наш дэпутат, які ўвосень балбатаў, як ён будзе абараняць?» Прысутныя аплядыравалі.

«Мы вас сюды паклікалі для таго, каб праінфармаваць, як вы сваю думку аб канкрэтным праекце можаце выказаць. А тут нікога не цікавіць, што вы думаеце. Вас сюды паклікалі толькі для таго, каб вы пазнаёміліся з праектам. І выказалі сваю думку. Мы тут не разглядаем сёньня працу выканаўчай улады», — перарваў людзей чыноўнік Васіль Касавец.

Плян забудовы
Плян забудовы

Ірына Абуховіч таксама спрабавала пераканаць народ, што тут ня зносіцца ніякіх каштоўных збудаваньняў, акрамя гаражоў, маўляў, «аб’ём забудовы невялікі — да 3 паверхаў, пляма забудовы будзе на зносе гаражоў».

Намесьнік старшыні райвыканкаму з праектам не знаёміўся

Удзельнік слуханьняў задаў пытаньне намесьніку старшыні райвыканкаму Васілю Касаўцу: ці вывучаў ён праект забудовы? «Не, не вывучаў», — шчыра прызнаўся Касавец. Яго проста асьвісталі.

Тады мужчына пачаў зачытваць лічбы з праекту: аб’ем водаспажываньня — паказьнікі адныя і тыя ж цягам 10 гадоў. «Наведнікі што, па кустоўі бегаць будуць?», — жартуе ён. «Аб’ём спажываньня электраэнэргіі — лічбы таксама адны і тыя ж, што цяпер, што ў 2023, што ў 2030 годзе. Як такое можа быць? Гэта праект ці вясёлыя карцінкі?» — пытаецца ён.

Падчас сходу
Падчас сходу

«Рост нагрузак неістотны, лічбы акругленыя, тут будуць нізкія наведвальныя плыні», — адказвае галоўная архітэктарка праекту Ірына Абуховіч. І суцяшае прысутных: больш дакладныя лічбы будуць на наступных стадыях праектаваньня, пазьней будзе больш дакладны пашпарт, да таго ж, праект будзе праходзіць тры экспэртызы.

Тут народ ажывіўся яшчэ больш: «Аказваецца, будуць яшчэ іншыя стадыі, як высьветлілася!» У вас няма ні эскізаў, нічога — вы прынесьлі нейкі архітэктурны цуд! Нам паказваюць нейкую «фількіну грамату»

«Генплян Менску зацьверджаны прэзыдэнтам»

Апошні аргумэнт жыхароў быў такі: ці ведаюць праектавальнікі і чыноўнікі, што пасьля мітынгаў, якія прайшлі ва Ўруччы супраць ўшчыльненьня, выступаў прэзыдэнт і гучна, публічна заявіў, што ніякіх ушчыльненьняў у цэнтры Менску больш ня будзе. «Дык што, прэзыдэнт для вас больш ня ўказ?» — спытаўся удзельнік слуханьняў у намесьніка кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Васіля Касаўца.

«Яшчэ раз кажу: гэты праект распрацаваны на замову Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва з мэтай рэалізацыі Генэральнага пляну гораду Менску, які зацьверджаны ўказам прэзыдэнта», — адказаў Касавец.

Людзі эмацыйна запытваліся і ў чыноўніка Васіля Касаўца, і ў Ірыны Абуховіч: «Колькі вам заплацілі?»

У канцы сходу ў залю прыйшоў старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, які толькі што вярнуўся са сходу жыхароў суседняга дома, што на скрыжаваньні Талбухіна і праспэкта Незалежнасьці. Ён паведаміў, што там такая ж праблема: у чацьвер прыяжджаюць рабочыя зь «Зелянбуду» і будуць плотам абносіць тэрыторыю пад будаўніцтва паркінгу і бізнэс-цэнтру.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Было такое ж грамадзкае абмеркаваньне. Чыноўнікі зрабілі выгляд, што выслухалі людзей. Але, як і тут, пратаколу абмеркаваньня не было. У вас таксама пратакол не вядзецца. А ўсе заўвагі павінны быць у пратаколе.

Там таксама аб’ект быў пазначаны эскізна, а зараз камунікацыі вынесены за межы гэтага аб’екта. Мала таго, што там пабудуюць, дык яшчэ перакапаюць увесь двор і высекуць усе дрэвы. Тое самае будзе і ў вас. Таму трэба ўваходзіць у ініцыятыўную групу і змагацца, выходзіць і патрабаваць спыніць гэта ўшчыльненьне», — параіў людзям Губарэвіч.

Людзі пачалі актыўна зьбіраць подпісы супраць праекту ўшчыльненьня і маюць намер перадаць іх у райвыканкам, Міністэрства архітэктуры, Менгарвыканкам і Адміністрацыю прэзыдэнта.

Каля парку Чалюскінцаў у Менску высекуць 273 дрэвы. Тут будуюць бізнэс-цэнтар

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG