Пасьля таго як Лукашэнка прапанаваў эканамісту Яраславу Раманчуку ўзначаліць збанкрутаваны калгас, той, са свайго боку, прапанаваў запрасіць у Беларусь 10 эканамістаў, якія ўратавалі ад банкруцтва не адну краіну сьвету.
Ён перакананы, што іх не напалохае плянавая эканамічная мадэль, на якую робіць стаўку беларускае кіраўніцтва.
«Гэта іх праца, яны мусяць быць падрыхтаваныя да ўсяго, — кажа Яраслаў Раманчук Свабодзе. — Я шмат каго ведаю асабіста. Напрыклад, Рут Рычардсан, яна рабіла рэформы ў Новай Зэляндыі. Той жа Хасэ Пінэйра ажыцьцявіў пасьпяховую пэнсійную рэформу ў Чылі. Ці Март Лаар у Эстоніі, ці Лешак Бальцэровіч у Польшчы, ці Вацлаў Клаўс у Чэхіі.
Шмат прафэсіяналаў, якія выкарыстоўваюць багаты ўласны досьвед для рэалізацыі рэформаў. І нікому ня прыйдзе ў галаву сказаць: а ты ўвогуле быў дырэктарам заводу, каб даваць нейкія парады?
У нас, на жаль, успрымаецца так: ходзіш на рынак — значыць, апрыёры эканаміст, „рыначнік“. Бо бачыш, як працуе тая ж Камароўка. І чым часьцей бываеш, тым большы спэцыяліст. Сёньня прыблізна такі ўзровень разуменьня. Кожны павінен займацца сваёй справай».
Эканаміст Яраслаў Раманчук пасьля «Вялікай размовы» ў Аляксандра Лукашэнкі быў выкліканы ў прэзыдэнцкую адміністрацыю — яму прапанавалі ўзначаліць стратны калгас.
Выступ Раманчука ператварыўся ў спрэчку з кіраўніком краіны. Экспэрт даводзіў недахопы цяперашняй эканамічнай мадэлі, Аляксандар Лукашэнка не пагаджаўся, хоць і прапанаваў скласьці сьпіс канкрэтных прапаноў і перадаць у Адміністрацыю.
Сам жа Лукашэнка параіў Раманчуку «зазямліцца» і паспрабаваць сябе на чале стратнага калгасу. Неўзабаве так і здарылася — кіраўніцтва адміністрацыі падрыхтавала сьпіс такіх гаспадарак.
«Пачуцьцё гумару, аднак, у Аляксандра Рыгоравіча адмысловае, — падзяліўся эканаміст сваім уражаньнем. — Лукашэнка сказаў пра стратны калгас — і вось у працяг гэтага сяброўскага тролінгу адміністрацыя прэзыдэнта падабрала мне чатыры сельгасарганізацыі... Пасьмяяліся, пажартавалі разам з Натальляй Іванаўнай Качанавай і яе намесьнікам Мікалаем Генадзевічам Снапковым — і дамовіліся сур’ёзна паразмаўляць наконт выкананьня сярэднетэрміновай праграмы «Беларусь — 100 млрд даляраў ВУП у 2025 годзе».
Адразу пасьля заканчэньня «Вялікай размовы» Яраслаў Раманчук сказаў Свабодзе, што яшчэ не настолькі праштрафіўся, каб атрымаць «у падарунак» калгас — адрозна ад былых пракурораў, гендырэктараў заводаў і высокіх чыноўнікаў.