Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьмяншаецца насельніцтва Беларусі


Існуюць два ўзаемазьвязаных тлумачэньні: Беларусь — даволі бедная краіна, Беларусь — аўтарытарная, дыктатарская краіна. Калі мала грошай, калі дзяржава цісьне, рэпрэсуе, то ў насельніцтва няма асаблівай ахвоты нараджаць дзяцей.

Аднак дадзеныя дынамікі народанасельніцтва па ўсім сьвеце не дазваляюць прыняць гэтыя тлумачэньні, прынамсі, як вычарпальныя. Вось як выглядаў сьвет паводле каэфіцыенту прыросту (страты) насельніцтва на 1000 чалавек. Адмоўны каэфіцыент — у краіне колькасьць насельніцтва памяншаецца, станоўчы каэфіцыент — павялічваецца.

Крыніца: World Population Growth, Max Roser and Esteban Ortiz-Ospina

Як бачым, Беларусь у 2015 годзе зь яе адмоўным прыростам насельніцтва была ў даволі вялікай кампаніі, прычым у кампаніі краінаў, шмат у чым непадобных да яе. Скарачэньне насельніцтва тады назіралася і ва Ўкраіне, і ў Польшчы, і ў Італіі, і у Гішпаніі, і ў Японіі. Пералічаныя краіны — не дыктатуры, некаторыя зь іх багацейшыя і нават значна багацейшыя за Беларусь. А хуткасьць страты насельніцтва ў гэтых краінах большая, чым у Беларусі. Таксама варта адзначыць, што амаль усе краіны, дзе насельніцтва зьмяншаецца, знаходзяцца ў Эўропе.

Пры гэтым на мапе бачна, што імклівы рост насельніцтва назіраецца наагул зусім не ў багатых краінах, а наадварот — у самых бедных. Самы высокі рост у Афрыцы. Чад, Конга, Нігер — ня ўзоры эканамічнага росквіту, ды і палітычныя парадкі там далёкія ад клясычнай дэмакратыі.

Варта ўлічыць, што Афрыка — кантынэнт палітычнай нестабільнасьці, палітычнага гвалту і кепскага мэдычнага абслугоўваньня. Адсюль вынікае, што там вельмі высокая сьмяротнасьць — і ад гвалту, і ад хваробаў. Так што станоўчыя значэньні каэфіцыенту прыросту насельніцтва там забясьпечваюцца ня проста высокімі, а шалёна высокімі паказьнікамі нараджальнасьці. Там памірае штогод людзей больш, чым, скажам, у Эўропе, але дзяцей нараджаецца нашмат больш, чым у Эўропе.

Калі ж казаць пра Эўропу, то акрамя пазначанага рэгіёну страты насельніцтва, астатнія краіны кантынэнту характарызуюцца хаця і станоўчым ростам насельніцтва, але вельмі нізкім, менш за 1%. Тое самае тычыцца таксама і ЗША, і Расеі, і Кітаю.

Можна меркаваць, што на дынаміку народанасельніцтва істотна ўплывае міграцыя. Шмат гаворыцца і пішацца пра вялікія міграцыйныя хвалі, якія ідуць у Эўропу, пра вялікую эміграцыю з посткамуністычных краінаў.

Аднак наступная дыяграма паказвае, што міграцыя не мяняе сытуацыю прынцыпова. У ёй прыводзяцца значэньні каэфіцыенту так званага натуральнага прыросту (страты) насельніцтва, без уліку міграцыі.

Крыніца: World Population Growth, Max Roser and Esteban Ortiz-Ospina

Калі ня ўлічваць мігрантаў, то ў Расеі і ў Нямеччыне ў 2015 годзе назіралася невялічкая натуральная страта насельніцтва (яно ў цэлым у гэтых краінах расло за кошт мігрантаў), у Польшчы і ў Гішпаніі ў 2015 годзе назіраўся невялічкі натуральны рост насельніцтва (хаця ў цэлым яно зьмяншалася за кошт эміграцыі). Але прынцыпова колеры мапы не мяняюцца і ў выніку выключэньня ўплыву міграцыі. У сьвеце адзіны рэгіён, дзе краіны страчваюць насельніцтва — гэта Ўсходняя Эўропа, рэгіён самага высокага росту народанасельніцтва — краіны Цэнтральнай Афрыкі.

Адсюль вынікае, што тлумачэньне зьмяншэньне колькасьці насельніцтва Беларусі — хутчэй культурнае і сацыяльна-эканамічнае. Усходняя Эўропа ўся адносна небагатая, яна ўся яшчэ знаходзіцца ў фазе пераадоленьня наступстваў краху камунізму. І яна ўся — рэгіён хуткай урбанізацыі. Так, урбанізацыя адбывалася і ў Заходняй Эўропе, але яна істотна багацейшая, чым Усходняя. А параўноўваюць сваё жыцьцё беларусы альбо палякі зь Нямеччынай, а ня з Чадам ці Конга.

Інфаграфіка ў цытаваным артыкуле дазваляе паглядзець дынаміку росту народанасельніцтва. Вось як выглядала адпаведная мапа ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя — у далёкім 1952 годзе.

Крыніца: World Population Growth, Max Roser and Esteban Ortiz-Ospina

Сусьветным чэмпіёнам па росту насельніцтва былі рэспублікі савецкай Цэнтральнай Азіі, Украіна і Расея дэманстравалі прыкметны рост насельніцтва, Беларусь — таксама рост, але невялікі, у межах 1%. Цэнтральная Афрыка дэманстравала высокі рост, але не такі высокі, як яна ж у 2015 годзе.

Наступная дыяграма — 1995 год, у Беларусі — першы поўны год кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусі ўжо зьмяншэньне насельніцтва, але і ва ўсім рэгіёне Ўсходняй Эўропы і ў Расеі назіраецца тое самае. І пачынаецца імклівы рост насельніцтва ў Афрыцы.

Крыніца: World Population Growth, Max Roser and Esteban Ortiz-Ospina

Мапа 1995 году насамрэч ужо вельмі падобная да мапы 2015 году. Лічбы ў пэўнай ступені зьмяніліся, у Беларусі за 1995 год насельніцтва зьменшылася на 0.32%, у 2015 годзе — на 0.02%.

Але калі глядзець у кантэксьце ўсяго сьвету, то бачна, што сытуацыя ў Беларусі ў значнай ступені тлумачыцца сытуацыяй у рэгіёне, у якім яна знаходзіцца, у цэлым, а ня нейкімі яе асаблівасьцямі.

Беларусь — краіна Ўсходняй Эўропы. І сытуацыя з народанасельніцтвам абумоўленая ў ёй найперш гэтым чыньнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG