Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты задалі 11 пытаньняў прэм’еру Румасу. Самае цікавае


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў аднагалосна зацьвердзілі праграму дзейнасьці ўраду на 2018–2020 гады, Пры гэтым апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая ня ўдзельнічала ў галасаваньні.

«Я не магу ані падтрымаць прапановы, бо цалкам зь імі ня згодная, ані прагаласаваць супраць, бо сярод іх ёсьць станоўчыя моманты», — патлумачыла яна сваю адмову ад галасаваньня карэспандэнту Свабоды.

Перад галасаваньнем дэпутаты задалі прэм’еру Сяргею Румасу 11 пытаньняў. Вось некаторыя зь іх.

Што робіцца для зьніжэньня дзяржаўнай запазычанасьці

Сяргей Румас адказаў, што ў 2018 годзе выдаткі на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу складуць 2,3 мільярды рублёў. Налета гэтая лічба ўзрасьце да 3 мільярдаў. Гэта значыць, падкрэсьліў прэм’ер, кожны сёмы рубель пойдзе на ліквідацыю дзяржаўнай пазыкі, а гэтыя грошы маглі б пайсьці на павышэньне заробкаў і пэнсій.

Пра мадэрнізацыю

Прэм’ер Румас зазначыў, што з розных прычын 45% праектаў, на якія браліся грошы для мадэрнізацыі прадпрыемстваў, не далі заяўленага эфэкту.

Дэмаграфічнае становішча

Румас назваў сытуацыю складанай, каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі складае 1,54, ён нашмат ніжэйшы за такі ж у суседніх краінах. Сытуацыя выкліканая дзьвюма прычынамі: тым, што кожны год на 4-5% зьніжаецца колькасьць жанчын, здольных нараджаць, а таксама старэньня насельніцтва.

Штогод у Беларусі памірае прыкладна 119-120 тысяч чалавек. А прыяжджаюць жыць у сярэднім 3-4 тысячы. Прэм’ер абяцаў, што ўрад хоча працягнуць праграму сямейнага капіталу яшчэ на 5 гадоў, крыху яе мадэрнізаваўшы, а таксама павялічыць памер дапамогі жанчынам у дэкрэтным водпуску.

Як падвысіць ВУП

Сяргей Румас сказаў, што драйвэры росту валавога ўнутранага прадукту знаходзяцца ў двух кошыках. Першы — дзяржаўны сэктар, прадукцыйнасьць працы тут у 1,5 раза ніжэйшая, чым у прыватным, яе трэба ўздымаць. Другі — апераджальны рост у сфэры паслуг, стварэньне ІТ-краіны і г.д.

Пра заробкі ў рэгіёнах

Прэм’ер-міністар Румас падкрэсьліў, што сытуацыя сапраўды неадназначная. Так, у некаторых раёнах Віцебскай вобласьці заробкі ў 2,5 раза ніжэйшыя, чым, напрыклад, у Салігорскім раёне. Ён сказаў, што ўрад вызначыў 11 гарадоў з насельніцтвам звыш 80 тысяч чалавек, куды будуць накіраваныя рэсурсы. А жыхары суседніх раёнаў будуць у гэтых гарадах працаваць.

Пра дрэваапрацоўчую прамысловасьць

«Сама ідэя экспартаваць тавары, а ня лес, абсалютна правільная, але пры мадэрнізацыі былі дзьве галоўныя памылкі. Першая — не хапала досьведу, другое — кампэтэнцыя кіраўнікоў, якія займаліся гэтай справай, не была дастаткова высокай,— сказаў Румас,— І тым ня менш сытуацыя паляпшаецца. У 2016 годзе дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы давалі мінус 14% прыбытку, у 2017-м — плюс 1,6%, а сёлета за 9 месяцаў ужо плюс 14,2%. Я абсалютна ўпэўнены, што інвэстыцыйныя праекты павінны ажыцьцяўляць не чыноўнікі, а бізнэсоўцы, таму што ў іх гэта лепш атрымліваецца».

Пра сяброўства ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі

«Мы зацікаўленыя туды ўвайсьці, мяркуем да канца наступнага году завершыць усе перамовы, каб у 2020 годзе ўступіць у склад Сусьветнай гандлёвай арганізацыі», — заявіў прэм’ер Сяргей Румас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG