Пра трагедыю ў Стоўпцах сёньня ва ўсіх вялікіх і малых беларускіх гарадах і вёсках можна пачуць на кожным кроку: у чарзе ў паліклініку, у грамадзкім транспарце, ля сельпо ці аўтакрамы, у рабочай курылцы....
Учора а дзявятай вечара, пераключаючы тэлевізар на галоўны дзяржаўны тэлеканал, я чакаў, што першай навіной убачу рэпартаж пра экстраны візыт прэзыдэнта ў Стоўпцы. Бо беларускі народ, агаломшаны трагедыяй, у гэтыя хвіліны быў думкамі менавіта там.
Але тэлевізійная «Панарама» была запоўненая рэпартажамі пра «Сьнежны снайпэр» і «Менскую лыжню», пра тое, як шчасьлівыя беларускія дзеці ва ўсіх рэгіёнах вучацца хутка бегаць на лыжах і дакладна страляць зь вінтовак, як яны імкнуцца атрымаць кубкі і мэдалі з рук славутай Домрачавай, як шмат увагі дзяржава надае разьвіцьцю спорту...
Паназіраўшы на працягу 20 першых хвілінаў такія навіны і ўбачыўшы ў анонсе, што далей у «Панараме» раскажуць пра сьвяткаваньне гадавіны Іранскай рэвалюцыі, я проста пераключыў тэлевізар на іншыя каналы.
На галоўных старонках сайтаў БелТА і «СБ» таксама няма інфармацыі пра здарэньне, хоць у ранішніх навінавых стужках паведамленьні пра трагедыю былі. У першым абзацы артыкулу БелТА галоўная навіна — пра суботнюю перамогу каманды Лукашэнкі ў «Менскай лыжні».
Пра драму ў Стоўпцах паведамлялі замежныя агенцыі, расейскія і ўкраінскія тэлеканалы, Euronews. Тэлеканал RTVI, адштурхоўваючыся ад стаўпецкай трагедыі, у жывым эфіры апытваў сваю аўдыторыю: на каго ў такіх выпадках ускладаецца большая віна — на школу ці на сям’ю. Паведамленьнямі са Стоўпцаў запоўненыя ўсе недзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы ў інтэрнэце....
Ведаю ад знаёмых калегаў зь дзяржаўных СМІ, што і там пра гэта ва ўсіх рэдакцыйных кабінэтах гавораць, абмяркоўваюць; многія журналісты парываюцца ехаць і рабіць са Стоўпцаў рэпартажы... Але каманда ад кіраўніцтва — да асобнага распараджэньня пра гэтыя падзеі не пісаць.
Чаму менавіта такая афіцыйная рэакцыя на драматычную падзею, якая ўзбударажыла ўсё грамадзтва? Мне ня цяжка ўявіць лёгіку чыноўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта (менавіта там, хутчэй за ўсё, прымалі рашэньне пра тое, як будзе асьвятляцца трагедыя). Маўляў, перадвыбарчы год, прапагандысцкая машына павінна ўсімі сіламі ўмацоўваць вобраз Беларусі як краіны для жыцьця, як выспы стабільнасьці і парадку ў акіяне хаосу, а тут... Навошта ўзбуджаць грамадзтва, спараджаць нездаровыя настроі, абсмоктваць жахлівыя падрабязнасьці?
Калісьці, у БССР, журналістам гэтаксама, кіруючыся такой жа лёгікай, загадвалі маўчаць, калі здараліся трагедыі (а яны здараліся). Калі падалі самалёты, калі людзі масава гінулі на пажарах у заводзкіх цэхах, калі цэлыя паселішчы былі апанаваныя страхам перад злачынствамі якога-небудзь сэрыйнага забойцы. А ў савецкіх газэтах і тэлепраграмах тым часам — толькі рэпартажы аб працоўных зьдзяйсьненьнях і шчасьлівым дзяцінстве.
Як пісаў пасьля XXIV зьезду КПСС адзін савецкі грамадзянін, натхнёны жыцьцярадаснымі публікацыямі савецкай прэсы:
Наша Родина прекрасна И цветёт как маков цвет. Окромя явлений счастья, Никаких явлений нет.
Ліст, дарэчы, быў адрасаваны асабіста генэральнаму сакратару ЦК КПСС. Народны вершаскладальнік пісаў, што, хаця «капітальна падарваў сваё здароўе на будоўлях савецкай гаспадаркі», усё роўна, не шкадуючы сябе, аддае «апошнія сілы ўмацаваньню міру на нашай савецкай плянэце» і просіць надрукаваць вершы ў газэце «Правда».
Магчыма, тады, у 60-70-я, гэта яшчэ мела нейкі сэнс, бо былі магчымасьці адрэзаць большасьць грамадзтва ад праўдзівай інфармацыі. Не ва ўсіх былі кароткахвалёвыя прымачы, каб слухаць Свабоду і «Голас Амэрыкі»; не ва ўсіх, хто нават меў такія прымачы, хапала цярпеньня і часу, каб лавіць праўдзівыя навіны праз шум і трэск «глушылак». А які ж сэнс утойваць праўду цяпер?..
Грамадзтва гудзе: драма абмяркоўваецца ўсімі. У шоку ня толькі Стоўпцы — уся Беларусь. А ўлада дагэтуль раздумвае, ці рэагаваць, а калі рэагаваць, то як.
На другія суткі пасьля драмы Аляксандар Лукашэнка ўсё ж перапыніў маўчаньне: робячы чарговыя кадравыя прызначэньні 12 лютага, мімаходзь заўважыў, што «ўсе мы вінаватыя». Але ці такой рэакцыі чакала грамадзтва?
Нават калі чыноўнікі ўрэшце ўсьвядомяць маштаб і значнасьць для беларускага грамадзтва таго, што адбылося, і нават калі яны нарэшце загавораць пра трагедыю, гэта будзе запозьненая рэакцыя. 11 лютага першыя асобы дзяржавы павінны былі быць не на лыжні, а там і з тымі, каму спачувала, разам з кім плакала ўся Беларусь.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.