Александар Лукашэнка, прызначаючы сваіх памочнікаў і кіраўнікоў мясцовых органаў улады, пракамэнтаваў забойствы ў стаўпецкай сярэдняй школе.
Як перадае БелТА, Лукашэнка акрэсьліў праблему дысцыпліны і парадку, зь якой, па яго словах, вынікае ў тым ліку трагічная падзея ў Стоўпцах.
«Я суткі аналізую сытуацыю і рознага кшталту размовы на гэтую тэму: хто вінаваты? Усе мы вінаватыя. І справа ня толькі і ня столькі ў інтэрнэце. У нас у школах бардак, поўны бардак. Ніколі такога не было», — абурыўся Лукашэнка.
«Трэба спытаць з міністра адукацыі»
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што паводле трагедыі ў Стоўпцах трэба спытаць з старшыні райвыканкаму і з міністра адукацыі.
«Трэба на ўсю катушку спытаць перш за ўсё з старшыні райвыканкама. І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе? Школа — сьвятое месца. Як у царкву, трэба ісьці ў школу», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка запатрабаваў зьвярнуць увагу на месцы масавага збору людзей, і перш за ўсё дзяцей. А таксама навесьці парадак у школах да яго вяртаньня з камандзіроўкі з Расеі.
«Жалезная дысцыпліна павінна быць. Нам трэба захаваць тую стабільнасьць, якая сёньня ў краіне ёсьць. Галоўная каштоўнасьць — гэта чалавечае жыцьцё», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.