Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра забойствы ў Стоўпцах: «Тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма»


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

«Шукаючы прычыны падобных трагедый, недастаткова засяроджвацца толькі на сацыяльных прычынах ці сямейных абставінах, у тым ліку на сямейным гвалце, супраць якога Касьцёл быў і застаецца», — напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім звароце з нагоды трагедыі, якая 11 лютага адбылася ў Стоўпцах.

У звароце, які цытуе catholic.by, гаворыцца:

«Тры пакаленьні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцьця — Эвангельля і вучэньня Касьцёлу.

За апошнія тры дзесяцігодзьдзі сытуацыя зьмянілася, але не настолькі, каб максымальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэньню.

На якіх асноватворных прынцыпах выхоўваецца сёньня моладзь, на выхаваньне якой найбольшы ўплыў маюць не сям’я і школа, а інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі? Што там бачаць дзеці? Найчасьцей гвалт, забойствы, алькаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцьця і да т. п.»

Арцыбіскуп зьвярнуўся «да ўсіх людзей добрай волі, грамадзкіх і рэлігійных арганізацый, а таксама да ўладаў нашай Бацькаўшчыны» з заклікам зрабіць «усё магчымае для належнага здаровага выхаваньня маладога пакаленьня на духоўных каштоўнасьцях з мэтай дасягненьня шчасьлівай будучыні нашай краіны».

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG