Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Распрацаваны плян эвакуацыі каралевы на выпадак, калі Brexit будзе «жорсткім»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Вялікабрытаніі распрацаваны плян эвакуацыі каралевы Лізаветы II і іншых членаў каралеўскай сям’і зь Лёндану на выпадак беспарадкаў у брытанскай сталіцы пасьля выхаду з ЭЗ без пагадненьня зь Эўразьвязам — так званага «жорсткага» Brexit.

Палітыкі і камэнтатары называюць «жорсткі» Brexit цалкам рэальным, паколькі менш як за 2 месяцы да вызначанай даты выхаду Брытаніі з ЭЗ — 29 сакавіка — пагадненьне так і ня ўхваленае.

Плян, вытрымкі зь якога публікуюць у нядзелю газэты The Sunday Times і The Mail on Sunday, прадугледжвае эвакуацыю каралевы і яе мужа на «сакрэтнае месца» па-за межамі Лёндану. Падобны плян, нагадваюць газэты, распрацоўваўся ў гады Халоднай вайны на выпадак ядзернага нападу з боку СССР.

Раней стала вядома, што брытанскія ўлады ў выпадку «жорсткага» Brexit гатовыя прыцягнуць да аховы грамадзкага парадку некалькі тысяч вайскоўцаў. Асаблівыя асьцярогі выклікае сытуацыя ў Паўночнай Ірляндыі.

Брытанскі парлямэнт даручыў прэмʼеру Тэрэзе Мэй дамагчыся зьменаў ва ўзгоднены раней дагавор аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ, у прыватнасьці ў пытаньні аб гарантыях захаваньня «празрыстасьці» мяжы паміж Ірляндыяй і Паўночнай Ірляндыяй. Тэрмін заканчваецца 13 лютага. У ЭЗ раней заявілі, што мяняць тэкст пагадненьня ня будуць. Бяз гэтых зьмен, аднак, брытанскі парлямэнт не гатовы галасаваць за дакумэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG