Грамадзяніна Беларусі Сяргея Кунцэвіча 12 сьнежня мінулага году асудзілі ў Казахстане на 17 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай установе «максымальнай бясьпекі» за незаконны продаж нафты ў Кіргізстан пад выглядам нафтапрадуктаў.
Сваякі не пагадзіліся з прысудам і шукаюць падтрымкі ў беларускіх дыпляматаў. Гісторыю Кунцэвіча пераказаў Tut.by, апэляцыйнае паседжаньне суду прызначылі на 29 студзеня.
Сяргей Кунцэвіч зьехаў зь Беларусі ў Казахстан больш як 10 гадоў таму, калі яму было 35. Да затрыманьня ён працаваў намесьнікам дырэктара казахстанскай кампаніі Inter Oil Export.
У сьнежні 2016-га яго запрасілі ў якасьці сьведкі даць паказаньні ў справе злачыннай групоўкі «Чатыры браты», якую падазравалі ў крадзяжы нафты. Пазьней затрымалі і самога Кунцэвіча: западозрылі, што ён дапамагаў прадаваць скрадзеную нафту. Мужчына не прызнаў віны, падкрэсьліваў, што не хаваўся ад правасудзьдзя і сам прыйшоў, каб ва ўсім разабрацца.
Паводле сьледзтва, нафта зь некалькіх казахскіх радовішчаў незаконна пастаўлялася ў Кіргізстан на кітайскі завод Zhongda China Petrol Company. Нафту нібыта пастаўлялі для перапрацоўкі на заводзе ў Актобэ, а на самой справе вывозілі чыгункай пад выглядам нафтапрадуктаў, за што плацілі меншыя мыты, чым за нафту. Аб’ёмы паставак з траўня па сьнежань 2016 году ацанілі ў 13 тысяч тон нафты на 3,7 млн даляраў.
Справы Кунцэвіча і работнікаў нафтаперапрацоўчага заводу Актобэ (саўладальніка, гадоўнага тэхноляга і начальніка аддзелу лягістыкі) пазьней вылучылі ў асобную справу, «аб’ядналі» ў міжнародную злачынную групоўку, Кунцэвіча назвалі адным з двух стваральнікаў і лідэраў групоўкі (другому, дырэктару НПЗ, прысудзілі 19 гадоў турмы).
Адвакаты ў судзе даказвалі з удзелам экспэртаў нафтавай галіны, што транспартавалася не сырая нафта, а менавіта нафтапрадукты: лёгкія і цяжкія фракцыі, але не сярэднія (газойль і газа), і нафты безь сярэдніх фракцыяў не існуе ў прыродзе. Таксама адвакаты зьвярталі ўвагу, што ў вывазе сырой нафты не было эканамічнага сэнсу з улікам цэнаў пакупкі, мытаў і іншых фактараў. Акрамя таго, у час суду некаторыя ўдзельнікі працэсу заяўлялі пра ціск з боку сілавікоў.
Сваякі Кунцэвіча не зьвярталіся па дапамогу ў амбасаду Беларусі ў Казахстане да прысуду, бо спадзяваліся на рашэньне на карысьць абвінавачанага. Пасьля прысуду ўсё ж вырашылі зьвярнуцца ў амбасаду, Міністэрства замежных справаў і Адміністрацыю прэзыдэнта.
Брат абвінавачанага Ігар Кунцэвіч атрымаў адказ: Генэральная пракуратура будзе вывучаць справу. Ён называе справу супраць брата «абсалютна замоўленай». Сьцьвярджае, што брату прапаноўвалі зьменшыць пакараньне за паказаньні супраць дырэктара заводу, ды той не пагадзіўся. Таксама зьдзіўляецца, што чальцы злачыннай групоўкі «Чатыры браты» атрымалі меншыя тэрміны: ад 3 да 12 гадоў турмы.