Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У СІЗА прасілі згаліць бараду». Зь Беларусі выслалі былога таджыцкага футбаліста. ФОТА


Парвіз Турсунаў перад вылетам зь Беларусі
Парвіз Турсунаў перад вылетам зь Беларусі

Парвіз Турсунаў прасіў у беларускіх уладаў палітычнага прытулку. Ён перакананы, што на радзіме можа трапіць пад суд.

43-гадовага грамадзяніна Таджыкістану Парвіза Турсунава затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце 18 верасьня 2018 году. У Менск ён прыляцеў разам зь сямʼёй з Украіны, зьбіраўся даехаць на цягніку да Берасьця, потым прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Прычынай затрыманьня беларускія праваахоўнікі назвалі тое, што Турсунаў у міжнародным вышуку СНД па запыце таджыцкіх уладаў.

Турсунава зьмясьцілі пад варту, больш за два месяцы ён правёў спачатку ў СІЗА на Валадарцы, потым у ізалятары на Акрэсьціна. За гэты час Таджыкістан накіраваў у Беларусь запыт на дэпартацыю, а сам Турсунаў, у сваю чаргу, папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку. Урэшце пракуратура палічыла, што прычын перадаваць былога футбаліста Таджыкістану няма. 28 лістапада Парвіза Турсунава выслалі зь Беларусі ў Кіеў, адкуль ён прыляцеў у Менск больш за два месяцы таму.

«У мяне няма прэтэнзій да беларускіх уладаў, — сказаў Парвіз Турсунаў Свабодзе перад вылетам. — Яны дзейнічалі згодна зь міжнароднымі дамоўленасьцямі па лініі СНД. Калі я ляцеў у Беларусь, то ня ведаў, што я ў вышуку па лініі СНД. Ведаў толькі, што Інтэрпол мяне не шукае. Чаму мяне беларускія ўлады ня выдалі Таджыкістану? Як мне патлумачылі, для гэтага не аказалася падставаў. Таму мяне вызвалілі і высылаюць у краіну, адкуль я прыляцеў у Беларусь. Да вас я цяпер больш не змагу прыехаць, мне паставілі забарону наведваць Беларусь на 10 гадоў».

Першыя 40 дзён у Беларусі Парвіз Турсунаў правёў у СІЗА на вуліцы Валадарскага, затым яго перавялі на Акрэсьціна. Ад заяўкі на атрыманьне палітычнага прытулку ў Беларусі Парвіз адмовіўся, цяпер зьбіраецца падаць дакумэнты на атрыманьне прытулку ва Ўкраіне.

«У Беларусі да мяне нармальна паставіліся, — сказаў Турсунаў Свабодзе. — І ў СІЗА не было праблем, і ў ізалятары. Адзінае, у СІЗА ўзьніклі пытаньні да маёй барады. Мяне прасілі яе згаліць. Але ў выніку пагадзіліся, каб я толькі падкараціў яе. Да маёй рэлігійнасьці таксама ня ўзьнікла пытаньняў (Турсунаў называе сябе салафітам — прыхільнікам салафіі, аднаго з кірункаў у ісламе. — РС). Сукамэрнікі нават падыходзілі, цікавіліся. Салафіты ніякія не тэрарысты. Гэта ўлады Таджыкістану называюць нас тэрарыстамі. Але мы ня хочам удзельнічаць у гвалце».

Чаму Парвіза Турсунава абвясьцілі ў міжнародны вышук, няясна. Вядома толькі, што МУС Таджыкістану ў лютым 2018 году распачало ў дачыненьні да яго крымінальную справу па артыкуле аб публічных закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці. У чым канкрэтна гэта выявілася — невядома. Сам Турсунаў кажа, што таксама нічога ня ведае. На радзіме ён ня быў 2011 году, калі перабраўся ў ААЭ.

Парвіз Турсунаў (з барадой) у футбольнай камандзе «Хайр», 2011 год
Парвіз Турсунаў (з барадой) у футбольнай камандзе «Хайр», 2011 год

У мінулым Парвіз Турсунаў быў прафэсійным футбалістам, выступаў у якасьці абаронцы таджыцкай футбольнай каманды «Хайр» з гораду Вахдат. Таджыцкія СМІ паведамлялі ў красавіку 2011 году, што галоўны трэнэр «Хайра» запатрабаваў ад Турсунава згаліць бараду. Прычынай назваў тое, што «праваахоўныя органы ня хочуць бачыць футбаліста на полі з доўгай барадой, як у мулы». Калі Турсунаў адмовіўся згаліць бараду, ён быў адлічаны з каманды і зьехаў з краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG