Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі высылаюць замежнага студэнта, які кінуў пэтарду ў міліцыянтаў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Ленінскі РУУС Менску вырашыў выслаць зь Беларусі студэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага унівэрсытэту (БДЭУ) з Туркмэністану. Студэнт мае права абскардзіць рашэньне ў судзе.

19-гадовы студэнт у навагоднюю ноч кінуў пэтарду на тэрыторыі інтэрнату, калі туды прыехаў нарад міліцыі. Пазьней ён быў аштрафаваны за дробнае хуліганства.

Пра рашэньне аб высылцы студэнта з Туркмэністану паведаміла на сайце Менскай гарадзкой міліцыі афіцыйная прадстаўніца Ленінскага РУУС Тацяна Кавалёва.

22 студзеня ў інтэрнаце БДЭУ прайшоў сход з удзелам замежных студэнтаў, прадстаўнікоў навучальнай установы, міліцыі Ленінскага РУУС і ўправы па грамадзянстве і міграцыі сталічнай міліцыі. На сходзе было агучанае рашэньне аб высылцы студэнта і забароне яму цягам 3 гадоў наведваць Беларусь.

«Замежнік можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб. Крайняя мера ў выглядзе высылкі з краіны замежнага грамадзяніна прадугледжвае наяўнасьць і іншых фактараў, аналізуецца асоба замежніка, які зьдзейсьніў правапарушэньне, і абставіны, якія падштурхнулі яго на гэта», — гаворыцца ў паведамленьні прадстаўніка Ленінскага РУУС Менску Тацяны Кавалёвай, якая спаслалася на закон «Аб прававым статусе замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь».

Паводле закону, асоба, якую міліцыя вырашыла выслаць з краіны, можа праз суд абскардзіць гэтае рашэньне. Ці будзе замежны студэнт БДЭУ абскарджваць рашэньне аб высылцы, невядома.

Туркменскія студэнты ў Менску, да якіх дазваніўся карэспандэнт Свабоды, адмовіліся размаўляць на гэтую тэму.

На момант публікацыі нам не ўдалося атрымаць камэнтар у амбасадзе Туркмэністану ў Беларусі.

Калі рашэньне аб высылцы ня будзе абскарджанае ў судзе, не пазьней за месяц студэнт з Туркмэністрану мусіць пакінуць Беларусь.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту ў Беларусі навучаецца каля 8 тысяч студэнтаў з Туркмэністану. Гэта палова ўсіх замежных студэнтаў, якія атрымліваць у Беларусі вышэйшую адукацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG