Пасьля акцыі памяці Міхася Жызьнеўскага каля ўкраінскай амбасады ў Менску 22 студзеня затрымалі старшыню «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча і актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Вольгу Мікалайчык. На наступны дзень іхныя справы разгледзелі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.
Вольгу Мікалайчык аштрафавалі на 40 базавых велічыняў (1020 рублёў), Дзяніса Ўрбановіча — на 50 базавых (1275 рублёў).
Як Мікалайчык заявіла Свабодзе, затрыманьне на памінальнай сустрэчы мае палітычную афарбоўку — гэта, кажа яна, не было пікетам. Сьведкі на працэсе, кажа яна, «несьлі лухту, што мы крычалі, што гэта быў пікет».
«І тое, што за намі пасьля паўгадзіны па горадзе хадзілі, машына езьдзіла, што мы іх «выгульвалі», гэта проста брыдка, — кажа Мікалайчык пра праваахоўнікаў, якія праводзілі затрыманьне. — Неяк гэта непрыгожа выглядае: на дзень жалобы затрымаць людзей, закінуць іх за краты, даць такія шалёныя штрафы…
Улада зноў прадэманстравала бесчалавечнае стаўленьне да тых, хто шануе гераічных беларусаў, нацыянальную памяць. Іх вельмі моцна раздражняе, калі мы здольныя памятаць».