Папулярны часопіс тэхналёгіяў і культуры заўтрашняга дня Wired хоць і нячаста, але таксама часам піша пра коцікаў. Што хаваецца ў глыбінях кашэчай псыхалёгіі? Як кот бачыць сьвет вакол сябе і свайго гаспадара?
Найперш, вы мусіце ўсьведаміць, што ўваччу ката вы — вялізная непрадказальная малпа, зь якой яму даводзіцца жыць. І калі вы караеце свайго ката за тое, што ён робіць натуральныя для яго рэчы — драпае мэблю або лазіць па фіранках — ён рэагуе на гэта з жахам, ня ведаючы, чаму гэтая малпа без прычыны нападае на яго.
Так лічыць Тоні Бафінгтан, дасьледчык-вэтэрынар ва Ўнівэрсытэце штату Агаё, кашэчы псыхоляг, які падзяліўся з чытачамі Wired парадамі, як ідэальна паводзіць сябе ў кантакце з вашым варкотам.
Калі хочаце, каб вашы адносіны з катом былі гарманічныя і бясхмарныя, вам недастаткова карміць яго, прыбіраць пасьля яго і лашчыць яго. Вам яшчэ трэба навучыцца слухаць і разумець, чаго хоча ваш кот.
Рэзюмуем гэтыя парады ў некалькіх пунктах:
- Калі ваш кот драпае канапу («вострыць кіпцюры»), вам ня варта крычаць на яго, паліваць яго вадою або кідаць у яго падушкай. Кату ня прыйдзе ў галаву зьвязаць такую адмоўную рэакцыю са сваімі паводзінамі. Калі вы такім чынам зрэагуеце на яго драпаньне, кот убачыць у вас «адно звар’яцелую малпу, якая накінулася на яго без прычыны», кажа Бафінгтан. Лепш стварыць кату больш прывабную альтэрнатыву — паставіць адмысловую драпалку, нацертую кацінай мятай.
- Ня стаўце місачкі з кацінай ежай або кацінага туалету блізка да лядоўні ці пасудамыйнай машыны. Іхныя гукі нагадваюць кату хутчэй рыканьне монстра, чым ствараюць спакойны фон для таго, каб падсілкавацца ці справіць патрэбу.
- Пакіньце ў спакоі каціны жывоцік. Калі кот кладзецца каля вас на сьпіну, адкрываючы свой жывот, гэта ня значыць, што ён запрашае вас, каб вы яго палашчылі. Калі вы паспрабуеце лашчыць яму жывот, кот хутчэй за ўсё паспрабуе вас укусіць. Жывот — найбольш уразьлівая частка кацінага цела, і адкрываючы яго, кот дае вам зразумець, што ён вам давярае, а не намякае на тое, што патрабуе ласкі.
- Калі хочаце арганізаваць свайму кату таварыша — іншага ката, пастарайцеся рабіць гэта асьцярожна, без перабораў. Калі каты ня хочуць таварышаваць, не прымушайце іх трымаць кампанію. Пачніце ад выціраньня аднаго і другога ката адным сухім ручніком, каб яны прызвычаіліся да сваіх пахаў.
- Кот часта жаласьліва мяўкае, калі ўладальнік выходзіць з дому і пакідае яго аднаго. Каб зьмякчыць жорсткасьць такога расстаньня, варта, раіць Тоні Бафінгтан, стварыць невялікі рытуал, зьвязаны з выхадам і вяртаньнем. «Перад тым як сысьці, вы можаце паклікаць ката, палашчыць яго і даць яму зразумець, што вы кажаце яму да пабачэньня. І варта мець падобны рытуал пры вяртаньні дадому», — кажа Бафінгтан.