Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прапанаваў кампраміс для спыненьня «шатдаўна»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваім суботнім тэлезвароце прапанаваў дэмакратам кампраміснае рашэньне міграцыйных пытаньняў для магчымага выхаду з «шатдаўна», які працягваецца ў ЗША з 22 сьнежня.

Ён абяцае аказаць падтрымку дзецям нелегальных мігрантаў у абмен на фінансаваньне будаўніцтва сьцяны на мяжы, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт Трамп заявіў, што іміграцыйная сыстэма краіны не працуе ўжо дзесяцігодзьдзі. Гэта прыводзіць да гуманітарнага крызісу на мяжы ЗША з Мэксікай, лічыць прэзыдэнт.

Адсутнасьць бясьпекі межаў, па словах кіраўніка Белага дома, спрыяе кантрабандзе, наркатрафіку, росту злачыннасьці.

Трамп сказаў, што ён вітае мігрантаў і новых грамадзян Злучаных Штатаў, але выступае за легальную міграцыю.

Сярод іншага, прэзыдэнт прапануе на тры гады падоўжыць дзеяньне праграмы DACA, якая абараняе дзяцей нелегальных мігрантаў ад дэпартацыі з ЗША.

Адміністрацыя Абамы заснавала Фэдэральную праграму «Адкладзеныя меры ў дачыненьні да дзяцей-мігрантаў» (DACA) у 2012 годзе. Яна абараняла дзяцей нелегальных мігрантаў, прывезеных у ЗША ва ўзросьце да 16 гадоў, ад высылкі з краіны, давала ім законны міграцыйны статус і дазваляла атрымаць дазвол на працу.

У жніўні 2018 гадоў у праграме ўдзельнічалі амаль 700 тысяч чалавек.

Дональд Трамп у верасьні 2017 года падпісаў указ аб адмене дзеяньня DACA.

Прэзыдэнт ЗША таксама паўтарыў, што ён настойвае на павелічэньні выдаткаў на ахову мяжы. Ён па-ранейшаму патрабуе, каб кангрэс вылучыў як 5,7 млрд даляраў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксікай. Гэтых грошай хопіць на 370 км. Агульная працягласьць мяжы ЗША з Мэксікай — 3145 км.

Раней у суботу сьпікер Палаты прадстаўнікоў, адзін з лідэраў Дэмакратычнай партыі Нэнсі Пэлосі адмоўна паставілася да папярэдне агучанай у прэсе прапановы Трампа. Яна назвала яго ініцыятыву «непрымальнай».

Паводле Reuters, у заяве Пэлосі, гаварылася, што прэзыдэнцкі плян «не прынясе людзям упэўненасьці» у заўтрашнім дні. Сьпікер лічыць, што ініцыятыва Трампа не атрымае ўхвалы ў абедзьвюх палатах Кангрэса.

«Шатдаўн» амэрыканскага ўраду працягваецца ад 22 сьнежня 2018 году. Праз адсутнасьць згоды паміж Дональдам Трампам і Дэмакратычнай партыяй, якая мае большасьць галасоў у Палаце прадстаўнікоў, спыненае фінансаваньне фэдэральным агенцтвам ЗША.

Прэзыдэнт ЗША адмаўляецца прыняць бюджэт, пакуль дэмакраты не пагодзяцца выдзеліць сродкі на будаўніцтва сьцяны ля межаў ЗША зь Мэксыкай.

11 студзеня больш як 800 тысяч фэдэральных работнікаў не атрымалі заробкі, якія ім павінны былі выплаціць у той дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG