У 2019 годзе Чарльз Кушнер, бацька зяця прэзыдэнта ЗША, плянуе наведаць Наваградак. Ці прыедуць разам зь ім ягоны сын Джарэд з жонкай Іванкай Трамп, пакуль невядома.
Рэпартаж Сержа Харытонава для «Настоящего времени»
Наваградак — райцэнтр на захадзе Беларусі зь насельніцтвам, меншым за 30 тысяч чалавек. Калісьці ён быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, а ў ХХ стагодзьдзі падчас Другой усясьветнай вайны ўвайшоў у гісторыю Галакосту сьмелымі ўцёкамі з габрэйскага гета.
Уцёкі арганізавала бабка Джарэда Кушнера, цяперашняга дарадцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і ягонага зяця.
У 1941 годзе недалёка ад старажытнага замку акупацыйныя сілы арганізавалі гета для мясцовых габрэяў, куды трапіла і сям’я Райкі Кушнер. Тады ёй было 16 гадоў, у гета апынулася ўся сямʼя Кушнераў. Нацысты расстралялі яе маці, але Рая з братам здолелі ўцячы.
Разам зь іншымі вязьнямі яны за пяць месяцаў пракапалі тунэль даўжынёй 200 мэтраў, а затым, у верасьні 1943 году, вывелі праз яго на волю каля 250 людзей. Райка далучылася да партызанаў і паўтара года жыла ў лясах.
ЗА ГІСТОРЫЯЙ СВАЯКОЎ ДОНАЛЬДА ТРАМПА — БЕЛАРУСЬ, ЯКУЮ ПАКІНУЛІ ГАБРЭІ
Пасьля вайны Райка Кушнер трапіла ў лягер для ўцекачоў у Чэхаславаччыне, потым пераехала ў Італію. У Вугоршчыне яна выйшла замуж — яе муж Іосіф таксама быў з-пад Наваградку. У 1949 году яны эмігравалі ў Амэрыку і пасяліліся ў Брукліне, нарадзілі чацьвярых дзяцей. Адзін зь іх, Чарльз, стаў потым бацькам Джарэда Кушнера.
Пасьля распаду СССР Чарльз Кушнер прыяжджаў у Наваградак пяць разоў. Ён падтрымаў будаўніцтва сьцяны памяці зь імёнамі ўдзельнікаў уцёкаў. Цаглінкі ў сьцяне сымбалізуюць людзей, якія не змаглі сысьці з гета жывымі. Прахоны, празь якія відаць сьвятло, сымбалізуюць тых, хто, як маці Чарльза Кушнера, вырваліся на волю.
Вядома пра 122 выжылых, 68 загінулых і яшчэ каля 30 чалавек, чый лёс дагэтуль невядомы, расказвае стваральніца Музэю габрэйскага супраціву ў Наваградку Тамара Вяршыцкая. Яна ўжо некалькі гадоў праводзіла экскурсіі для сямʼі бацькі Джарэда Кушнера Чарльза, калі яны наведваюць Наваградак.
Аб прэзыдэнце ЗША ў беларускім горадзе ведаюць значна больш, чым пра сямʼю Кушнер. Жыхары Наваградку ня вельмі любяць Дональда Трампа і раяць яму пераняць досьвед беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
«[Да Амэрыки і амэрыканцаў] стаўлюся як да людзей. Людзі ўсюды аднолькавая. Усё залежыць ад кіраўніцтва. Як наш бацька накіроўвае нас... У нас няма такога, каб мы тую ці іншую нацыю ненавідзелі. Мы ўсіх любім, таму што ўсе людзі», — кажа мясцовая жыхарка.
Амэрыканскі мільярдэр Чарльз Кушнер кожнага са сваіх унукаў перад паўналецьцем прывозіць у Наваградак.
Наступным раз Чарльз Кушнер плянуе наведаць Наваградак у 2019 годзе. Ці прыедуць разам зь ім сын Джарэд са сваёй жонкай Іванкай Трамп, пакуль невядома.
За апошнія 25 гадоў у Беларусь не прыяжджаў ніводзін высокапастаўлены службовец Белага дому. Апошнім такім госьцем быў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан — ён наведаў Беларусь у студзені 1994 году. Гэта было яшчэ да прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, а Джарэду Кушнеру за пяць дзён да таго візыту споўнілася 13 гадоў.
Серж Харытонаў, тэлеканал Настоящее время