У Менску прайшоў сход ініцыятыўнай групы стварэньня арганізацыйнага камітэту для ўсталяваньня помніка беларусам – Праведнікам народаў сьвету, якія ратавалі габрэяў падчас Галакосту.
У Другую сусьветную вайну ў Беларусі загінула больш за 800 тысяч габрэяў (ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў Эўропы). Выжыла каля 30 тысяч, у большасьці выпадкаў дзякуючы неабыякавасьці людзей, якія ратавалі іншых, рызыкуючы сваім жыцьцём.
Па колькасьці Праведнікаў народаў сьвету Беларусь займае восьмае месца ў сьвеце. Паводле зьвестак на пачатак году гэтае званьне атрымалі больш за 900 чалавек (42 зь іх жывыя).
Аднак дагэтуль няма помніка, які б засьведчыў гераізм і ахвярнасьць жыхароў Беларусі. Дзеля гэтага створана ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы, Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і суполак, Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, Беларускага саюзу мастакоў і Беларускага саюзу дызайнэраў.
Удзельнікі сходу пагадзіліся, што ўшанаваньне памяці мае быць супольным клопатам грамадзкасьці і дзяржавы. Ініцыятыўная група заклікала непалітычныя арганізацыі і ініцыятывы далучыцца да арганізацыйнага камітэту ўшанаваньня памяці Праведнікаў народаў сьвету зь Беларусі.
Падаць заяўку на ўваходжаньне ў аргкамітэт можна да 28 лістапада, запоўніўшы анкету. Да моманту выбраньня старшыні працу ініцыятыўнай групы каардынуе дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім.
Праведнікі народаў сьвету — гэта негабрэі, якія ў гады Другой сусьветнай вайны ратавалі габрэяў ад сьмерці падчас Галакосту. Ганаровае званьне прысуджаецца Ізраільскім інстытутам Катастрофы і гераізму Нацыянальнага мэмарыялу Яд ва-Шэм. Узнагароджаныя атрымліваюць ганаровы дыплём і імянны мэдаль з надпісам «Той, хто выратаваў адну душу, выратаваў цэлы сьвет».