Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьмерць дваіх дзяцей на закінутай будоўлі пакаралі архітэктара


Недабудаваны дом, дзе гулялі дзеці. Архіўнае фота Сьледчага камітэту (2017 год)
Недабудаваны дом, дзе гулялі дзеці. Архіўнае фота Сьледчага камітэту (2017 год)

Былы галоўны архітэктар Магілёва Аляксандар Церашкоў прызнаны вінаватым у службовай нядбайнасьці, якая празь неасьцярожнасьць прывяла да сьмерці двух непаўналетніх.

Церашкова пакаралі 2,5 гадамі абежаваньня волі ў калёніі-пасяленьні.

Церашкоў на 5 год пазбаўлены права займаць кіраўнічыя і арганізацыйна-разьмеркавальныя пасады.

Пасьля агучваньня выраку Церашкоў сказаў журналістам, што будзе абскарджваць яго, бо лічыць сябе невінаватым. На пытаньне, каго ён лічыць вінаватым, адказаў: «Зарана рабіць высновы».

Суд таксама абавязаў Магілёўскі гарвыканкам выплаціць бацькам загінулых дзяцей кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 80 тысяч рублёў (па 40 тысяч кожнаму). Пацярпелыя выставілі пазоў гарвыканкаму, бо падсудны працаваў у ім.

Крымінальную справу супраць Аляксандра Церашкова разглядаў Ленінскі раённы суд пад старшынствам судзьдзі Сяргея Мазурава ад 27 жніўня.

Сам Церашкоў сваёй віны не прызнаў і будзе абскарджваць вырак. Прэтэнзіі пацярпелых да гарвыканкаму начальнік яго юрыдычнага аддзелу Натальля Жукава заклікала суд не задавальняць, паколькі, як яна сказала, «сіламі аднаго спэцыяліста ўпраўленьня архітэктуры кантраляваць усе выпадкі самавольнага будаўніцтва немагчыма».

Што здарылася

1 лістапада 2017 году на двух хлопчыкаў, 9 і 10 гадоў, абрынулася бэтонная пліта недабудаванага дома на Загараднай шашы ў Магілёве. Дзеці гулялі ў гэтым будынку. Адзін з хлопчыкаў загінуў на месцы, другі памёр праз 13 дзён у бальніцы.

Прыватны дом належала зьнесьці, бо ўзводзіўся ён з парушэньнем заканадаўства. Ад 2000 году яго будавалі на пляцоўцы, якая трапляе ў межы паркавай зоны. Ад 2010 году ўладальнік дома работы спыніў, але бурыць узьведзенае ня стаў. Сем гадоў будынак руйнаваўся. За паўгода да трагедыі ў ім абваліліся дзьве пліты перакрыцьця, але гэта ня стала сыгналам для тэрміновага зносу.

Згодна з высновамі камісійнай будаўніча-тэхнічнай экспэртызы, прычынаю абвальваньня пліты стала працяглае ўзьдзеяньне атмасфэрнай вільгаці на будаўнічыя канструкцыі.

Першы ўладальнік дома зьехаў у Расею і прадаў недабудаванае іншаму жыхару Магілёва. Той выклаў сьцены з сылікатных блёкаў і паклаў бэтонныя перакрыцьці. Будоўлю спыніў, атрымаўшы ліст з адпаведным патрабаваньнем. Зносіць не спрабаваў.

У чым вінавацяць былога чыноўніка

Аляксандар Церашкоў працаваў ва ўпраўленьні архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму ад 2007 да 2015 году: займаў пасады галоўнага спэцыяліста, намесьніка начальніка і начальніка ўпраўленьня. Паводле сьледзтва, выявіўшы факт самавольнага ўзьвядзеньня жылога дома, Церашкоў самаўхіліўся ад ажыцьцяўленьня кантролю за лёсам будынка.

Ігнараваньне чыноўнікам службовых абавязкаў, лічыць сьледзтва, і прывяло да трагедыі. Церашкову выставілі абвінавачваньне паводле 428-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Службовая халатнасьць»). Яму пагражала ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Падчас судовага сьледзтва ён пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Пасьля трагедыі Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць «няпэўнага кола службовых асобаў упраўленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва ды іншых структурных падразьдзяленьняў Магілёўскага гарвыканкаму». У выніку Церашкоў апынуўся на лаве падсудных.

Пазыцыя абвінавачанага

Аляксандар Церашкоў назваў крымінальны перасьлед супраць сябе незаконным. Ён лічыць, што расьсьледаваньне абставінаў трагедыі праведзенае павярхоўна. Былы службовец адзначыў: калі яна адбылася, у гарвыканкаме ён ужо не працаваў.

Пра сытуацыю зь недабудаваным домам на Загараднай шашы, 31 Церашкоў ведаў. Двойчы там бываў. У 2010 годзе падрыхтаваў прадпісаньне для прыпыненьня недазволенага будаўніцтва. Пазьней даведаўся, што Камітэт дзяржаўнага кантролю назваў узьвядзеньне гэтага дома незаконным.

Церашкоў не пагадзіўся з высновамі сьледзтва, што зь ягонай ініцыятывы гарвыканкам зьняў з кантролю пытаньне зь недабудаваным домам. Ён настойваў: у мяне не было такіх паўнамоцтваў. Такое рашэньне, паводле абвінавачанага, меўся прапанаваць кіраўніцтву гарадзкой улады начальнік аддзелу архітэктуры. За час яго працы іх зьмянілася чатыры.

Церашкоў даводзіў, што адказнасьць за нерухомасьць мае несьці ўладальнік. Недабудаваны ж дом быў аформлены на жанчыну, якая неафіцыйна яго прадала і памерла. Новага гаспадара адшукалі і высьветлілі, што пра стан дома ён ведаў.

Пацярпелыя

Пацярпелымі прызнаныя бацькі загінулых на будоўлі хлопчыкаў Максіма і Дзяніса, а таксама Арцём, які не пайшоў зь сябрамі гуляць у недабудаваны дом. Трагедыя здарылася на ягоных вачах, і ён першым паведаміў пра яе дарослым. Дзеці пайшлі гуляць, калі бацькоў не было дома. Пліта на іх абрынулася, калі яны вылазілі праз акно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG