Леанід Судаленка стаў першым беларускім праваабаронцам, які атрымаў францускую прэмію «Свабода-Роўнасьць-Братэрства». 10 сьнежня адвакат «дармаедаў» будзе на цырымоніі ўзнагароджаньня ў Парыжы. Прэмію ён атрымае ад міністра юстыцыі Францыі. Пасьля вяртаньня на Радзіму праваабаронцу чакае прыём у францускага амбасадара.
6 сьнежня, пасьля атрыманьня зьвесткі з Парыжу, Леанід Судаленка своеасабліва адсьвяткаваў прэмію. Зранку прыняў людзей, якія шукалі юрыдычнай дапамогі. Пасьля абеду ўдзельнічаў у судзе, дзе абараняў былых працаўніц Гомельскага лікёра-гарэлачнага заводу, якіх прадпрыемства, абвінавачвае ў недастачы.
З такіх справаў складаюцца дні праваабаронцы. Рабочаму адарвала руку на прадпрыемстве, і кіраўніцтва адмовілася аплаціць шкоду. Іншы праз вытворчую траўму зрабіўся інвалідам — заводу няма справы да гэтага. Наймальнік робіць адказнымі за сотні тысячаў рублёў недастачы прадаўшчыц ці кладаўшчыц. Чалавеку несправядліва налічылі пэнсію, звольнілі з працы, парушылі правы. Ідуць да «народнага адваката».
«Зараз прыходзяць па дапамогу цэлымі заводамі»
«Раней людзі прыходзілі індывідуальна, а зараз пайшлі цэлымі заводамі, — жартуе праваабаронца. — Малочны завод "Мілкавіта" спрабаваў спагнаць сотні тысяч за малако, якое недзе падзелася, з рабацяг. Адбіліся праз суд. Кіраўніцтва тлушчавага камбінату знайшло крайніх у недастачы, тыя прыйшлі да нас па абарону. Зараз Гомельскі гарэлачны завод "шукае" 47 тысяч бутэлек гарэлкі, якія недзе зьніклі. Мяркуюць, што іх кладаўшчыцы і грузчыкі мабыць, выпілі».
Займаўся Леанід Судаленка і гучнай справай «француза з патронам» Жалана Віё. Праваабаронца прааналізаваў умовы яго ўтрыманьня, парушэньні з боку беларускіх уладаў, падрыхтаваў праваабарончы даклад, сачыў за судовым працэсам.
За мяжой — у пашане, для ўлады — вораг
За 18 гадоў працы Леанід Судаленка мае безьліч перамог у беларускіх судах і Камітэце ААН па правах чалавека. Кожная трэцяя скарга з Беларусі ў КПЧ падрыхтаваная гомельскім праваабаронцам. Яго праца прызнаная і заўважаная на міжнародным узроўні. У Беларусі юрысту ўдзячныя многія людзі, якім ён дапамог дабіцца справядлівасьці ў судах. Улада таксама заўважае працу Леаніда Судаленкі. Рэагуе па-свойму — ціскам праз падатковую, падазрэньнямі ў злачынствах, вобшукамі, пагрозамі.
«Калі афіцыйная ўлада не павіншавала з Нобэлеўскай прэміяй Святлану Алексіевіч, то пра што гаварыць? Прызнаньне беларускай улады мне не патрэбнае», — зазначыў праваабаронца ў камэнтары Свабодзе.
«Прэмія даецца праваабаронцам, якія працуюць у агрэсіўным асяродку»
Прэмія «Свабода-Роўнасьць-Братэрства» заснаваная ў 1988 годзе. Яна прысуджаецца штогод Францускай Рэспублікай асобным людзям ці арганізацыям за ўнёсак у абарону правоў чалавека. З постсавецкай прасторы прэмію атрымлівалі праваабаронцы з Чачні і Таджыкістану. Яе ляўрэатамі станавіліся асобныя людзі і арганізацыі з краін, дзе правы чалавека знаходзяцца ў крытычным стане.
«Прэмію давалі праваабаронцам з такіх краін, дзе яшчэ розгі прымяняюць як пакараньне для чалавека. Напэўна, праваабаронца зь Нямеччыны не атрымае гэтую прэмію. Бо ва ўмовах атрыманьня ўзнагароды — ня толькі пасьпяховая праваабарончая дзейнасьць, але і праца ў агрэсіўным асяродку, які ўяўляе пагрозу», — патлумачыў Леанід Судаленка.
«Я чалавек, а не Тэрмінатар»
Агрэсіўны асяродак яго дзейнасьці — нападкі і ціск, інсьпіраваныя ўладамі праз падатковую, няўцямныя падазрэньні на зьдзяйсьненьне злачынстваў. Міліцыя падазравала праваабаронцу ў распаўсюджваньні парнаграфіі, памежныя органы здымалі зь цягніка з прымяненьнем фізычнай сілы. Удалося давесьці сваю рацыю.
Пасьля выбарчых кампаній праваабаронцу чакалі вобшукі на працы і дома. За тое, што абараняў «дармаедаў» узімку 2017 году — прайшоў праз суд па адміністрацыйным артыкуле. Абараняў правы Аляксандра Грунова, прысуджанага да расстрэлу, і яго маці — атрымаў пагрозы. «Ці будзеш ты абараняць забойцаў свайго сына, калі яго знойдуць з сотняй раненьняў пад пад’ездам?», — пісалі Леаніду Судаленку «добразычліўцы». Яму дасылалі відэа з месца забойства Барыса Нямцова з прыпіскай «Ну як табе? Падабаецца?»
«Здароўя гэта не дадае. Я ж чалавек з плоці і крыві, а не Тэрмінатар. Тым ня менш, нягледзячы на ўсе небясьпекі, я працую ўжо амаль дваццаць гадоў праваабаронцам. Наша праца — бо я не адзін, носіць сыстэматычны характар. Гэта прэмія ня толькі для мяне — для ўсіх маіх беларускіх калег», — кажа Леанід Судаленка.
Асаблівую пашану ён мае да Барыса Звозскага, імя якога зараз носіць Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні. «Я прысьвячаю гэтую прэмію Барысу — майму сябру і настаўніку. Мы 15 гадоў былі знаёмыя. Да сустрэчы зь ім я быў юрыстам, пасьля — праваабаронцам. Дзякуючы яму атрымаў неабходныя веды», — падкрэсьліў праваабаронца.
Што Судаленка скажа ў Парыжы?
«Скажу, што правы чалавека — гэта ня тое, што мы павінны прасіць у дзяржавы, а тое, што належыць нам ад нараджэньня. Я буду заклікаць разам абараняць правы кожнага. І тады наша грамадзтва будзе больш добрым, талерантным, без агрэсіі, гвалту, канфліктаў — калі мы будзем паважаць адзін аднаго. Гэта важнае», — патлумачыў суразмоўца.
Беларускіх праваабаронцаў Леанід Судаленка называе «вартавымі сабакамі». «Колькі б дзяржава не парушала правы чалавека — мы будзем нястомна пра гэта казаць на ўсіх узроўнях, "гаўкаць". Скаргі ў Камітэт ААН рыхтуюцца індывідуальныя. Але ў сваіх рашэньнях Камітэт піша беларускім уладам, каб прывялі нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць з міжнародным — у галіне мірных сходаў, праве на асацыяцыі», — кажа праваабаронца.
-
Чым ён ганарыцца?
- Дапамогай бацькам загінуўшай на ўборцы бульбы Вікі Папчэні з Маладзечанскага раёна. Леанід Судаленка дапамог сямʼі школьніцы на ўсіх этапах судоў, у тым ліку дабіўся спагнаньня маральнай шкоды. Зараз справу Вікі Папчэні будзе разглядаць Камітэт ААН па правах чалавека. «Мне казалі — я спэкулюю на гэтай трагедыі. Гэта ня так — я дапамагаў не толькі бацькам Вікі, але і ўсім, чыіх дзяцей замест заняткаў у школе гоняць на ўборку бульбы. І калі рашэньне Камітэту ААН будзе вісець у кожнай школе — дзяцей перастануць вазіць на прымусовыя працы», — пракамэнтаваў праваабаронца.
- Справай «Гены з лесапілкі». Жыхару Рэчыцы Генадзю Літвінаву на прадпрыемстве адарвала пальцы. Наймальнік адмовіўся прызнаваць работніка «сваім», як і прызнаваць траўму вытворчай. Некалькі судовых працэсаў, у якіх удзельнічаў як прадстаўнік пацярпелага Леанід Судаленка, прывялі да прызнаньня рацыі за былым работнікам і спагнаньня маральнай шкоды з прадпрыемства.
- Справай рабочага з хімзаводу Аляксандра Клімава. Пасьля вытворчай траўмы мужчыну «выкінулі як кацяня» на вуліцу і пакінулі бяз сродкаў для існаваньня. Судовыя працэсы былі складанымі і доўгімі. Каб дабіцца справядлівасьці, спатрэбілася чатыры гады. Увесь час былому рабочаму юрыдычна дапамагаў Леанід Судаленка. У выніку Аляксандр Клімаў атрымаў страхавыя выплаты.
- Справамі ў Камітэце ААН па правах чалавека. У 2008 годзе з дапамогай Леаніда Судаленкі Камітэт упершыню прызнаў дыскрымінацыю па палітычных матывах у дачыненьні Аляксандра Мілінкевіча і Віктара Карнеенкі. Ад свайго імя супраць дзяржавы праваабаронца падаваў дзесяць скаргаў. Па ўсіх Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў: дзяржава парушыла правы Леаніда Судаленкі на мірныя сходы, свабоду асацыяцый, права выбіраць і быць выбраным.
«Пры новай уладзе я хацеў бы быць адвакатам»
«І сацыяльна-эканамічнымі, і палітычнымі, і грамадзянскімі справамі мы рэфармуем дзяржаву. Некалі ўлада зьменіцца. І пры новай уладзе я хацеў бы быць адвакатам — атрымаць адпаведную ліцэнзію, каб удзельнічаць і ў крымінальных справах. Менавіта для таго, каб абараняць людзей, прымяняючы стандарты правоў чалавека. Зараз я пазбаўлены такой магчымасьці. Мне сказалі, што калі я нават зьмяню прозьвішча — усё роўна не атрымаю ліцэнзію адваката пры сёньняшняй уладзе», — зазначыў Леанід Судаленка.