Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў ня хочуць рэагаваць на скаргі беларусаў у ААН. Такіх ужо 254


Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота
Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота

Сотні беларусаў з канца 1990-х гадоў скардзіліся ў Камітэт правоў чалавека ААН на беларускую дзяржаву, патрабуючы выкананьня ўзятых ёю на сябе абавязаньняў у галіне правоў чалавека. Сярод іншага яны паведамлялі пра катаваньні, парушэньні сваіх правоў на мірныя сходы і распаўсюджваньне інфармацыі, адмову ў стварэньні асацыяцый, парушэньне права на жыцьцё, дыскрымінацыю за палітычныя погляды ды іншае. Які лёс гэтых скаргаў? Як ААН кантралюе выкананьне сваіх рашэньняў па гэтых скаргах? Чаму Беларусь не выконвае рэкамэндацый ААН і ці зьбіраецца выконваць?

Чарговая хваля скаргаў — ад «недармаедаў»

Днямі стала вядома, што 6 актывістаў з Магілёва падалі ў ААН скаргі на беларускія ўлады за перасьлед пасьля акцый пратэсту ўвесну 2017 году. Гэта Алена Крэнь, Канстанцін Чарноў і Алёна Кісель, якіх аштрафавалі за магілёўскі «Марш недармаедаў» 15 сакавіка, а Алёну Кісель да таго ж адлічылі з ВНУ. Яшчэ тры актывісты атрымалі штрафы за ўдзел у Дні Волі, які прайшоў 25 сакавіка ў Менску. Гэта браты Павал і Дзяніс Крайцавы, а таксама Аляксандар Каранкевіч.

Раней паведамлялася пра ўжо зарэгістраваныя скаргі ў ААН ад актывістаў з Гомля Ўладзімера Кацоры і Валера Рапніна: за акцыі «недармаедаў» абодва яны адбылі адміністрацыйныя арышты.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Ужо 37 скаргаў пададзена ў ААН ад „недармаедаў“ з Гомельскага рэгіёну. Прыйдзе час, і ўсе яны „спрацуюць“ — нашай дзяржаве давядзецца несьці за іх адказнасьць», — перакананы праваабаронца з Гомля Леанід Судаленка.

Якая гісторыя скаргаў беларусаў у ААН?

У сьнежні 1992 году, калі Беларусь ратыфікавала дакумэнт аб далучэньні да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, беларусы атрымалі права скардзіцца ў ААН. Але карыстацца гэтым правам яны пачалі толькі з канца 1990-х гадоў. Адной зь першых зарэгістраваных была скарга былога намесьніка старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіла Пастухова на рашэньне Аляксандра Лукашэнкі выключыць яго са складу суду. З таго часу за прыкладам Міхаіла Пастухова пайшлі 390 грамадзян Беларусі. Гэта дадзеныя Леаніда Судаленкі, які шмат гадоў дапамагае людзям афармляць скаргі ў ААН і асабіста датычны больш як да 100 такіх скаргаў. 254 скаргі беларусаў з тых 391, паводле Судаленкі, былі прынятыя ў ААН да разгляду. Апошняй, 254-й, стала скарга журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага, якога шмат разоў штрафавалі за супрацу зь Белсатам.

Што да зарэгістраваных 254 скаргаў, то Судаленка мае такую статыстыку: па 110 зь іх былі прызнаныя парушэньні правоў беларусаў, па 6 скаргах парушэньняў у ААН не знайшлі, яшчэ па 17 скаргах камунікацыі з заяўнікамі спынілася з аб’ектыўных прычын. А астатнія — чакаюць сваёй чаргі на разгляд і канчатковае рашэньне, бо працэдура гэтая доўгая, уваходзіць у яе і камунікацыя зь беларускімі ўладамі. Канчатковы этап працэсу праваабаронца апісаў наступным чынам:

Усяго за год з нашай краіны разглядаюць недзе 10 скаргаў.

«Калі скарга ўжо прайшла камунікацыю, яна чакае сваёй чаргі на разгляд на сэсіі. Цягам году ў Жэнэве, дзе знаходзіцца Камітэт правоў чалавека ААН, адбываецца 3 сэсіі: увесну, улетку і ўвосень. На апошняй сэсіі ад Беларусі было разгледжана 2 скаргі, але бывае па 3-5. Такім чынам, усяго за год з нашай краіны разглядаюць недзе 10 скаргаў. Трэба памятаць, што ў Камітэт правоў чалавека ААН зьвяртаюцца грамадзяне больш як 180 краінаў, таму чарга вялікая. Такім чынам, ад прыняцьця скаргі да канчатковага рашэньня праходзіць 3–4 гады».

Які лёс чакае рашэньне ААН, прынятае на карысьць грамадзяніна Беларусі?

Праваабаронца прывёў асабісты прыклад. 8 разоў Камітэт правоў чалавека ААН прызнаваў Судаленку ахвярай парушэньня ягоных грамадзянскіх і палітычных правоў ды зьвяртаўся да ўраду Беларусі, каб той выправіў сытуацыю. Але выніку ў 7 выпадках не было ніякага, акрамя маральнага задавальненьня і спадзяваньняў на «сьветлую будучыню».

Гэта пытаньне іміджу нашай краіны на міжнародным узроўні.

«Пакуль беларускі ўрад кажа, што рашэньні ААН па гэтых скаргах носяць рэкамэндацыйны характар, што яны нават ня мусяць да іх прыслухоўвацца. Але ўсё роўна гэта пытаньне іміджу нашай краіны на міжнародным узроўні. Спадзяюся, яшчэ пры нашым жыцьці новы дэмакратычны ўрад выканае ўсе гэтыя рашэньні, пачынаючы ад самага першага ў 1999 годзе».

«Толькі аднаго разу беларускія ўлады далі слабіну»

Адна з васьмі скаргаў Леаніда Судаленкі ў ААН, як ён мяркуе, усё ж спрычынілася да пэўнага паляпшэньня беларускага заканадаўства. У 2007 годзе праваабаронца балятаваўся ў Гомельскі абласны Савет дэпутатаў, і гарадзкія ўлады не дазволілі яму правесьці выбарчае мерапрыемства там, дзе ён лічыў патрэбным. Тады Леанід Судаленка зноў паскардзіўся ў ААН.

«У 2010 годзе, падчас камунікацый ураду з ААН адносна маёй скаргі, раптам даведаўся, што ўнесеныя зьмены ў выбарчы закон, паводле якіх на кандыдата ў дэпутаты не распаўсюджваюцца абмежаваньні на правядзеньне вулічных акцый, якія ёсьць у законе аб масавых мерапрыемствах. І цяпер можна праводзіць такія сустрэчы дзе заўгодна», — кажа Леанід Судаленка.

Ён мяркуе, што гэта яму праз мэханізм скаргаў у ААН удалося дамагчыся саступак ад беларускай дзяржавы. Ва ўсіх астатніх выпадках, кажа праваабаронца, беларускі ўрад адказваў Камітэту правоў чалавека ААН, што «пэўны чалавек парушыў пэўны закон».

«Пры гэтым яны маўчаць пра тое, што краіна мае і міжнародныя абавязаньні, якія падпісаў яшчэ ўрад Кебіча ў 1992 годзе. Калі вы не зьбіраецеся іх выконваць, дык калі ласка, выходзьце з пагадненьня, стаўце плот вакол краіны. Але ж гэтага ня робяць, аднак і выконваць не зьбіраюцца», — абураецца праваабаронца.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў праблемай пакуль не цікавіўся

А як цяпер ставяцца беларускія заканадаўцы да рэкамэндацый ААН аб выпраўленьні сытуацыі зь беларускімі законамі ў галіне правоў чалавека?

Вялікую колькасьць скаргаў беларусаў у ААН карэспандэнт Свабоды папрасіў пракамэнтаваць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэя Наўмовіча, які ўзначальвае камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Андрэй Наўмовіч
Андрэй Наўмовіч

«Беларускія грамадзяне маюць права зьвяртацца куды заўгодна. Будзьце здаровыя», — адказаў спадар Наўмовіч, але нашая размова на гэтым ня скончылася. Давялося паведаміць дэпутату, што ўжо амаль 400 беларусаў скардзіліся ў ААН на парушэньні сваіх правоў, але беларуская дзяржава ніяк не рэагуе на гэтыя скаргі. Маё пытаньне «Чаму?» патанула ў адказе:

«Ня маю права даваць ацэнку і ня ведаю, колькі чалавек туды зьвярталіся і якія былі прынятыя рашэньні. Калі мне спатрэбіцца, пацікаўлюся, але ў дадзены момант я гэтым пытаньнем не займаюся», — адказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Наўмовіч.

Што такое «Нацыянальны плян дзеяньняў у галіне правоў чалавека»?

Каб сачыць за тым, як Беларусь выконвае рэкамэндацыі ААН у галіне правоў чалавека, у гэтай міжнароднай арганізацыі прызначылі спэцдакладчыка. Ім стаў Міклаш Харашці з Вугоршчыны, які, дарэчы, летась упершыню змог наведаць Беларусь і сустрэцца як з чыноўнікамі, гэтак і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцамі ды журналістамі.

Яшчэ адзін мэханізм кантролю — Унівэрсальны пэрыядычны агляд, які тая ці іншая праблемная краіна праходзіць у ААН рэгулярна. Беларусь зноў прайшла праз такі агляд у 2016 годзе. На аглядзе заслухалі як прадстаўнікоў ураду Беларусі, гэтак і праваабаронцаў, ды выпрацавалі сьпіс рэкамэндацый ААН па выпраўленьні становішча з правамі чалавека. На падставе гэтых рэкамэндацый у 2016 годзе беларускі ўрад зацьвердзіў «Нацыянальны плян дзеяньняў у галіне правоў чалавека», які павінен быць выкананы ў 2019 годзе. Да рэалізацыі гэтага пляна далучаныя розныя ведамствы, у тым ліку міністэрствы юстыцыі і ўнутраных спраў, Генпракуратура, Вярхоўны суд ды іншыя, а МЗС Беларусі выконвае ролю каардынатара сумесных высілкаў.

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Так, існуе плян мерапрыемстваў, іх было ўжо шмат, апошняе — у сьнежні 2017 году», — сказаў пра рэалізацыю «Нацыянальнага пляну дзеяньняў у галіне правоў чалавека» прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч згадаў, што быў запрошаны на мерапрыемства, якое праводзіў МЗС у сьнежні 2017 году. «Гэта называлася кансультацыямі, там сабралі прадстаўнікоў ведамстваў, і мяне, на дзіва, паклікалі, чаго раней не было».

Паводле Валянціна Стэфановіча, на той сустрэчы не было гаворкі пра рэалізацыю самых важных, на ягоную думку, 10 і 11 пунктаў «Нацыянальнага пляну». Гэта аналіз скаргаў, якія найчасьцей накіроўваюць грамадзяне Беларусі ў ААН, і вывучэньне міжнароднага досьведу па выкананьні рэкамэндацый ААН у галіне правоў чалавека. Іх не абмяркоўвалі невыпадкова, лічыць праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«На маю думку, пазыцыя Беларусі застаецца нязьменнай — яна рэкамэндацыі ААН не выконвае. Яны лічаць, што гэтыя рэкамэндацыі носяць факультатыўны характар, з чым мы, праваабаронцы, катэгарычна нязгодныя. І экспэрты ААН гэтаксама лічаць, бо гэта вынікае з абавязаньняў Беларусі, якія яна ўзяла на сябе добраахвотна».

Паводле Валянціна Стэфановіча, пакуль чыноўнікі займаюцца не падрыхтоўкай рэальных зьменаў законаў, а імітацыяй гэтай працы.

«Прыкладам, яны вырашылі працягнуць вывучэньне прыняцьця пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека. Не прыняць такую пасаду, а „прадоўжыць вывучэньне“... Але ж у 2019 годзе Беларусь у ААН спытаюць пра рэальныя зьмены, а ня пляны зьменаў», — кажа праваабаронца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG