Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа пра 47 тысяч зьніклых пляшак гарэлкі. Грузчыкі вярнулі прэміяльныя праз суд


Арцём Стома, Аляксандар Акулаў, Юры Шаройкін і Леанід Судаленка каля суду
Арцём Стома, Аляксандар Акулаў, Юры Шаройкін і Леанід Судаленка каля суду

Трое рабочых ААТ «Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір» Аляксандар Акулаў, Арцём Стома ды Юры Шаройкін адсудзілі 11 лютага ў свайго прадпрыемства прэміяльныя за 2017 год — кожнаму па 730 рублёў.

Дырэкцыя заводу пазбавіла іх прэміяльных даплат у зьвязку з прапажай больш як 47 тысяч бутэлек гарэлкі.

«Нашы кіраўнікі палічылі так: раз мы грузілі скрыні з гарэлкай, значыць, вінаватыя ў прапажы. Мы калі б і хацелі, то не змаглі б столькі ні выпіць, ні панесьці», — аспрэчваў у Навабеліцкім судзе Гомля пакараньне Юры Шаройкін.

Грузчыкі ўступілі ў незалежны прафсаюз РЭП. Іх інтарэсы ў судзе абараняў рэгіянальны прававы інспэктар гэтага прафсаюзу Леанід Судаленка.

«Наймальнік галаслоўна сьцьвярджаў, што грузчыкі вінаватыя ў буйной нястачы. Калі яны вінаватыя, то прад’яўляйце ім канкрэтныя прэтэнзіі, суму нястачы, пацьвердзіце яе, а пасьля пазбаўляйце прэміяльных, давайце вымовы ці звальняйце.

Вельмі лёгка некаторыя кіраўнікі знаходзяць вінаватых. Што — рабочыя грузілі ды паразьбівалі бутэлькі? Ці скралі шэсьць фургонаў гарэлкі?

Цяпер на заводзе „Радамір“ працуюць сьледчыя — яны і назавуць канкрэтных вінаватых», — кажа юрыст Судаленка.

Пасьля таго як у судзе выступілі рабочыя і прафсаюзны інспэктар, прадстаўніца лікёра-гарэлачнага заводу заявіла, што адміністрацыя ня мае прэтэнзій да грузчыкаў. Гадавыя прэміяльныя па 730 рублёў усім тром рабочым сёньня ж пералічылі на карткі.

Лікёра-гарэлкавы завод «Радамір»
Лікёра-гарэлкавы завод «Радамір»

Скандал з прапажай больш як 47 тысяч бутэлек гарэлкі на заводзе «Радамір» здарыўся пры канцы мінулага тыдня. Гомельскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу за прысвойваньне даверанай маёмасьці на буйную суму (ч. 3 арт. 211).

Па вэрсіі сьледзтва, загадчыца складу гатовай прадукцыі і загадчыца фірмовай крамы «Радамір» адгружалі гарэлку без дакумэнтаў, прадавалі яе праз краму, а грошы прысвойвалі. Паводле папярэдніх зьвестак, гарэлкі зьнікла больш як на 265 тысяч рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG