Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вы яшчэ тут «недасудзіліся». Беларускі ўрад адказаў актывістам на скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Два сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сябра партыі «Справядлівы сьвет» атрымалі адказы ад беларускіх уладаў на скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН , піша «Гомельская вясна» са спасылкай на праваабаронцу Леаніда Судаленку.

Сябра «Справядлівага сьвету» Павал Катаржэўскі ў лістападзе 2016 году разьмясьціў на сваёй старонцы «ЎКантакце» спасылку на артыкул на сайце беларускіх анархістаў «Маразм и показушная почесть погибшим в войне» з крытыкай дзяржаўных мерапрыемстваў памяці загінулых у Другой усясьветнай вайне. За гэта суд Цэнтральнага раёну Гомля прысудзіў яму грашовы штраф.

Сябра АГП Уладзімер Няпомняшчых у лютым 2017 году ўдзельнічаў у гомельскім «маршы недармаедаў», быў арыштаваны на тры дні і аштрафаваны.

Красуліна была сярод тых, каго штрафавалі за тое, што яны патрымалі гэты сьцяг
Красуліна была сярод тых, каго штрафавалі за тое, што яны патрымалі гэты сьцяг

Прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна зьвярталася ў Камітэт правоў чалавека ААН са скаргай на сыстэматычны перасьлед за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у Менску. Яе штрафавалі за плякат з надпісам «Мама памятае. А ты?» (кампанія ў памяць аб выкрадзеным і зьніклым у 1999 годзе экс-міністры ўнутраных справаў Юрыі Захаранку) і за трыманьне бел-чырвона-белага сьцяга.

Што кажуць улады

Ва ўсіх трох адказах згадваецца, што аўтары скаргаў «ня вычарпалі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны».

Ці можна знайсьці праўду ў беларускіх судах?

У выпадку Катаржэўскага ўрад адзначыў, што нацыянальнае заканадаўства супраць экстрэмізму адпавядае Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, наконт Красулінай — што законы пра масавыя мерапрыемствы адпавядаюць гэтаму ж пакту.

Пра Няпомняшчых ва ўрадзе заявілі, што за 2017 год беларуская пракуратура вынесла 3766 наглядных пратэстаў, зь якіх 3655 (97%) былі задаволеныя, а актывіст не зьвяртаўся ў пракуратуру са скаргамі на арышт і штраф.

Што адказвае праваабаронца

Праваабаронца Леанід Судаленка адзначыў, што беларускае працэсуальнае заканадаўства ў дачыненьні права на падачу наглядных скаргаў у Вярхоўны суд і органы пракуратуры неэфэктыўнае, скарга «знаходзіцца на разглядзе абмежаванага кола асобаў, ня цягне за сабой перагляду справаў па сутнасьці, бо выкарыстоўваецца паводле асабістага рашэньня судзьдзі ці пракурора».

Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

Так, у выпадку са статыстыкай з адказу Няпомняшчых невядома, колькі з тых наглядных пратэстаў тычыліся справаў аб удзеле ў мірных сходах і права чалавека на свабоду выказваньня думак. Але з улікам таго, што адміністрацыйных правапарушэньняў у Беларусі за 2017 год было 3,9 млн, выходзіць, што наглядныя пратэсты былі ў менш як 0,1% адміністрацыйных справаў.

Што да адпаведнасьці міжнародным нормам законаў пра масавыя мерапрыемствы, Судаленка адзначыў, што беларускія ўлады дагэтуль ня выканалі заключэньня Вэнэцыянскай камісіі 2002 году, паводле якога мусілі зьмяніць гэтыя законы. Беларусь таксама не выконвае шматлікіх рашэньняў Камітэту правоў чалавека ААН, паводле якіх мусіць прывесьці гэтыя законы ў адпаведнасьць з уласнымі міжнароднымі абавязаньнямі.

Судаленка дадаў, што працэсуальнае заканадаўства не прадугледжвае для грамадзяніна магчымасьці наўпрост зьвярнуцца з канстытуцыйнай скаргай у Канстытуцыйны суд.

Беларусь у лідэрах паводле колькасьці скаргаў у Камітэт правоў чалавека ААН

Цяпер урад камэнтуе хіба ня кожную скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, хоць некалькі гадоў таму не камэнтаваў асобных скаргаў, проста казаў, што ўвогуле адмаўляецца весьці камунікацыі наконт скаргаў, бо заяўнікі «ня вычарпалі ўнутраных сродкаў», кажа Судаленка ў камэнтары Свабодзе. Камітэт лічыць, што «вычэрпваць» неабавязкова, дадае ён.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Нашая краіна ці ня лідэр КПЧ па зарэгістраваных скаргах у першую чаргу праз тое, што беларусам недасяжны Эўрапейскі суд у праблемах правоў чалавека, — адзначае Судаленка. — Але нядаўна беларускі ўрад прыняў плян выкананьня правоў чалавека, вырашыў вывучаць прэтэнзіі грамадзянаў.

У мяне цяпер на камунікацыі каля 80 скаргаў, наконт усіх беларускі ўрад спрабуе аргумэнтаваць сваю прававую пазыцыю. Не сказаць, што ў іх гэта атрымліваецца, у іх сьмешная пазыцыя. Зразумела, гэта выглядае як спроба захаваць твар».

Мэта праваабаронцаў, адзначае ён, гэта выкананьне беларускімі ўладамі рашэньняў з Жэнэвы, але ўжо прынамсі такія адказы выклікаюць пэўную павагу, разважае ён. Магчыма, некалі ўрад будзе клапаціцца пра свой імідж і імідж дзяржавы на міжнародным узроўні, дадае Судаленка.

За кожным рашэньнем Камітэту, кажа ён, стаіць ня проста сьцьвярджэньне, што «парушаныя правы грамадзяніна А. і грамадзянкі В.», а заклікі зьмяніць нацыянальнае заканадаўства і практыку яго ўжываньня.

Што да адказаў наконт вышэйназваных скаргаў, Судаленка кажа, што зьбіраецца працягваць займацца імі, але кантактаваць не зь беларускім бокам, а толькі з ААН, бо тут Камітэт зьяўляецца пасярэднікам між пацярпелымі і ўрадам.

Як там іншыя скаргі

Камітэт правоў чалавека ААН разглядае скаргі беларусаў любога статусу: хоць простай студэнткі, якой міліцыянты зламалі нагу, калі зьбівалі пратэстоўцаў «Плошчы-2010», хоць кандыдата ў прэзыдэнты, якога пасадзілі на паўтара года за нібыта арганізацыю тых «масавых беспарадкаў». Рашэньні нярэдка прымаюцца на карысьць пацярпелых.

Амаль 400 беларусаў скардзіліся ў ААН на парушэньні сваіх правоў, больш за 250 скаргаў былі прынятыя да разгляду. Але беларуская дзяржава ніяк не рэагавала на гэтыя скаргі. Старшыня камісіі правоў чалавека беларускай Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч казаў Свабодзе, што «беларускія грамадзяне маюць права зьвяртацца куды заўгодна», а скаргамі ў ААН ён не займаўся.

«Пакуль беларускі ўрад кажа, што рашэньні ААН адносна гэтых скаргаў носяць рэкамэндацыйны характар, што яны нават ня мусяць да іх прыслухоўвацца, — тлумачыў Свабодзе Судаленка. — Але ўсё роўна гэта пытаньне іміджу нашай краіны на міжнародным узроўні».

У Палаце прадстаўнікоў ня хочуць рэагаваць на скаргі беларусаў у ААН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG