Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Барыс Звозскаў


17 чэрвеня пасьля цяжкай хваробы пайшоў з жыцьця вядомы праваабаронца, грамадзкі дзеяч Барыс Звозскаў. Яму было 63 гады.

Барыс Звозскаў
Барыс Звозскаў
На пачатку 1990-х гадоў Барыс Ігаравіч Звозскаў стаяў ля вытокаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі, якая пазьней стала базай для стварэньня цяперашняй Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч згадвае пра Барыса Звозскага як пра выдатнага партыйнага арганізатара:

«Ён быў адзін з самых актыўных сяброў і зрабіў свой унёсак у аб’яднаньне дзьвюх партыяў, Дэмакратычнай і Грамадзянскай. Ён заўсёды займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю, вызначаўся працавітасьцю, настойлівасьцю. Быў незаменным арганізатарам, бо меў дзеля гэтага ўсе неабходныя якасьці: выключную працавітасьць, дакладнасьць, сумленьне. Паступова ён адышоў ад партыйнай дзейнасьці, больш заняўся абаронай правоў чалавека. Я добра ведаў яго, ягоную жонку і сына. Добрыя людзі, што тут сказаць».

Барыс Звозскаў нарадзіўся ў 1949 годзе ў Белагорску (Расея), скончыў Ленінградзкі электратэхнічны інстытут. Да 1987 году працаваў інжынэрам электроннай тэхнікі ў арганізацыі «Каскад» Міністэрства сярэдняга машынабудаваньня СССР, затым — у канцэрне «Планар». У палітычную барацьбу прыйшоў на хвалі перабудовы ў канцы 1980-х гадоў, а на пачатку 1990-х далучыўся да дэмакратычнага руху незалежнай Беларусі. Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, сустаршыня былой Грамадзянскай партыі ў 1990-х гадах Васіль Шлындзікаў называе Барыса Звозскага «сапраўдным змагаром за лібэральныя каштоўнасьці», а ў чалавечым пляне падкрэсьлівае здольнасьць шчыра спачуваць і дапамагаць людзям:

«Ніколі не забуду: калі я трапіў у шпіталь, ён з жонкай прыехаў адведаць мяне. Хоць мы ніколі не былі блізкімі такімі сябрамі, але ён палічыў для сябе патрэбным прыехаць, пацікавіцца маім здароўем. Гэта мяне вельмі кранула. Вельмі шкада, што гэтак рана пайшоў такі Чалавек — зь вялікай літары, я б сказаў».

Да сярэдзіны 1990-х гадоў Барыс Звозскаў актыўна займаўся партыйным будаўніцтвам у АГП. Зь ягоным імем зьвязваюць зьяўленьне разгалінаванай партыйнай структуры. Менавіта тады партыя ўзмацнілася, яе прадстаўнікі прайшлі ў парлямэнт, дзе была створаная асобнай фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне». З канца 1996 году Барыс Звозскаў паступова зьмяншае сваю партыйную актыўнасьць і пераходзіць у праваабарончую галіну. Тагачасны сустаршыня АГП Аляксандар Дабравольскі кажа, што пэўна ведае, чым тлумачыцца гэты паварот у лёсе калегі і сябра:

«Магу сказаць, што яго падштурхнула. Гэта быў 1996 год, пасьля рэфэрэндуму, калі стала зразумела, што ўлада абсалютна не паважае закон. А перад гэтым мы ў фракцыі якраз думалі пра тое, што трэба стварыць арганізацыю, якая б займалася заканадаўчымі ініцыятывамі. І вось Барыс потым стаў адным са стваральнікаў такой арганізацыі — „Прававая ініцыятыва“. А тады, пасьля рэфэрэндуму, у нас быў шок. Бо выявілася, што ня толькі ўлада не паважае закон, але і людзі закон ня цэняць. І стала зразумела, што трэба мяняць прававую культуру. Але яшчэ больш паўплывала на яго тое, што пачаліся рэпрэсіі супроць тых, хто пачаў пратэставаць, і Барыс сканцэнтраваўся на дапамозе гэтым людзям. Барыс займаўся і абаронай людзей у судах, і распрацоўкай мэтадычных матэрыялаў, прыкладам, як сябе паводзіць пры затрыманьні. Заняўся самай актуальнай працай. Ён, безумоўна, удзельнічаў у шмат якіх акцыях, хоць я ня ведаю, арыштоўвалі яго ці не, бо ўсё ж ён быў праваабаронца. Але ведаю дакладна, што калі кагосьці арыштоўвалі, то Барыс быў там».

У 1997 годзе Барыс Звозскаў быў грамадзкім абаронцам на працэсе Паўла Шарамета, якога абвінавацілі ў незаконным пераходзе беларуска-літоўскай мяжы і далі два гады ўмоўна. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Барыс Звозскаў як праваабаронца актыўна дапамагаў удзельнікам пратэстаў супроць фальшаваньня выбараў. Неўзабаве паўстала праблема недахопу добра падрыхтаваных абаронцаў правоў чалавека, і Барыс Звозскаў сканцэнтраваў уласныя намаганьні на гэтай справе — падрыхтоўцы праваабаронцаў. У тым ліку ён стаў першым прэзыдэнтам Беларускага дома правоў чалавека, які зарэгістраваны ў Вільні. У 2008 годзе Барыс Звозскаў стаў ляўрэатам прэміі «Праваабаронца году», якую арганізацыя «Праваабарончы альянс» прысуджае на падставе меркаваньня лепшых праваабаронцаў. Кіраўнік арганізацыі Людміла Гразнова гэтак патлумачыла такі выбар:

«Ён вельмі шмат рабіў для разьвіцьця праваабарончага руху. Быў арганізатарам шматлікіх сэмінараў у рэгіёнах, на якіх тлумачыў людзям, як абараняцца ад незаконных дзеяньняў прадстаўнікоў улады. Гэтыя ўрокі былі вельмі карысныя, мы мелі пасьля іх велізарны водгук. Ён вёў быццам такую нябачную працу, але вельмі актыўную і вельмі карысную».
Паводле калегаў-праваабаронцаў, ужо цяжка хворым Барыс Звозскаў да апошняга працаваў дзеля змаганьня за правы чалавека.

Разьвітаньне з Барысам Звозскавым адбудзецца 19 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG