Старшыню горадзенскай арганізацыі АГП Мікалая Саляніка аштрафавалі на 857,5 рубля (35 базавых). 7 лістапада ён выйшаў у цэнтар гораду з плякатам «Далоў самадзяржаўе».
63-гадовага актывіста Саляніка прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі (артыкул 23.4 КаАП) і парушэньні правілаў арганізацыі масавага мерапрыемства (частка 3 артыкула 23.34 КаАП).
Паводле матэрыялаў справы, Салянік 7 лістапада выйшаў у цэнтар гораду разам з Аляксандрам Лаўрэнцьевым, трымаючы плякат «Далоў самадзяржаўе», не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням міліцыі, адпіхваў супрацоўнікаў ад сябе, хапаў за адзеньне, адмаўляўся прайсьці ў службовы аўтамабіль.
Салянік не прызнаў сябе вінаватым.
Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Сьведкай у судзе выступіў міліцыянт Аляксандар Вінаградаў.
Падчас разгляду справы судзьдзя выдаліў з залі амаль усіх прысутных за неадпаведныя паводзіны (выказваньні без дазволу), а потым і самога Мікалая Саляніка — калі той заклеіў сабе скотчам рот.
Папярэдні судовы працэс перанесьлі таму, што фігурант прыйшоў на працэс у неадпаведным выглядзе — паласатай робе, падобнай да турэмнай.
Падчас акцыі яго зь іншым актывістам АГП Аляксандрам Лаўрэнцьевым затрымала міліцыя. Мікалай Салянік, які мае інваліднасьць з прычыны хворага сэрца, пасьля затрыманьня трапіў у шпіталь.
Раней за гэтую ж акцыю Лаўрэнцьева аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых).