Матэрыялы справы адносна дырэктара пінскай школы № 18 Фёдара Радзівона «па факце нанясеньня цялесных пашкоджаньняў» дзецям зноў накіравалі на дасьледаваньне.
Бацькі ня згодныя з тым, што Пінскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту не знайшоў падставаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы.
Бацькі вінавацяць дырэктара школы Фёдара Радзівона, што той 11 верасьня зьбіў іхных дзяцей, якія каталіся на скейтах на пляцоўцы каля ўваходу ў 18-ю школу.
Пінскі аддзел унутраных спраў склаў адміністрацыйныя пратаколы (па артыкуле 9.1 ч.1 КаАП) адносна дырэктара школы № 18 Фёдара Радзівона «па факце нанясеньня цялесных пашкоджаньняў» тром хлопчыкам і маці аднаго зь іх.
Разгляд справы ў судзе перанесьлі
Разгляд справы ў судзе Пінскага раёну і гораду Пінску прызначылі на 28 лістапада. Аднак у судзе бацькам паведамілі, што матэрыялы накіраваныя на дасьледаваньне.
Карэспандэнту Свабоды ў судзе сказалі, што разгляд справы на гэтым тыдні ня значыцца.
Бацькі абскардзілі пастанову ад 12 лістапада, вынесеную начальнікам Пінскага міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту, які ня ўгледзеў падставаў для таго, каб прыцягнуць дырэктара Фёдара Радзівона да крымінальнай адказнасьці «па факце нанясеньня цялесных пашкоджаньняў» (ч.3, артыкул 426). Аналягічную пастанову прынялі ў Пінскім ГАУС.
Да якіх высноў прыйшоў Сьледчы камітэт
Паводле Сьледчага камітэту, дзеці Дзяніс Ж. і Міхаіл Ц. вучацца ў іншай школе, а таму не падпарадкоўваюцца Фёдару Радзівону. Таму дырэктар «пры ўчыненьні проціпраўных дзеяньняў адносна непаўналетніх не зьяўляўся адносна іх службовай асобай, а прымяняў гвалт да іх як звычайная фізычная асоба».
Маўляў, «проціпраўныя дзеяньні дырэктара могуць быць кваліфікаваныя па артыкуле 426 Крымінальнага кодэксу Беларусі толькі ў выпадку ўчыненьня іх адносна падначаленых работнікаў альбо вучняў школы».
Таксама Сьледчы камітэт тлумачыць, што падчас праверкі не ўстаноўлены парадак знаходжаньня пабочных асобаў на тэрыторыі школы № 18. Таму, Дзяніс Ж. і Міхаіл Ц., знаходзячыся на тэрыторыі школы, «магчыма, парушалі грамадзкі парадак, бо ім было гэта забаронена».
Паводле Сьледчага камітэту, прадстаўнікі школы «законна патрабавалі ад пацярпелых пакінуць тэрыторыю школы».
Сьледчы камітэт зрабіў выснову, што дзеяньні дырэктара Фёдара Радзівона «можна разглядаць як перавышэньне мераў, неабходных для затрыманьня асобы, якая ўчыніла проціпраўнае дзеяньне».
Як гаворыцца ў пастанове, «нязначная ступень цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў таксама ня ўказвае на наяўнасьць у дзеяньнях Фёдара Радзівона складу якога-небудзь злачынства».
Сьледчы камітэт вярнуў матэрыял праверкі Пінскаму міжраённаму пракурору для перадачы ў Пінскі гарадзкі аддзел унутраных спраў. У сваю чаргу, Пінскі гарадзкі аддзел міліцыі адмовіў ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.
Маці хлопчыка: «Яны думалі, што мы дурні і з усім пагодзімся»
Маці пяціклясьніка Мішы Кацярына сказала карэспандэнту Свабоды, што ў Сьледчым камітэце шмат чаго не ўлічылі і наблыталі.
«Гэта як мінімум хуліганства, а ня толькі перавышэньне паўнамоцтваў. Парадак наведваньня школы не ўстаноўлены, але дзеці, магчыма, яго парушалі. Як можна парушыць тое, чаго няма? Міліцыя ўстанавіла, што дзеці не правакавалі дырэктара, — кажа Кацярына Ціханчук. — На аднаго з хлопчыкаў напісалі нават ананімку, што ён нібыта згвалціў дзяўчынку. Гэта выклалі ў сацсеткі. Абылгалі дзіця. Атрымліваецца, у нас можна біць дзяцей, можна абылгаць, і за гэта нічога ня будзе. Гэта неяк дзіўна».
Паводле Кацярыны, «зроблена ўсё, каб пачаць менавіта адміністрацыйную справу».
«Яны не ўказалі, што ён незаконна пазбаўляў свабоды, што не была аказана мэдычная дапамога. У дзіцяці ішла кроў, яму тыцнулі ў зубы сурвэтку і выпхнулі на вуліцу. Гэта пры тым, што ў школе ёсьць мэдык. Маё дзіця кажа, што яго ванітуе, яму баліць, а дырэктар не дазваляе прайсьці да хуткай. І ён яшчэ ў гэты час дырэктарам не зьяўляўся. Яны думалі, што мы дурні і з усім пагодзімся. Напэўна, гэта ня пінскі ўзровень, трэба зьвяртацца некуды вышэй, у Генпракуратуру, каб праўды дабіцца. Бо нельга, каб такі чалавек працаваў зь дзецьмі».