Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны кажуць: а пайшоў ты...» Дырэктара школы вінавацяць у жорсткім зьбіваньні дзяцей


Скейтбардыст практыкуецца ў скачках, ілюстрацыйнае фота
Скейтбардыст практыкуецца ў скачках, ілюстрацыйнае фота

У Пінску расьсьледуецца інцыдэнт, які здарыўся 11 верасьня паміж дырэктарам сярэдняй школы № 18 Фёдарам Радзівонам і вучнямі СШ № 10 Дзянісам Ж. і Міхаілам Ц.

Свабода выслухала абодва бакі канфлікту, які стаў гучным дзякуючы сацыяльным сеткам.

Усё пачалося з таго, што двое хлопчыкаў пасьля ўрокаў вырашылі зьняць відэа для YouTube, як яны катаюцца на скейце. Якраз на пляцоўцы каля ўваходу ў 18-ю школу можна было разагнацца і скочыць зь невялікай прыступкі.

Дырэктар школы Фёдар Радзівон раней дазваляў там катацца. Але гэтым разам паміж дзецьмі і дырэктарам выйшаў канфлікт. Бацькі сьцьвярджаюць, што дырэктар зьбіў дзяцей. Дырэктар кажа, што дзеці самі выпадкова сутыкнуліся.

Улады: «Ідзе расьсьледаваньне»

Начальнік Пінскага ўпраўленьня адукацыі Яўген Мэндэль адмовіўся камэнтаваць сытуацыю.

«Яшчэ ніякага рашэньня не прынята, бо ідзе расьсьледаваньне», — сказаў ён.

Міліцэйскі пастарунак у Пінску
Міліцэйскі пастарунак у Пінску

​У Пінскім аддзеле міліцыі паведамілі, што справай займаецца інспэкцыя па справах непаўналетніх, пакуль ідзе праверка згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам.

Дырэктар у лякарні: «Даводзіцца даказваць, што ты не вярблюд»

Свабода адшукала дырэктара школы Фёдара Радзівона ў лякарні, куды ён трапіў гэтай ноччу пасьля прыступу. Аднак ён пагадзіўся пагутарыць. Кажа, што ня біў ні гэтых хлопчыкаў, ні маці аднаго зь іх.

«Магчыма, я сябе недзе няправільна павёў, бо мяне пасылалі на тры літары, і я схапіў гэтых дзяцей. Ніхто законы фізыкі не адмяняў, і атрымалася так, што яны сутыкнуліся. Гэта адзінае, што я ім зрабіў. Ёсьць Бог, ёсьць кампэтэнтныя органы, і я спадзяюся, што яны разьбяруцца. А тое, што цяпер прымаецца нейкае палітычнае рашэньне звольніць незразумела за што, гэта таксама несур’ёзна і непрыгожа», — кажа дырэктар.

Што значыць «палітычнае рашэньне»?

«Улада вырашыла, што дырэктар школы не павінен сябе так паводзіць і парушае пэдагагічную этыку. Створаная камісія, каб вырашыць, ці зможа такі чалавек працаваць. Цяпер патрэбная фармальная нагода. Прыедуць, нешта знойдуць».

Яшчэ са жніўня дзеці ўпадабалі пляцоўку і ганак школы, каб катацца на скейтбордах і самакатах.

«Мы адрамантавалі ганак, абшылі мэталічным вугалком і яны з задавальненьнем там скакалі. У жніўні я папярэджваў, каб яны былі асьцярожныя. І быў такі выпадак, калі дзіця трапіла пад кола гэтага самаката. Таму мы казалі, каб дзеці не каталіся на ганку. Тым больш калі пачаўся навучальны год. Але яны зноў прыйшлі і не рэагавалі на заўвагі. Я кажу — дзеці, прайдзіце да мяне ў кабінэт для гутаркі. А яны кажуць: а пайшоў ты... Ну, я ж дзядзька ўжо, у мяне ўнукі. Ну, я іх схапіў, каб адвесьці ў кабінэт. Яны сутыкнуліся».

Далей Фёдар Радзівон выклікаў дырэктара школы, у якой вучацца дзеці, папрасіў, каб хлопчык патэлефанаваў сваёй маці.

«Замест таго каб паклікаць маму, ён крычаў, што яго зьбіваюць нагамі, парушаюць яго канстытуцыйныя правы. Калі прайшлі ў прыёмную, прыбегла мама і сказала, што згноіць мяне ў турме, што яе прозьвішча Ц., раней гэта быў начальнік абласнога ўпраўленьня. І мат-перамат. А потым уключыла камэру, кінулася на мяне і сказала, што будзе здымаць. Я адскочыў назад. І атрымаўся гэты хвілінны ролік, не зусім прэзэнтабэльны, эмацыйны. А сацсеткі вырашылі, што зьбілі маму, зьбілі ўсіх. І цяпер даводзіцца даказваць, што ты не вярблюд».

Ілюстрацыйнае фота. Пінск
Ілюстрацыйнае фота. Пінск

«Я прабачаюся, я не хацеў гэта зрабіць»

Дырэктар спадзяецца, што відэа вонкавага назіраньня, якое мае міліцыя, дапаможа яму давесьці сваю праўду. Ён кажа, што пяціклясьнік Міхаіл Ц. раней не вучыўся ў СШ № 18, а Дзяніс Ж. раней вучыўся.

«І будучы ў другой клясе ў нас, ён пашкодзіў зуб, на які там спасылаюцца. Мы гэтую сытуацыю ведаем і памятаем гэты канфлікт. Маці, відаць, хацела ўчора зь мяне грошай папрасіць: прыйшла і сказала, што я пашкодзіў яму зуб. Там адляцеў асколачак і так далей. І ніякіх больш прэтэнзій няма, як гэты пабіты палец і пашкоджаная губа. Але я прабачаюся, я не хацеў гэта зрабіць. Гэта адбылося празь неасьцярожнасьць. Я нават ня ведаю, якім чынам можна было пашкодзіць гэты палец, бо за рукі я іх не чапаў. А нейкае зьбіцьцё — гэта домыслы».

Фёдар Радзівон працуе дырэктарам ужо 12-ы год. Быў ляўрэатам спэцыяльнага фонду прэзыдэнта, дэпутатам, займаецца грамадзкай працай як сябра «Белай Русі». Разважае, што пэдагогі ператвараюцца ў абслуговы пэрсанал і нічога ня могуць сказаць дзіцяці. Хоць гэта сытуацыя шараговая, і звычайна яна вырашаецца падчас перамоваў з бацькамі.

«Дзеці ведаюць дырэктара. Яны ня кураць, ня п’юць. Яны, магчыма, ня так добра вучацца, але яны мяне паважаюць, бо я справядлівы».

Маці школьніка: «Міша практычна паўляжаў на крэсьле»

Маці пяціклясьніка Мішы Кацярына Ц. кажа, што ёй патэлефанаваў сын і, плачучы, сказаў, што яго б’юць у 18-й школе.

«Мой 18-гадовы сын хуценька пабег у школу, за ім я. Каля школы я ўбачыла Дзяніса Ж. з разьбітым тварам, ён выціраў кроў. Ён сказаў, што іх зьбіў дырэктар, а Мішу пацягнулі ў школу. У школе я пачула лаянку і крыкі. У прыёмнай убачыла, як дырэктар дзяўбе майго сына. Міша практычна паўляжаў на крэсьле, я думала, што ён памірае. У яго было малінавае вуха. Ён інвалід дзяцінства, сур’ёзна хворы, мы лекуемся ў Бараўлянах. На яго нельга рабіць фізычнае ўзьдзеяньне. Я стала паміж дырэктарам і сынам, паказала яму пасьведчаньне, што дзіця інвалід. Але дырэктар не адрэагаваў, і скандал працягваўся, ён пачаў мяне штурхаць».

Кацярына Ц. выклікала хуткую, але, як яна кажа, дырэктар перашкаджаў выйсьці з кабінэта. Яна пачала здымаць усё на тэлефон. Старэйшы сын адцягнуў на сябе ўвагу дырэктара, і Кацярыне зь Мішам удалося вырвацца.

«Дырэктар ударыў старэйшага сына, схапіў яго за шыю, дзе засталіся кровападцёкі. Мы ўсе зьнялі пабоі. Мы доўгі час правялі ў лякарні, сына ванітавала. Але лекары чамусьці не паставілі страсеньне мозгу. Мы доўга не маглі дамагчыся дакумэнтаў пра наш агляд».

На выхадзе зь лякарні стаяла міліцыя, якая прапанавала Кацярыне і Міхаілу паехаць для разбору ў 18-ю школу. Кацярына кажа, што сын дырэктара здымае яе і сына на відэа і выкладвае ў сацсеткі.

«Яны кантралююць кожны наш крок. Мы да лекара, яны там».

Кацярына напісала зварот у Берасьцейскі аблвыканкам, бо лічыць, што Фёдар Радзівон не павінен працаваць зь дзецьмі.

«Нашых дзяцей зьбілі»

Маці дзевяціклясьніка Дзяніса Анастасія Ж. кажа, што ў той дзень прыйшла дахаты з крамы і патэлефанавала сыну. А той ужо быў у лякарні.

«Дзяніс сказаў, што дырэктар 18-й школы яго зьбіў, у яго баліць губа і хістаюцца зубы. Калі я прыехала ў лякарню, там ужо была міліцыя. У сына распухла губа, пад губой рана. Потым у зубной паліклініцы далі заключэньне, што зубы хістаюцца. У даведцы лекараў гаворыцца пра гвалтоўнае і жорсткае стаўленьне.

Я не ўяўляю, як можа дзіця на самакаце стукнуцца аб майго сына, які ў два з паловай разы вышэйшы. Нашых дзяцей зьбілі. Мы баімся, што гэтую справу проста закрыюць, бо ён крычаў, маўляў, у яго столькі знаёмых, што мы самі будзем сядзець. Я ня ведаю, куды зьвяртацца, бо такая несправядлівасьць!»

Анастасія Ж. таксама адхіліла закіды дырэктара, што яна, маўляў, «хацела папрасіць грошай». Яна сказала, што мае аўдыёзапіс размовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG