Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзнагародзіў прапаршчыка зь Печаў, дзе загінуў Коржыч, і палкоўніка, які захапляўся Іванам Жахлівым


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджаньні амаль 200 вайскоўцаў мэдалямі «За бездакорную службу». У сьпісе былы начальнік НДІ Ўзброеных сіл Алег Любочка, які захапляўся царом Іванам Жахлівым і называў айчынай Расею, а таксама ад’ютант начальніка 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў у Печах, дзе летась быў знойдзены ў пятлі Аляксандар Коржыч, а шэраг камандзіраў асуджаныя за дзедаўшчыну.

13 вайскоўцаў — ад генэрал-маёра да падпалкоўнікаў — узнагароджаныя мэдалём «За бездакорную службу» першай ступені.

Дзяржаўную ўзнагароду атрымаў палкоўнік Алег Любочка, які ва ўказе фігуруе як «начальнік Навукова-дасьледчага інстытуту Ўзброеных сіл Беларусі». Аднак на сайце Мінабароны начальнікам НДІ ўжо пазначаны палкоўнік Віктар Тумар.

Алег Любочка зьнік з пасады пасьля публікацыі ў жніўні ў расейскім выданьні «Военно-промышленный курьер» артыкула «Місія Расеі — стратэгічнае стрымліваньне» (загаловак рэдактарскі, у аўтара загаловак быў «Ваенная дактрына Івана Жахлівага»), дзе ён выказаў захапленьне расейскім самадзержцам і назваў Айчынай Расею. Як падлічыла «Наша Ніва», слова «русский» у тэксьце сустракаецца 35 разоў, «Россия» — 11, «Беларусь» — ня згадваецца ні разу (адзін раз — «Белоруссия»).

Прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў у камэнтары Свабодзе паведаміў, што калі Алег Любочка прадстаўляўся да дзяржаўнай узнагароды, ён быў начальнікам НДІ Ўзброеных сіл. Дзе цяпер служыць Любочка, палкоўнік Макараў ня ведае.

«А што да артыкула Алега Любочкі, у нас свабодная дзяржава, адкрытая інфармацыйная прастора. Кожны чалавек мае права на ўласную думку, тым больш такі адукаваны, як Алег Любочка, кандыдат ваенных навук», — кажа Макараў.

Сярод узнагароджаных — і ад’ютант начальніка вучэбкі ў Печах, дзе загінуў салдат Коржыч

Сярод 130 узнагароджаных мэдалём «За бездакорную службу» трэцяй ступені — старшы прапаршчык Алег Лаўскі, ад’ютант начальніка 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў Узброеных Сіл, а таксама прапаршчык Аліна Лаўская, начальнік сакрэтнай часткі гэтага ж падразьдзяленьня.

Калі ўлічыць, што сьпісы на ўзнагароды падаваліся за некалькі месяцаў да падпісаньня ўказу Аляксандрам Лукашэнкам, можна меркаваць, што прапаршчык Алег Лаўскі быў ад’ютантам у былога камандзіра «вучэбкі» ў Печах палкоўніка Канстанціна Чарнецкага, які пасьля сьмерці шарагоўца Аляксандра Коржыча і скандалу зь дзедаўшчынай быў звольнены з пасады. Яго замяніў палкоўнік Уладзіслаў Будзік.

Уладзімер Макараў, архіўнае фота
Уладзімер Макараў, архіўнае фота

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў перакананы, што ўсё адпавядае закону.

«Для асобаў, якія вінаватыя непасрэдна ў тых ці іншых парушэньнях, непазьбежнасьць пакараньня забясьпечваецца адназначна. Што тычыцца тых людзей, якія годна выконваюць свой воінскі абавязак, то адказваць за ўчынкі, праступкі ці нават злачынствы іншых асобаў — прынамсі несур’ёзна, улічваючы, што прычынна-выніковай сувязі паміж іх дзейнасьцю і асобнымі выпадкамі дзедаўшчыны ў пераважнай большасьці вайскоўцаў няма. Яшчэ раз магу падкрэсьліць, што ва Ўзброеных сілах забясьпечана непазьбежнасьць пакараньня непасрэдных вінаватых у правапарушэньнях, і гэты прынцып будзе рэалізоўвацца і надалей», — кажа палкоўнік Уладзімер Макараў.

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці не засмучае афіцыйнага прадстаўніка Мінабароны, што начальнік 72 гвардзейскага аб’яднанага вучебнага цэнтру палкоўнік Канстанцін Чарнецкі звольнены за адсутнасьць кантролю, безадказнае стаўленьне да службовых абавязкаў, а ягоны ад’ютант узнагароджаны мэдалём, Уладзімер Макараў паўтарыў, што тут няма ніякай прычынна-выніковай сувязі: «Усе ўзнагароджаныя вайскоўцы годна выконваюць свой воінскі абавязак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG