Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вайсковых частках паставяць мэталадэтэктары пасьля справы пра гандаль зброяй


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сувязі з крымінальнай справай пра незаконныя дзеяньні са зброяй і боепрыпасамі ва ўсіх вайсковых частках і злучэньнях Беларусі праведзена інвэнтарызацыя боепрыпасаў і атэстацыя адказных за іх захоўваньне. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на Міністэрства абароны. Акрамя таго, там, дзе гэта неабходна, ўсталююць мэталадэтэктары.

Раней у Міністэрстве абароны пацьвердзілі, што справу аб крадзяжы зброі з 8-й брыгады вайсковай часьці 29969 (супрацьпаветраныя войскі) у Баранавічах, завёў ейны камандзір. Але невядома, хто яе расьсьледуе. Прозьвішчы і пасады затрыманых таксама не агучваюцца.

Міністэрства абароны: «Інфармацыю даваць не зьбіраемся»

У прэс-службе Міністэрства абароны пра выкраданьне зброі ў 8-й брыгадзе ў Баранавічах адказваюць тое самае, што прагучала яшчэ тры тыдні таму.

Уладзімер Макараў
Уладзімер Макараў

«Камандзір адной з вайсковых частак Баранавіцкага гарнізона выявіў факт незаконных дзеяньняў у дачыненьні да зброі і боепрыпасаў з боку вайскоўцаў, якія праходзяць вайсковую службу па кантракце. І завёў крымінальную справу».

«Ніякай іншай інфармацыі мы даваць не зьбіраемся, — сказаў Свабодзе Ўладзімер Макараў, прэс-сакратар міністэрства. — Усё астатняе — справа сьледзтва. Кампэтэнтныя органы праводзяць сьледзтва».

Сьледчы камітэт: «Гэтым не займаемся»

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці Свабодзе сказалі, што ў іх такую справу не расьсьледуюць.

«Сутнасьць у тым, што ў нас такой праверкі не праводзілася», — заявіў Дзьмітры Іванюк, афіцыйны прадстаўнік СК на Берасьцейшчыне.

У Вярхоўным судзе наконт гэтага нічога не адказваюць. Там параілі даведацца прозьвішча затрыманых вайскоўцаў і міліцыянта, і потым даслаць афіцыйны запыт.

Такога раней не было

Калі інфармацыя пра крадзеж 40 адзінак зброі праўдзівая, то гэта беcпрэцэдэнтная справа для Міністэрства абароны. У такіх маштабах у беларускім войску ніколі ня кралі зброю, сказаў Свабодзе падпалкоўнік запасу Анатоль.

«Я не прыгадаю, каб у нават у ліхія 1990-я было штосьці такога кшталту, — кажа Анатоль. — Каб выносілі зброю, яшчэ можна ўявіць. Але наконт працы камісіі — гэта дакладна крымінальная справа для ўсіх сяброў камісіі. Найбольшая адказнасьць будзе на старшыні камісіі інвэнтарызацыі зброі».

Апошнім часам у беларускім войску інвэнтарызацыю зброі праводзяць раз на год, расказаў Свабодзе падпалкоўнік запасу Анатоль К. Для гэтага ў частцы ствараецца камісія, якую ўзначальвае чалавек, не зьвязаны са зброяй. Склад зброі закрываецца, і там пералічваюць усе аўтаматы, пісталеты, гранаты і патроны. У кожнай адзінкі зброі — свой нумар, які зьвяраецца.

«У кожную правераную скрыню кладзецца ліст справаздачы, на якім стаяць подпісы сяброў камісіі і начальніка, — тлумачыць Анатоль. — Усё гэта закрываецца спэцыяльным дротам і плямбуецца».

Вайскоўцы разам зь міліцыянтам гандлявалі аўтаматамі і гранатамі, — «Наша ніва»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG