Працу на палях Сеньненшчыны зводнага ўзводу кіроўцаў 114-й школы падрыхтоўкі прапаршчыкаў і спэцыялістаў харчовай службы з часткі пад Барысавам апісала ў верасьні газэта «Витебские вести».
З манэўраў — на салому
Выданьне паведаміла, што вайскоўцы перавезьлі 7 тысяч тон збожжа (траціна ўсяго сабранага ў раёне хлеба), больш за 1 тысячу тон саломы і насеньня рапсу, дапамагалі ў іншых працах.
Жылі 45 вайскоўцаў на базе «Райаграсэрвісу» і ў аграгарадку Янава, а праз 50 дзён іх урачыста праводзілі на месцы дысьлякацыі: з парадам на галоўнай плошчы Сянна, з кветкамі і раздачай падарункаў, з разьвітальнай прамовай старшыні райвыканкаму Васіля Чарэдніка, які адзначыў, што беларускае войска моцнае і на палетках, а ня толькі на манэўрах.
Хіба гэта нармальна, што цягам амаль двух месяцаў вайскоўцаў з-пад Барысава адрываюць ад баявой падрыхтоўкі і накіроўваюць працаваць у аграрныя гаспадаркі, ды яшчэ бясплатна?
Такім пытаньнем задаліся праваабаронцы з цэнтру «Вясна». Валянцін Стэфановіч накіраваў у Генэральную пракуратуру Беларусі заяву аб правядзеньні пракурорскай праверкі.
«Хіба гэта не прымусовая праца? 45 чалавек прымусілі працаваць без грашовай аплаты, за харчы і дах над галавой, чым яны як вайскоўцы і так былі забясьпечаныя. Рабілася гэта на загад камандаваньня, а значыць, вайскоўцы проста ня мелі магчымасьці адмовіцца. Мы прасілі адрэагаваць, але прыйшоў адмоўны адказ», — сказаў Свабодзе Валянцін Стэфановіч.
Праверку заявы праваабаронцы «Вясны», паводле адказу з Генпракуратуры, праводзіў начальнік упраўленьня нагляду за выкананьнем заканадаўства ў войску Мікалай Апалькоў. Парушэньняў закону ў прыцягненьні 45 вайскоўцаў на ўборку ўраджаю ў Сеньненскім раёне ён ня выявіў.
«Ваеннаслужачыя накіроўваліся для аказаньня дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям па ўборцы ўраджаю ў парадку, прадугледжаным Указам прэзыдэнта № 300 «Аб прадастаўленьні і выкананьні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі», — сказана ў адказе за подпісам Мікалая Апалькова.
Чакаючы «разбору палётаў» у ААН
Валянцін Стэфановіч нагадаў, што ў наступным годзе ў ААН будзе заслухоўвацца справаздача Беларусі аб выкананьні падпісанага ёю Міжнароднага акту аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах грамадзянаў. Па зьвестках праваабаронцы, у межах падрыхтоўкі да гэтага разгляду з ААН у дзяржаўныя ўстановы Беларусі ўжо разасланыя пытаньні, у тым ліку пра тое, як выконваюцца абавязаньні не дапускаць прымусовай працы.
«Мы рыхтуем сваю альтэрнатыўную справаздачу да разгляду гэтага пытаньня ў ААН, вядзём маніторынг і назапашваем такія факты, як было ў Сяньне», — сказаў праваабаронца.
Бясплатная працоўная сіла
Сеньненскі раён — не адзіны, дзе сёлета на ўборцы выкарыстоўвалася праца вайскоўцаў. Абароннае ведамства ў гэтым годзе таксама дапамагала ў Менскім і Мсьціслаўскім раёнах, там было задзейнічана 114 вайскоўцаў і 70 адзінак тэхнікі. Пра гэта 30 ліпеня паведамляла агенцтва БелТА.
Наколькі законна выкарыстоўваць вайскоўцаў у працах, акрамя тых, якія зьвязаныя з вайсковай службай?
У 11-м артыкуле закону «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» гаворыцца, што недапушчальна прыцягваць Узброеныя сілы для выкананьня задачаў, не зьвязаных з забесьпячэньнем ваеннай бясьпекі і збройнай абароны Беларусі, яе сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і канстытуцыйнага ладу.
Выключэньнем могуць быць выпадкі неабходнай абароны насельніцтва і аказаньня яму дапамогі пры ўзьнікненьні надзвычайных сытуацый.
Аналягічная норма ўтрымліваецца і ў артыкуле 10 закону «Аб статусе ваеннаслужачага».
Паводле Валянціна Стэфановіча, уборка ўраджаю — аніяк не надзвычайная сытуацыя.
«Канечне, нашы ўлады могуць назваць гэта як заўгодна, хоць спонсарскай дапамогай. Але перакананы, што экспэрты ААН паставяцца да гэтага інакш», — мяркуе праваабаронца.
Атрымаць камэнтар Міністэрства абароны Беларусі адносна выкарыстаньня вайскоўцаў на сельскагаспадарчых працах не ўдалося.
Ад кастрычніка 2017 году беларускае войска скаланаюць скандалы зь дзедаўшчынай, прысваеньнем сяржантамі грошай шарагоўцаў, злоўжываньнямі старэйшых афіцэраў.
У судах прайшоў зь дзясятак працэсаў над вайскоўцамі, якія скончыліся для абвінавачаных тэрмінамі зьняволеньня ад 3 да 9 гадоў. Самы гучны працэс днямі завяршыўся ў Менскім абласным судзе: трох вайскоўцаў прызналі вінаватымі ў злоўжываньнях і ў давядзеньні да самагубства шарагоўца Аляксандра Коржыча, які служыў у Печах.