Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржантам у «справе Коржыча» прысудзілі ад 6 да 9 гадоў турмы. ВІДЭА

абноўлена

Увечары 5 кастрычніка быў агучаны прысуд у «справе Коржыча»: сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч прызнаныя вінаватымі.

Суд асудзіў:

  • Бараноўскага — на 9 гадоў пазбаўленьня волі;
  • Вяжэвіча — на 7 гадоў пазбаўленьня волі;
  • Скуратовіча — на 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Усіх асуджаных пазбавілі вайсковых званьняў, усю іх маёмасьць канфіскавалі. Цягам 5 гадоў асуджаным забаронена выконваць арганізацыйна-распарадчыя працы.

Іх судзілі паводле частак 1 і 2 артыкула 430 і часткі 3 артыкула 455, ім пагражала да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Сваю віну абвінавачаныя прызналі часткова. Яны адмаўляюць, што сваімі дзеяньнямі маглі справакаваць самагубства падначаленага ім Аляксандра Коржыча.

Сьвятлана Коржыч
Сьвятлана Коржыч

Маці загінулага Сьвятлана Коржыч з прысудам не пагадзілася, яна ня згодная, што Аляксандар Коржыч зьдзейсьніў самагубства.

«Нават перад апошнім паседжаньнем усіх маіх родзічаў папярэдзілі, каб не давалі на карысьць Сашы ніякіх паказаньняў», — заявіла Коржыч.

Сьвятлана Коржыч
Сьвятлана Коржыч

Сьвятлана Коржыч будзе падаваць апэляцыю. Яна кажа, што інакшага прысуду не чакала.

«Я нічога лепшага не чакала. Калі б былі прынятыя больш строгія меры, калі б адбыліся кардынальныя зьмены. Аказалася, войска ў нас добрае. Я не хачу сказаць, што ў нас войска кепскае. Войска ў нас добрае, але вось такія асобы, якія кампрамэтуюць сябе...», — сказала Коржыч.

Сьвятлана Коржыч заявіла, што будзе дамагацца сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Усе судовыя разборы тычыліся ралтонаў», — заявіла Коржыч.

На яе думку, Аляксандар Коржыч пачаў ваяваць з сыстэмай, выступіў супраць пабораў. Дамагацца кампэнсацыі ад Міністэрства абароны Сьвятлана Коржыч ня будзе.

«Тыя зьверствы, якія зьдзяйсьнялі сяржанты пад кіраўніцтвам нашага ротнага Сукавенкі Паўла Паўлавіча. Думаеце, ён ня ведаў? Ён у гэты час дзяжурыў там 26 верасьня. Ён адказваў за колькасны ўлік. І што, ён ня ведаў, дзе Саша?» — сказала Коржыч.

Падсудныя Ягор Скуратовіч, Ягор Бараноўскі, Артур Вяжэвіч (зьлева направа)
Падсудныя Ягор Скуратовіч, Ягор Бараноўскі, Артур Вяжэвіч (зьлева направа)

Суд па справе аб сьмерці шарагоўца Коржыча пачаўся 8 жніўня. Паседжаньні па справе, якую разглядае Менскі абласны суд, праходзілі ў будынку Маскоўскага раённага суду Менску.

Поўная храналёгія «справы Аляксандра Коржыча»

На думку пракурора, злачынныя дзеяньні траіх сяржантаў у выглядзе перавышэньня ўлады мелі цяжкія наступствы (а менавіта — давядзеньне шарагоўца да самагубства).

«Свае дзеяньні абвінавачаныя зьдзяйсьнялі па папярэдняй змове, дзёрзка і адкрыта», — заяўляў пракурор Шарсьнёў. Таксама дзяржаўны абвінаваўца выказаў упэўненасьць, што на працэсе быў даказаны факт самагубства Аляксандра Коржыча, падставаў гаварыць пра забойства няма.​

Працэс некалькі разоў перапыняўся. Перапынкі былі зьвязаныя зь неабходнасьцю даставіць на паседжаньне заяўленых сьведак, а таксама з праверкай заяваў абвінавачаных пра тое, што падчас папярэдняга сьледзтва ўсе яны зазнавалі фізычны і маральны ціск з боку КДБ.

Праверку ініцыявала Генэральная пракуратура, працягвалася яна амаль месяц і пацьверджаньня словам абвінавачаных не знайшла. У адказ адвакаты абвінавачаных сяржантаў заявілі суду, што, нягледзячы на працягласьць праверкі, за ўвесь месяц ніводзін супрацоўнік Генпракуратуры не апытаў іх падабаронных асабіста.

Першыя некалькі тыдняў працэсу амаль цалкам былі прысьвечаныя допыту пацярпелых — былых саслужыўцаў загінулага салдата. На суд іх прывозілі арганізавана, партыямі па некалькі дзясяткаў чалавек. Агулам судзьдзя і пракурор апыталі каля 60 салдат. Амаль усе яны расказалі пра пазастатутныя адносіны ў частцы, дзе служыў Коржыч. Найбольш частыя праявы — паборы за карыстаньне мабільнікамі і за дазвол наведваць краму, зьбіцьцё за нязначныя парушэньні дысцыпліны і правілаў зьнешняга выгляду, канфіскацыя перададзеных роднымі і сябрамі прадуктаў.

Допыт кожнага з пацярпелых працягваўся ад 30 хвілін да 3 гадзін. Ніхто з салдат ня выступіў з патрабаваньнем кампэнсаваць нанесеную яму маральную і матэрыяльную шкоду. Некаторыя з пацярпелых заявілі ў залі суду, што пацярпелымі сябе ня лічаць.

Коржыча саслужыўцы характарызавалі выключна станоўча.

Большасьць з пацярпелых расказалі, што зьмены ў яго настроі адбыліся прыкладна за месяц да сьмерці, пасьля наведваньня мэдычнай часткі, дзе Аляксандар Коржыч лячыўся ад прастуднага захворваньня. Ніхто з саслужыўцаў ня змог патлумачыць, што магло стаць прычынай самагубства. Па іх словах, «Коржыча ніхто зь сяржантаў больш за іншых салдат ня біў».

Афіцэры: гэта быў збой сыстэмы

На працэсе выступіла каля дзесяці афіцэраў, усіх іх дапытвалі ў якасьці сьведак. У тым ліку былога камандзіра роты Коржыча Паўла Сукавенку. Першапачаткова ён быў затрыманы па справе аб гібелі салдата, але пазьней яго справу выдзелілі ў асобную.

Акрамя Сукавенкі, у суд выклікалі былога камандзіра Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах палкоўніка Чарнецкага, камандзіра часткі Коржыча падпалкоўніка Чарнова, намесьніка камандзіра роты па ідэалягічнай працы капітана Чыркова і іншых.

Усе яны сказалі суду, што нічога ня ведалі пра факты пазастатутных адносін і пачулі пра іх упершыню альбо ад супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, альбо ад маці Коржыча. Па словах афіцэраў, ім нічога не вядома пра прычыны сьмерці салдата. Падпалкоўнік Чарнецкі назваў трагічны выпадак «збоем сыстэмы».

Экспэрты: гэта магло быць самагубства

У якасьці экспэртаў на працэсе выступілі патолягаанатам, псыхіятры і псыхолягі. Па словах патолягаанатама, на целе Аляксандра Коржыча не было знойдзена сьлядоў барацьбы, а яго сьмерць была выкліканая мэханічнай асьфіксіяй у выніку павешаньня. Псыхіятры сказалі, што незадоўга да сьмерці ў Коржыча не было выяўлена псыхічных захворваньняў і суіцыдальных настрояў, аднак гэта не выключае таго, што салдат мог учыніць самагубства. Яго прычынай маглі быць як узаемаадносіны ўнутры вайсковай часткі, так і зьнешнія прычыны, не зьвязаныя з вайсковай службай.

Тое, што цела Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным з завязанай на галаве майкай і зьвязанымі нагамі, адзін з экспэртаў (патолягаанатам) патлумачыў жаданьнем пазбавіць сябе магчымасьці выратавацца ў апошні момант альбо намерам выдаць суіцыд за забойства. У той жа час экспэрты-псыхіятры не змаглі адназначна ацаніць такія дзеяньні і назвалі выпадак Коржыча «вельмі ўскладненым» для шараговага самагубства.

Усе пашкоджаньні, заўважаныя на целе Аляксандра Коржыча яго роднымі і сябрамі, маюць, па словах экспэртаў, пасьмяротнае паходжаньне.

Маці Коржыча настойвае, што сына забілі

Сьвятлана Коржыч наведвала працэс з адвакаткай, якую дала дзяржава. Прыяжджала маці прыкладна на траціну паседжаньняў, актыўна ўдзельнічала ў допытах сьведак і абвінавачаных, падавала хадайніцтвы.

Яна па-ранейшаму настойвае, што яе сын стаў ахвярай забойства. На працэсе не ўдалося высьветліць, якім чынам Аляксандар Коржыч змог трапіць у падвал мэдроты ў дзень сваёй выпіскі, чаму яго не шукалі на працягу тыдня пасьля зьнікненьня, якім чынам ён змог сам павесіцца ў поўнай цемры, бязь лесьвіцы або крэсла, прычым не пашкодзіўшы і ня выпацкаўшы формы. Паводле Сьвятланы Коржыч, усё гэта сьведчыць на карысьць вэрсіі аб гвалтоўнай сьмерці яе сына.

Яна таксама працягвае настойваць на прыцягненьні да адказнасьці ня толькі сяржантаў, але і афіцэраў, уключна з палкоўнікам Чарнецкім.

Архіўнае фота. Магіла Аляксандра Коржыча
Архіўнае фота. Магіла Аляксандра Коржыча
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG