Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесены прысуд камандзірам Аляксандра Коржыча. ВІДЭА


Старшы лейтэнант Павал Сукавенка (зьлева) і прапаршчык Артур Вірбал у судзе, 19 кастрычніка 2018 году
Старшы лейтэнант Павал Сукавенка (зьлева) і прапаршчык Артур Вірбал у судзе, 19 кастрычніка 2018 году

Старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку і прапаршчыка Артура Вірбала судзілі па асобнай справе.

19 кастрычніка Менскі абласны суд агучыў вырак па справе былых камандзіраў роты, у якой служыў Аляксандар Коржыч. Суд прызнаў іх вінаватымі ў перавышэньні ўлады. Камандзіра роты, старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку прыгаварылі да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Ягонага намесьніка, прапаршчыка Артура Вірбала — да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Менавіта такое пакараньне на судзе прасіў пракурор. Таксама іх абодвух пазбавілі вайсковых званьняў.

Працэс у справе Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала пачаўся 1 кастрычніка, яе разглядаў Менскі абласны суд. Абодва падсудныя камандавалі ротай, у якой служыў Аляксандар Коржыч. Сукавенка — адзіны афіцэр, якога асудзілі пасьля сьмерці Коржыча. На працэсе па факце сьмерці салдата ён выступаў у якасьці сьведкі.

Сукавенку і Вірбала абвінавачвалі ў перавышэньні ўлады, альбо ў бязьдзеяньні ўлады паводле частак 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэксу. Паводле вэрсіі сьледзтва, яны неаднаразова білі падначаленых ім сяржантаў, а таксама вымагалі ў іх прадукты харчаваньня і цыгарэты. Акрамя гэтага, Сукавенку абвінавачваюць у прысваеньні часткі грашовых сродкаў, якія ён павінен быў выдаваць падначаленым салдатам і сяржантам.

У судзе
У судзе

Сваю віну Артур Вірбал прызнаў цалкам. Павал Сукавенка адмаўляе, што ягоныя дзеяньні былі накіраваныя на замацаваньне ўласнага аўтарытэту і прыніжэньне падначаленых.

Прысуд па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча вынесуць 5 лістапада. На лаве падсудных трое сяржантаў роты Коржыча — Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе яны прызнаныя пацярпелымі па справе Сукавенкі і Вірбала.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG