Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціску няма», але ёсьць «мэркантыльныя інтарэсы». Што новы амбасадар Сямашка казаў пра Расею


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Амбасадарам Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі цяпер будзе працаваць 68-гадовы Ўладзімер Сямашка, які 15 гадоў прапрацаваў ва ўрадзе на пасадзе віцэ-прэм’ера. Сямашка ня раз вырашаў праблемы ў беларуска-расейскіх стасунках, у тым ліку ў самыя цяжкія моманты.

Свабода паглядзела, што казаў цяперашні амбасадар і былы віцэ-прэм’ер пра дачыненьні з усходняй суседкай.

Пра «гандлёвыя войны»

У красавіку сёлета Расея ўвяла часовую забарону на пастаўкі беларускай сьвініны.

«Заўжды, калі ўзьнікаюць нейкія разборкі, я думаю, што гэта не міждзяржаўнае пытаньне, гэта пра мэркантыльныя інтарэсы нехта дбае», — заявіў тады журналістам віцэ-прэмʼер.

Пра энэрганосьбіты

Розныя цэны на газ у Беларусі і Расеі — несправядлівасьць. Пра гэта Ўладзімер Сямашка казаў на Краснаярскім эканамічным форуме сёлета.

«Мы ня можам прызнаць нармальнай сытуацыю, калі ў саюзнай дзяржаве, напрыклад на мяжы са Смаленскай вобласьцю, Беларусь больш як у два разы [даражэй] за газ плаціць».

Яшчэ раней Уладзімер Сямашка прапаноўваў стварыць супольны з Расеяй рынак газу.

Прыродныя рэсурсы з Расеі — адна з асноўных тэмаў, якую ня раз уздымаў былы віцэ-прэмʼер. Паводле яго, наконт нафты з Расеяй дамовіліся аж да 2025 году.

«Мы ў красавіку ўрэгулявалі ўсе адносіны па нафце да 2025 году. Няма ўльтыматумаў і шантажу і, спадзяюся, ня будзе», — казаў віцэ-прэмʼер.

Урэгуляваць праблемы з пастаўкамі нафты, паводле Сямашкі, дапамаглі адносіны з Вэнэсуэлай.

«Калі б не было паставак вэнэсуэльскай нафты ў мінулыя гады, то, напэўна, не адбылося б пагадненьня аб стварэньні адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў», — казаў Сямашка ў 2012 годзе.

Пра зьнешнеэканамічныя вэктары

У 2009-м Уладзімер Сямашка нават акрэсьліў, як мусіць працаваць гандаль з іншымі краінамі ў Беларусі.

«Беларусь павінна стаяць на дзьвюх нагах. Мець выдатныя стасункі з Расеяй, нам яе ніхто ніколі не заменіць, там мы асноўныя энэрганосьбіты на льготных умовах атрымліваем, там у многім наш рынак, нашы сувязі. А з другога боку, мы павінны працаваць з Эўропай», — казаў у інтэрвію naviny.by Сямашка.

А вось прадаваць у Расею віцэ-прэмʼер Сямашка прапаноўваў аўтамабілі Geely. Яшчэ ў 2015 годзе ён запэўніваў Аляксандра Лукашэнку, што пры магутнасьці заводу на 60 тысяч аўтамабіляў усходнім суседзям можна прадаваць 50 тысяч за год.

Уладзімер Сямашка працаваў ва ўрадзе з 2003 году, быў намесьнікам прэм’ера. Яго зьнялі з пасады пасьля таго, як Лукашэнка раскрытыкаваў працу ўраду сёлета ў жніўні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG