Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарам Беларусі ў Расеі прызначаны Сямашка. Лукашэнка ўзгадняў гэта з Пуціным

абноўлена

Уладзімер Сямашка, архіўнае фота
Уладзімер Сямашка, архіўнае фота

Ён 15 гадоў быў намесьнікам прэм’ера, куратарам сфэры прамысловасьці і энэргетычнага комплексу.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Беларусі ў Расеі 68-гадовага былога віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашку, піша БелТА.

Разам з тым Сямашка будзе паўнамоцным прадстаўніком краіны пры Эканамічным савеце СНД і пры АДКБ, спэцыяльным прадстаўніком Беларусі ў пытаньнях інтэграцыйнай супрацы ў так званай «Саюзнай дзяржаве», ЭАЭС, СНД і АДКБ.

Аб прызначэньні Сямашкі стала вядома пасьля сустрэчы прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса з амбасадарам Расеі ў Беларусі Міхаілам Бабічам.

Абвяшчаючы прызначэньне Сямашкі, Лукашэнка адзначыў, што абмяркоўваў яго з прэзыдэнтам Расеі.

«Я і Пуціна папярэдзіў. Мы зь ім абмяркоўвалі, прытым прадметна, кандыдатуру Сямашкі. Ён так з усьмешкай кажа: „Ну, я чакаю Ўладзімера Ільліча ў Маскве“, — цытуе кіраўніка Беларусі БелТА. — Я, кажа, з задавальненьнем, хай прыяжджае ў Маскву, мы ведаем яго добра. То бок вельмі пазытыўнае было стаўленьне».

Таксама Лукашэнка прызначыў амбасадарамі:

  • у Вугоршчыну, Босьнію і Герцагавіну — Аляксандра Панамарова;
  • у Сырыю, Ярданію і Лібан — Юрыя Слуку;
  • у Індыю і Шры-Лянку — Андрэя Ржавускага.

***

У 2015 годзе Лукашэнка так казаў пра Сямашку:

«Пры ўсіх адмоўных нюансах у пляне характару гэта вельмі кваліфікаваны, талковы спэцыяліст, прафэсіянал, ён ведае ўсё — сапраўдная энцыкляпэдыя. І ён як бульдог у перамовах — не саступіць нікому сваёй пазыцыі, і гэта ўсё аргумэнтавана».

Уладзімер Сямашка нарадзіўся ў Калінкавічах Гомельскай вобласьці, атрымаў вышэйшую адукацыю інжынэра-мэханіка ў Палітэхнічным інстытуце (цяперашні БНТУ). Пачаў працу інжынэрам на «Інтэграле», у 1996-м стаў дырэктарам заводу «Гарызонт», у 2001-м — міністрам энэргетыкі.

Ад 2003 году быў намесьнікам прэм’ера, у складзе ўраду куратарам сфэры прамысловасьці і паліўна-энэргетычнага комплексу. Быў заменены на пасадзе Ігарам Ляшэнкам, калі Лукашэнка зьмяніў вярхі, назваўшы папярэдні ўрад «пафігічным».

Уладзімер Сямашка на прагулцы непадалёк ад Драздоў, лета 2018 году
Уладзімер Сямашка на прагулцы непадалёк ад Драздоў, лета 2018 году

Папярэдні амбасадар Беларусі ў Расеі Ігар Петрышэнка займаў пасаду з 2012 году, цяпер прызначаны віцэ-прэм’ерам (перад прызначэньнем Лукашэнка казаў, што прыслухаецца да думак міністра замежных справаў Уладзімера Макея аб кандыдатурах на пасады ў вярхах ураду).

Гэта адбылося яшчэ ў жніўні, а ў верасьні Лукашэнка даручыў Макею «падумаць над іншымі варыянтамі» амбасадара ў Расеі (тады хадзілі чуткі, што амбасадарам прызначаць Максіма Рыжанкова). Такім чынам, пытаньне разглядалася тры месяцы.

Пазамінулы амбасадар Андрэй Кабякоў быў на пасадзе толькі год, пасьля чатыры быў прэм’ерам, але звольнены пасьля крытыкі ўраду Лукашэнкам. Да яго амбасадарам больш за пяць гадоў быў Васіль Даўгалёў, які пасьля стаў дарадцам старшыні «Белгазпрамбанку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG