Уладзімер Сямашка, пасьля таго як пасядзеў за рулём, падзяліўся ўражаньнямі:
«Розьніцы не адчуў — што на Audi A8 едзеш, што на нашым электрааўтамабілі».
Тэхнічныя парамэтры і меркаваны кошт
Пакуль гэта тэставы асобнік, навукоўцы думаюць, дзе арганізаваць сэрыйную вытворчасьць — ці то на БелАЗе, ці то на «Белкамунмашы».
Распрацоўнікі запэўніваюць, што ўсе кампанэнты электрапрываду — беларускай вытворчасьці. Выключэньнем толькі назапашвальнік энэргіі — так званая «батарэйка». Але канструктары працуюць над стварэньнем супэркандэнсатара, кажуць, што беларускі прататып не за гарамі. Вытворчасьць беларускіх электрамабіляў яны абяцаюць пачаць праз 3 гады.
На адной зарадцы машына можа праехаць 150 кілямэтраў. Зараджаецца яна 6 гадзінаў ад крыніцы сілкаваньня ў 220 вольт, альбо 3-4 гадзіны ад 380 вольт.
Магутнасьць рухавіка — 80 конскіх сілаў. Невысокі паказьнік тлумачыцца тым, што транспартны сродак разьлічаны для руху па горадзе. Падчас выпрабаваньняў аўто разганялася да 110 кілямэтраў на гадзіну.
Мяркуецца, што электрамабіль будзе прыблізна ўдвая даражэйшы за бэнзінавы аналяг. Базавая мадэль Geely SC7, узятая за прататып, каштуе ў эквіваленце 10 тысяч даляраў. Адпаведна, электрычная вэрсія будзе стартаваць ад 20 тысяч даляраў. Гэта меней, чым «Тэсла», але больш за прадукцыю некаторых іншых вытворцаў.
З электрамабілем Беларусь «вынайшла ровар»
Ці можна лічыць навіну пра беларускі электрамабіль рэвалюцыйнай? Ці азначае гэта, што пачынальнікам гэтай справы ў асобе амэрыканскай кампаніі Tesla цяпер трэба асьцерагацца канкурэнта зь Беларусі?
Вадзім Шут, кіраўнік менскай фірмы ВаДи Авто, якая ажыцьцяўляе рамонт, тэхнічнае абслугоўваньне і продаж электрамабіляў замежных вытворцаў, уключна з «Тэслай», перакананы: пры любым раскладзе беларускі аналяг будзе ў ролі даганятага:
«Цяпер тэхналёгіі настолька далёка зайшлі, што можна шмат чаго зрабіць нават за месяц. Вынаходзіць нічога ня трэба, усё ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, любая інфармацыя даступная. Электронікі нашы разумныя і маглі б зрабіць нават лепей, чым атрымалася — сёньня „Тэслу“ можна разабраць-сабраць і дакладны аналяг зьляпіць самому.
Выпусьціць электрамабіль праблемаў няма, праблема больш у тэхналёгіях і далейшай вытворчасьці. Ну і знайсьці грошы, каб запусьціць праект. Але мне здаецца, каб дзяржава аддала больш увагі спэцыяльнаму транспарту — электратрактарам ці электрасамазвалам — эфэкт быў бы большы, чым спрабаваць зараз уклініцца ў рынак легкавых электрамабіляў, у якім дагэтуль ніколі не былі».
Адставаньне амаль на дзесяцігодзьдзе
На думку Вадзіма Шута, з вырабам легкавога электрамабіля Беларусь спазьнілася, таму марыць пра ўсясьветную экспансію не выпадае:
«Ведаеце такі жарт? Ёсьць сотавы тэлефон, а ёсьць iPhone. Гэтак жа і электрамабілі: ёсьць Tesla, а ёсьць усе астатнія. Tesla настолькі сур’ёзна адыграла шэраг пазыцый у параўнаньні з астатнімі вытворцамі, што дагнаць яе будзе надзвычай складана. Нават калі „Мэрсэдэс“ зараз кіне ў гэта ўсе свае сілы, наўрад ці што атрымаецца. Таму і не кідаюць, проста бяруць лепшае і ставяць на свае машыны.
Каб мяне сёньня забясьпечылі матэрыяльнымі і тэхнічнымі магчымасьцямі, я, думаю, за год зрабіў бы аўтамабіль узроўню „Тэслы“. Іншая справа, ці гэта патрэбна? Ведаючы фізыку, матэматыку, маючы магчымасьць прыцягваць граматных інжынэраў, зрабіць аўтамабіль можна ўсюды. Бо самы дарагі — першы экзэмпляр. Tesla выпусьціла свайго „першынца“ ў 2008-м, адпаведна, фору ў 9 гадоў нам нагнаць будзе вельмі цяжка. Іншая справа, каб ад пачатку экспэрымэнтавалі на базе ня Geely, а Tesla. Бо прасьцей купіць гатовыя тэхналёгіі, стварыць вытворчасьць і рабіць».
Маск у Беларусі моцна рызыкуе
Чаму беларусы не паспрабавалі ўступіць у перамовы з заснавальнікам Tesla Іланам Маскам, а спыніліся на кітайскім варыянце? Вадзім Шут лічыць, што сёньня гэта наўрад ці патрэбна самому патэнцыйнаму інвэстару:
«Дзеля чаго Маску ісьці ў Беларусь, дзе ён ніяк ня будзе абаронены? Ён прыватная асоба, навошта яму рызыкаваць? Кітай — іншая справа, гэта вялізная дзяржава, якая можа за сябе пастаяць. На постсавецкай прасторы Маску рабілі прапановы і Ўкраіна, і Расея — усё забясьпечым, толькі прыходзь. Але ён цудоўна разумее: апынуўшыся ва ўмовах няўстойлівай палітычнай і эканамічнай сытуацыі, можна страціць усё, што ёсьць.
Таму тое, што нашы робяць, варта пахваліць. За стараньне — паказалі, што таксама можам. Але ёсьць іншыя сфэры дзейнасьці, дзе мы сапраўды найлепшыя. Электрамабілі — галіна занадта спэцыфічная. А паколькі дагнаць „Тэслу“ не атрымаецца, тады для чаго ўсё? Бо за той час, пакуль будзем даганяць, яна вырвецца яшчэ далей. Праблема ўсёй нашай краіны і ўсяго грамадзтва ў тым, што спрабуем дагнаць і перагнаць, хоць рэальна прасьцей браць гатовыя прадукты і проста іх разьвіваць».
Прэзэнтуючы першы айчынны электрамабіль, кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Гусакоў заявіў, што Беларусь валодае сур’ёзным патэнцыялам, а таму здольная вырашаць любыя, нават самыя складаныя задачы.
Як парыруе Вадзім Шут, усё ж было б лепей, каб навукоўцы не прыдумлялі даўно існуючы ровар, а перадусім заклапаціліся стварэньнем адпаведнай інфраструктуры. Пакуль што перадумоваў для запатрабаванасьці электрааўтамабіляў у Беларусі не адчуваецца.