Вядомы галяндзкі журналіст распрацаваў для сваіх суайчыньнікаў новы маршрут у Беларусь як «музэй розных гістарычных эпох пад адкрытым небам».
Ад 27 ліпеня ў Беларусі для замежных гасьцей пачаў дзейнічаць 30-дзённы бязьвізавы рэжым.
Што замежнаму турысту рабіць у Беларусі 30 дзён
Сайты галяндзкіх турапэратараў сёлета ўпершыню прапануюць сваім кліентам новыя, больш працяглыя, чым раней (12-15 дзён) маршруты ў Беларусь. Гэта ня толькі традыцыйныя знаёмствы са славутымі гістарычнымі мясьцінамі, але і самыя розныя віды адпачынку: сямейны з пражываньнем на аграсядзібах, спартовы з роварнымі падарожжамі праз усю Беларусь. Ёсьць таксама праграмы з экалягічнымі маршрутамі, у тым ліку з наведаньнем Чарнобыля, або так званым «падарожжам у савецкі час».
Беларусь бясьпечная і прыязная
Як адзначаецца ў турыстычных буклетах, «Беларусь бясьпечная, акуратная і прыязная краіна, у асноўным з добрымі дарогамі. Прычынамі для наведваньня краіны зьяўляюцца прыгожыя старыя гарады, велізарная сельская мясцовасьць з фэрмэрскімі гаспадаркамі і дамамі для пражываньня, шматлікія прыродныя паркі і, вядома ж, магчымасьць пазнаёміцца з гэтай невядомай краінай, якая знаходзіцца на шляху паміж савецкай мінуўшчынай і сучаснасьцю.
10 экскурсій па небе, зямлі і вадзе Беларусі
Гід па Беларусі ад Пэтэра Бэргвэрфа
Распрацоўшчык канцэпцыі адной з двухтыднёвых праграмаў у Беларусь ад турфірмы Historizon — вядомы нідэрляндзкі журналіст з 40-гадовым стажам Пэтэр Бэргвэрф, які 20 апошніх гадоў працаваў рэдактарам уплывовага выданьня Nederlands Dagblad. Некалі яму даводзілася працаваць у СССР, а пасьля яго развалу пісаць пра постсавецкія рэспублікі, у тым ліку і пра Беларусь. Пэтэр Бэргвэрф перакананы, што звыклае для Захаду азначэньне Беларусі як «апошняй дыктатуры Эўропы» — вельмі вузкае і недастатковае для гэтай краіны. Галяндзкім турыстам, якіх ён будзе суправаджаць як гід, журналіст хоча паказаць Беларусь як «музэй розных гістарычных эпох пад адкрытым небам».
Так, адзначае ён, тут усё яшчэ існуе КДБ і перасьледуецца апазыцыя, шмат сталінскай архітэктуры да помнікаў Леніну, шмат таго, што нагадвае савецкае мінулае.
«Беларусь, як здаецца, не саромецца сваіх „чырвоных каранёў“, нягледзячы на тое, што рэспубліка прэзыдэнта Лукашэнкі адмовілася ад камунізму. Тым ня менш апошнім часам краіна ўсё больш адкрываецца замежным гасьцям геаграфічна, палітычна, гістарычна і рэлігійна».
«Турысты літаральна поўзаюць па Беларусі і вельмі задаволеныя». Лабадзенка раіць, што паказаць замежніку
Як кажа Пэтэр Бэргвэрф, ён ня бачыў больш цікавай краіны, разьмешчанай на скрыжаваньні Ўсходу і Захаду. Разам з суайчыньнікамі, якія прыляцяць у Менск з Амстэрдаму, яны праедуць на аўтобусе ды цягніку літаральна праз усю Беларусь. У праграме няма «зьбітых» турыстычных маршрутаў з наведваньнем так званых «абавязковых» месцаў, якія выклікаюць мала ўвагі. Затое ёсьць магчымасьць атрымаць інфармацыю пра самыя розныя бакі жыцьця беларускага грамадзтва. Адным з адмысловых аспэктаў паездкі стануць сустрэчы, гутаркі ды дыскусіі з самімі беларусамі — як са «звычайнымі грамадзянамі», так і экспэртамі ў галіне царквы, гісторыі, мастацтва, СМІ.
На скрыжаваньні Ўсходу і Захаду
У чым, на думку Бэргвэрфа, турыстычная прывабнасьць паездкі? Па-першае, ва ўнікальным месцазнаходжаньні краіны — на скрыжаваньні Ўсходу і Захаду. Паводле журналіста, гэта не магло не адбіцца на вонкавым выглядзе населеных пунктаў Берасьцейшчыны. Горадзеншчыны, Меншчыны, якія мяжуюць з Польшчай ды Літвой, а таму маюць прыкметы велічнага прускага Захаду. Што да Віцебшчыны, то тут, асабліва ў вясковай мясцовасьці, больш адчувальны ўсходні ўплыў Расейскай імпэрыі ды краіны Саветаў.
Што агульнага ў галяндцаў і беларусаў
Па-другое, моманты, якія родняць нідэрляндцаў ды беларусаў. Напрыклад, галяндзкія карані некаторых беларускіх цэркваў. У сувязі з тым, што падчас чырвонага рэжыму беларускім вернікам, асабліва каталікам і пратэстантам, давялося перажыць вельмі цяжкія часы, гэта дазволіла лёгка забыцца, што Беларусь у XVI стагодзьдзі адыгрывала важную ролю ў Рэфармацыі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі тады было сотні рэфармацкіх і лютэранскіх цэркваў. Сёньня пратэстантаў, пераважна баптыстаў ды пяцідзясятнікаў, засталося вельмі мала. Дарэчы, яны наўпрост паходзяць ад галяндзкіх анабаптыстаў-мэнанітаў. Падчас паездкі галяндзкія турысты маюць намер наведаць службу ў адной з баптысцкіх цэркваў.
Габрэйская гісторыя Беларусі
Яшчэ адзін гістарычны момант, які зьвязвае абодва народы, гэта пакуты падчас Другой сусьветнай вайны, кажа Пэтэр Бэргвэрф. На яго думку, няма ніводнай іншай краіны, дзе б вайна забрала б трэцюю частку насельніцтва. Сярод гэтых прыкладна трох мільёнаў ахвяр — 650 тысяч беларускіх габрэяў. Дзякуючы галівудзкаму фільму «Выклік» многім галяндцам вядомая гісторыя братоў-габрэяў Бельскіх, якія ў часы акупацыі пабудавалі цэлы падземны горад у Налібоцкай пушчы, дзе ўдалося схаваць больш за 1200 габрэяў.
Беларускае мастацтва
І чацьвёрты пункт, які выкліча цікавасьць у галяндзкіх турыстаў, лічыць Бэргвэрф, — гэта культурнае жыцьцё Беларусі, найперш такіх гарадоў, як Менск і Віцебск: «Падчас знаходжаньня ў сталіцы мы хочам наведаць майстэрню мастака Ягора Батальёнка, чые карціны выстаўляліся ў Нью-Ёрку і Парыжы, пабываць у беларускім тэатры опэры і балету. У Віцебску наведаем дом вядомага беларускага габрэйскага мастака Марка Шагала, а таксама музэйную экспазыцыю, прысьвечаную ягонаму настаўніку Юдэлю Пэну».