Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта распавядаць дзецям пра 29 кастрычніка?


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Сёньня пра Ноч расстраляных паэтаў, дый наогул пра рэпрэсіі, у школах не распавядаюць.

З рэпрэсаваных беларусаў у школьнай праграме ёсьць толькі Ўладзімер Дубоўка — з прыродаапісальнай лірыкай, і, здаецца, усё. Адзінаццатая кляса чытае «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына на ўроках расейскай літаратуры. У курсе гісторыі Беларусі згадваюцца, вядома, Чарвякоў і Галадзед — але нічога не сказана пра тое, як скончылася іх жыцьцё. Вядома ж, ніхто не распавядае пра спробу самагубства Янкі Купалы. Тэма сталінскіх рэпрэсій згадваецца агульнымі словамі, сарамліва і неабавязкова. Даты «29 кастрычніка» ў календары дат, якія мусяць ведаць выпускнікі, вядома ж, няма.

Наогул колькасьць маштабных трагедыяў у школьных прадметах строга лімітаваная. Можна (і трэба бясконца) — спачуваць трагедыям Вялікай Айчыннай (нават не трагедыям Другой сусьветнай). Прычым — пра Галакост асабліва ня згадваюць. Трагедыі апошняй вайны таксама ня надта роўныя паміж сабой у школьным выкладаньні.

Тлумачэньні гэтаму чуваць розныя. І палітычныя, і апалітычныя, кшталту таго, што ня трэба азмрочваць дзяцінства расповедамі пра страшнае.

Між тым бяз гэтых расповедаў нічога немагчыма зразумець — нават дзецям. Чаму, прыкладам, «Бандароўна» і «Курган» — афігенскія паэмы, якія кожным пакаленьнем шкаляроў чытаюцца ўсмак, а позьнія «праграмныя» вершы таго самага Купалы выклікаюць адно нуду? Куды праваліліся дваццаць міжваенных гадоў разьвіцьця беларускай літаратуры, і чаму адразу пасьля Коласа і Купалы наступае Броўка з ваеннай лірыкай і Кандрат Крапіва? Чаму беларуская літаратура такая бедная? Чаму яны пішуць толькі пра вёску і вайну? І нарэшце. Чаму ва ўсіх ёсьць свая мова і выбітная літаратура, а ў нас нібыта й няма?

Адказаў на гэтыя пытаньні бяз Ночы расстраляных паэтаў — няма.

І шмат чаго — няма. Няма натхнёнага расповеду пра малады, імпэтны, харызматычны час, калі ў літаратуру прыходзілі шаснаццацігадовыя хлопцы — і пачыналі перакульваць сусьвет. Калі ў сямнаццаць яны выпускалі свае першыя зборнікі — а ў дзевятнаццаць вывучалі саміх сябе ва ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях. Калі побач з маладымі беларускімі дзяржаўнікамі стаялі поплеч маладыя паэты — і будавалі краіну па-свойму. Калі яны не баяліся ўзвысіць голас за сваю краіну і сваю мову. Калі дзяўчаты зачытваліся беларускімі паэтамі і разьвешвалі па сьценах іх партрэты. Калі ў залі было не прадыхнуць ад народу, бо ўсе слухалі беларускія вершы. Калі падавалася, што вось яна — вольная воля, і ўсё зараз будзе па-твойму.

А яшчэ бяз Ночы расстраляных паэтаў няма ўсьведамленьня таго, што калі ты пускаеш у сваю хату моцнага і нахабнага суседа — ён абавязкова пачне дыктаваць сваё. І калі ты па сваёй звычцы скінеш перад ім шапку — ён здыме і галаву. Што трэба гаспадарыць у сваім доме, а не чакаць, пакуль будзе гаспадарыць іншы. Што сваё трэба бараніць. Што сваё ёсьць за што любіць.

Ці маем мы права адымаць у маладога чалавека тое, што шчодра і пакутліва дае яму ўласная гісторыя? Чужая такога ня дасьць — у чужых такога не было.

Дзеці мусяць ведаць пра 29 кастрычніка — з бацькоўскіх расповедаў, якія стануць адказам на пытаньне «Цьфу ты, зноў пра вёску», ці «Ненавіжу белліт», ці «Нашы нічога ніколі не маглі», ці «У іх Маякоўскі, а ў нас — хто?», з «пазапраграмных» школьных урокаў памяці, з літаратурных чытаньняў, зь сямейнага паходу на такія частыя сёньня імпрэзы і выставы. Гэтая дата верне ім ня толькі нашу агульную трагедыю і магчымасьць ёй спачуваць — яна верне ім наш нацыянальны гонар, нацыянальных герояў і міты пра іх, бо без герояў і мітаў маладосьць ня ўмее любіць сваё.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG