Сваякі рэпрэсаваных і аршанскія актывісты добраўпарадкавалі самаробны мэмарыял у лесе і ўшанавалі памяць расстраляных пад Воршай продкаў.
Суботнік без прымусу
Каля 20-ці чалавек сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, каб добраўпарадкаваць пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — першае, якое было афіцыйна прызнана на тэрыторыі Беларусі. Акт з адпаведнымі высновамі быў складзены ў 1982 годзе, але бадай што ўпершыню тут сабралася такая вялікая колькасьць нашчадкаў расстраляных — дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Савецкі камбінат сьмерці. У 1930-я НКВД у Воршы забіваў да 150 чалавек на дзень
Дагэтуль добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін займаліся мясцовыя актывісты, сёлета ж ініцыятыву праявілі сваякі рэпрэсаваных, кажа Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы».
«Я прыяжджаю сюды, бо пад Воршай былі расстраляныя некалькі прадстаўнікоў майго роду. Дзякуючы інтэрнэту і прыватнай перапісцы ўдалося знайсьці яшчэ шмат сем’яў нашчадкаў. Некаторыя зь іх прыехалі на Кабыляцкую гару ўпершыню, прывезьлі кветкі, сьвечкі. Бо гэтае месца — адзіная магчымасьць памянуць людзей, у якіх няма сваіх магіл», — кажа Ігар Станкевіч.
Сьвятара не было, але людзі маліліся і плакалі
За пару гадзінаў, нягледзячы на дождж, месца пахаваньня было прыбранае. Сухадрэвіны і друз прыбралі і са сьцежкі, якая вядзе да пахаваньня ад пасёлку Андрэеўшчына. Пра ініцыятыву сваякоў ведалі ў Аршанскім райвыканкаме, днямі абяцалі прыслаць транспарт, каб вывезьці сьмецьце.
Ігар Станкевіч запрасіў на месца пахаваньня праваслаўнага сьвятара, але той з невядомых прычынаў не прыйшоў. Тым ня менш, адбылася грамадзкая паніхіда: людзі распавядалі свае трагічныя сямейныя гісторыі, называлі імёны рэпрэсаваных, у тым ліку напісаныя на крыжах і помніках, якіх тут ужо каля двух дзясяткаў.
Крыжы ды іншыя памятныя знакі ставяць тут самі сваякі, два новыя крыжы-помнікі дадаліся толькі цягам апошняга месяцу — якраз пасьля таго, як аршанскія ўлады на просьбу сваякоў пагадзіліся ўсталяваць мэмарыяльную шыльду на жалобным месцы.
Аршанская турма, лес на Магілёўскай шашы — таксама месцы смутку
Нашчадкам рэпрэсаваных, якія маюць даведкі аб рэабілітацыі сваякоў, не вядомыя дакладныя месцы расстрэлу. Паводле афіцыйных зьвестак, іх утрымлівалі ў аршанскай турме, а потым расстрэльвалі. Старажылы кажуць, што найбліжэйшых да гораду «расстрэльных месцаў» было два — Кабыляцкая гара і Харкаўскі лес каля Магілёўскай шашы.
На Кабыляцкай гары яшчэ ў 1990 годзе паставілі часовы помнік ахвярам сталінізму, потым там зьявіўся камень, вакол якога цяпер ствараецца народны мэмарыял. А ў Харкаўскім лесе першы крыж ад сучасьнікаў зьявіўся толькі цяпер. Сваякі рэпрэсаваных, якія прыехалі ў Воршу з розных гарадоў, наведалі і гэтыя жалобныя мясьціны — усклалі кветкі, запалілі сьвечкі, прачыталі імёны ахвяраў.