Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярнуў зь нябыту вершы расстраляных паэтаў, сам цудам пазьбег расстрэлу. 20 фактаў пра Рыгора Бярозкіна


Рыгор Бярозкін. 1970-я гг.
Рыгор Бярозкін. 1970-я гг.

3 ліпеня — 100 гадоў з дня нараджэньня беларускага крытыка Рыгора Бярозкіна.

Сталінскі вязень, герой вайны, гэты чалавек, па словах Алеся Адамовіча, заставаўся непераўзыдзеным узорам таго, як трэба пісаць пра беларускую літаратуру.

Рыгор Бярозкін
Рыгор Бярозкін

Менавіта Рыгор Бярозкін быў адкрывальнікам талентаў Пімена Панчанкі, Аляксея Пысіна, Алеся Наўроцкага. Па-новаму раскрыў творчыя абліччы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Аркадзя Куляшова. Вярнуў зь нябыту вершы расстраляных паэтаў Юлія Таўбіна, Ізі Харыка, Масея Кульбака, Уладзімера Хадыкі.

Літаратуразнаўца Віктар Каваленка пісаў пра Бярозкіна: «Якая энэргія і багацьце сэнсавага зьместу літаратурна-крытычнага слова, выказанага па-беларуску! Якое валоданьне літаратурнай тэрміналёгіяй! Якія дакладныя, натуральныя і доказныя ацэнкі! У кожным выразе — ня толькі тэарэтычная грунтоўнасьць, але і вобразны падтэкст вялікай інтэлектуальнай і пачуцьцёвай сілы. Аказваецца, крытыка можа быць і ў наш час сапраўднай літаратурай!»

1. У сталінскія часы прыхільна пісаў пра футурызм, а ў вершах раньняга Панчанкі захапляўся яго футурыстычнай гульнёй са словам

«Футурызм абвясьціў такія прынцыпы работы над словамі, якія выключалі „сумную неабходнасьць выражаць лягічную сувязь ідэі“. „Самавітае слова“, г.зн. слова, вызваленае ад сэнсавага зьместу, бралася футурыстамі за аснову вершаванай мовы. /.../ „Заўзятых“ футурыстаў — Бурлюка, Каменскага, Кручоных — зьвязвала /.../ жаданьне стварыць новае мастацтва...» (Г. Бярозкін. Владзімір Маякоўскі // Полымя рэволюцыі, 1940, № 4); «У „Іранскім дзёньніку“ зварачвае на сябе ўвагу ўзросшая ўлада паэта над словам /.../ Паэт піша пра тугу, якая яго ахапіла: „А прыйшоў сюды — рукой зьняло. Можа не рукою, а ракою...“ Ці „Дзякуй, божа: слаўна замясіў гэты неаформлены масіў“. Панчанка на ўсе лады гне і скланяе слова Дэмавенд, ставячы яго як рыфму ў канец радка. /.../ гэта гордае пачуцьцё ўзросшай улады над словам» (Г. Бярозкін. Лінія роста // Полымя, 1946, № 8-9).

Зь сястрой Ганнай і братам Мацьвеем. Магілёў, 1937 год
Зь сястрой Ганнай і братам Мацьвеем. Магілёў, 1937 год

2. У 30-я гады актыўна выступаў супраць тагачаснай плякатнай паэзіі

«У тыя годы (1930–31) памыляліся многія паэты. Тады здавалася, што наша паэзія набудзе сваю сацыялістычную якасьць толькі ў тым выпадку, калі яна зможа абмежаваць круг сваіх жывых назіраньняў і круг сваіх мастацкіх вобразаў некаторымі вонкавымі «фабрычна-заводзкімі» адзнакамі. Лірыка тады была пад забаронай вульгарызатарскай крытыкі. [Панавала гучаньне] ілжыва-рамантычнага патасу і абстрактнага апяваньня будаўніцтва /.../, выражанага пры дапамозе наіўна-ўсклікаючых інтанацый, накшталт: «Ах, палкі час вялікіх дасягненьняў», «Ах, гэты час!» і г.д. (Г. Бярозкін. Аркадзь Куляшоў // Полымя рэволюцыі, 1939, № 8); «Гэта вельмі радасна: сярод бясконцага канвэера «гладкіх» амаль мэханічна складаемых радкоў, якімі нас частуюць /.../ паэты, знайсьці кнігу вершаў, якія прыцягваюць да сябе ўвагу сваёй сапраўднай, не пасьпеўшай астынуць лірычнасьцю, добрай назіральнасьцю, глыбокім і арганічным аптымізмам мысьлі. Я гавару пра кнігу вершаў Пімена Панчанкі «Ўпэўненасьць» (Г. Бярозкін. Вершы Пімена Панчанкі // Полымя рэволюцыі, 1939, № 5-6).​

Р. Бярозкін (зьлева) у рэдакцыі газэты «Советское слово», 1946 год
Р. Бярозкін (зьлева) у рэдакцыі газэты «Советское слово», 1946 год

3. Яго абвінавацілі ў тым, што хоча забіць Варашылава

Па ўспамінах жонкі Юліі Канэ: «Яго арыштавалі напярэдадні майскіх сьвят, дакладней, 26 красавіка 1941 году. Падышлі на вакзале, калі ён чакаў цягніка, каб ехаць у камандзіроўку па заданьні рэдакцыі. Сказалі: „Паедзеце заўтра. Пагаворым“. І „гаварылі“ амаль два месяцы, што ён вораг народу, што ўдзельнічаў у антысавецкай змове, мэтаю якой было забіць Варашылава» (Ю. Канэ. Восем радкоў // Беларусь, 1988, № 7).

4. Цудам пазьбег расстрэлу

Рыгор Бярозкін, 1944 год
Рыгор Бярозкін, 1944 год

«У чэрвені сорак першага /.../, калі /.../ карнаму ведамству стала відавочным, што Менск ня сёньня-заўтра будзе ў руках немцаў, яго [Бярозкіна. — В. Дэ Эм.] пагналі з гораду ў калёне пад канвоем. /.../ Кілямэтраў за трыццаць ад гораду — абапал гасьцінца было поле, воддаль лес — канвойныя калёну спынілі. Крыкнута каманда крымінальным і палітычным разьдзяліцца. /.../ Вырашаць трэба было імгненна: перабежка з купы ў купу не дазвалялася. Калі ж гнаныя адпаведна загаду пасталі, старшы канвою /.../ пахмурна палітычным прамовіў:

— Загад у мяне — усіх расстраляць. Але бяжыце да лесу. Кваліфікавацца будзе: даў маху, дапусьціў калектыўныя ўцёкі. Мы па вас усьлед страляем. Каго павалім — божая, значыць, воля. Хто ўратуецца — жыві, гуляй, не ўспамінай ліхам...

/.../ Ззаду затахкалі стрэлы. Бярозкін убачыў, як упаў, застыг Зэлік Аксэльрод — габрэйскі паэт, добры старэйшы прыяцель. Убачыў, як, раскінуўшы рукі, грымнуўся долу Якаў Скальскі — актор, пры нядаўнім чытаньні якім вечарамі па радыё „Вайны і міру“ рэспубліка прыпадала да рэпрадуктараў, муж Раісы Кашэльнікавай, першай /.../ Паўлінкі... Але ён, Бярозкін, бег і бег /.../ Сам упаў, канчаткова зьнямоглы, у глыбіні лесу, мала не па калені загрузнуўшы ў багне. /.../ згледзеў, што побач распласталіся /.../ два польскія афіцэры /.../. Абмяняліся думкамі, што ж рабіць далей. Палякі сказалі, што пойдуць назад у Менск — ім лепей былі немцы, чым савецкія. Габрэю Бярозкіну ісьці /.../ да немцаў, вядома, не выпадала. Ён уліўся ў плынь бежанцаў, якая рухалася /.../ да Магілёва. Ваенкаматаўскіх там не зьбянтэжыла, што пры ім не было дакумэнтаў: з разбомбленага /.../ Менску прыходзіла бездакумэнтных многа. /.../» (Уладзімер Мехаў. Успамінаючы Бярозкіна // Полымя, 1995, № 6).

5. Яго па-садысцку падстрэліў нямецкі снайпэр

У Бэрліне, 1945 год
У Бэрліне, 1945 год

«...У сьнежні сорак другога пад Сталінградам яго, тады разьведчыка, высачыў нямецкі снайпэр і нейкім фарсіста-зьдзеклівым манерам — адной куляй — прастрэліў адразу абедзьве рукі каля локцяў. Паўзьці паранены ня мог, мароз быў моцны, санітараў не было доўга. З гэтым раненьнем, абмарожаны, з загіпсаванымі, разьведзенымі ў бакі рукамі, пазбаўлены магчымасьці абслугоўваць сябе, ён прабыў у шпіталях паўгода» (Ю. Канэ. Восем радкоў // Беларусь, 1988, № 7).

6. На вайне больш баяўся былых сяброў, чым немцаў

«Маючы ззаду тое, што меў, ён /.../ баяўся сустрэчы з тымі, хто /.../ пра яго перадваеннае месцазнаходжаньне ведаў. Сядзеў неяк з ротай на прывале і раптам бачыць — па шашы набліжаецца батальён, а ўперадзе — дзіва! — увесь запартупеены Хаім Мальцінскі, габрэйскі паэт, дружбак, зь якім у Менску столькі гаворана, разам чытана, седжана ў застольлях. /.../ Убачыўшы яго, Бярозкін што ж — кінуўся насустрач, абняў, заплакаў ад радасьці? Не, хуценька скаціўся ў кювэт, схаваў галаву за куст...» (Уладзімер Мехаў. Успамінаючы Бярозкіна // Полымя, 1995, № 6).

Шарж на Р. Бярозкіна (ЛіМ, 1974 г., № 21)
Шарж на Р. Бярозкіна (ЛіМ, 1974 г., № 21)

7. З гумарам расказваў пра свае гераічныя ваенныя ўчынкі

«Ляжым на сьнезе гадзіну, другую. Адчуваю, больш нельга — памерзьнем. Кажу: «Хлопцы, хто ў бога веруе, паднімайсь! Пайшлі ў атаку».

А ва ўзнагародным лісьце «на малодшага сяржанта Бярозкіна» сказана, што «сваім асабістым прыкладам паказаў узоры бясстрашша падчас баёў за вышыню... Першым уварваўся ў траншэю праціўніка...» За той бой атрымаў мэдаль «За адвагу»

(Ю. Канэ. Восем радкоў // Беларусь, 1988, № 7).

8. Злосна казаў, што каб менш у вайну выстаўляўся, дык не арыштавалі б другі раз у 1949-м

«Трэба думаць, у Бэрліне, у газэце, куды яго перавялі і дзе яму пашанцавала пазнаёміцца зь віднымі прадстаўнікамі нямецкай антыфашысцкай інтэлігенцыі — узроўню Брэхта, Зэгерс, яго вынюхалі б і так. Але праз гады ён часам са злосьцю паўтараў, што, можа, неяк пад хапун і ня трапіў бы, калі б не анкеты, прадстаўленьні, фатаграфіі, рознае іншае начыньне для шафаў і сэйфаў бюракратаў, што ў сувязі са службовымі пераменамі вытыркнулі яго імя асабістам» (Уладзімер Мехаў. Успамінаючы Бярозкіна // Полымя, 1995, № 6).

9. Яго дапытваў той жа сьледчы, што і да вайны

Адна з кніг Рыгора Бярозкіна «Спадарожніца часу», 1961 год
Адна з кніг Рыгора Бярозкіна «Спадарожніца часу», 1961 год

«Дапытваў той самы сьледчы, які вёў яго справу да вайны, і сьледчы гэты адразу ж сказаў яму, што «сваім неабдуманым учынкам» ён, Бярозкін, вельмі моцна ўскладніў сваё становішча. Бярозкін ня мог сказаць, што ўцёк з-пад расстрэлу, што «абдумваць» было некалі, — сьледчы тут бы прышыў яму «злосны паклёп на нашы органы, якія нікога і ніколі не расстрэльваюць без суду!» Ён толькі спытаў, як можна назваць уцёкамі тое, што зь ім адбылося? Дый куды ён уцёк! Не да немцаў жа, а на фронт! «На фронт, на фронт! — перадражніў яго сьледчы. — Чаму ж ты, сука, не загінуў на фронце? Загінуў бы — і герой! Няма чалавека — няма справы. Сьпісана ў архіў. А ты аб’явіўся. І цяпер справу трэба даводзіць да канца. Сам вінаваты. І чхаць мне на тое, што ты ўцёк на фронт. Куды ты, габрэй, мог яшчэ ўцячы ад немцаў? /.../ Так што каціся, сука!» (Валянцін Тарас. І вельмі шмат журбы... // Літаратура і мастацтва, 3 ліпеня, 1998 г., № 27). Зрэшты, на допытах сьледчы не хацеў яго катаваць: «Ведаеш, Бярозкін, я не хачу цябе біць, сіл няма, падла, учора перабраў, зразумеў, так? А біць трэба, зь мяне ж спытаюць, скажуць, што я, хлюпік, ворага шкадую. Я дзьверы крыху прыадчыню, а ты крычы, зразумеў, так? Крычы, сука, мацней крычы!» (там жа).

10. З крытыкам Алесем Кучарам, па даносе якога быў пасаджаны, любіў пасьля рэабілітацыі весьці літаратурныя спрэчкі

Рыгор Бярозкін, пасьля рэабілітацыі, 1956 год
Рыгор Бярозкін, пасьля рэабілітацыі, 1956 год

«Тележный мастер» [Алесь Кучар — В. Дэ Эм.], маленькі, тоўсты, зь мітусьліва, спалохана бегаючымі вачыма, нас частаваў. Гэта былі дні XXII зьезду КПСС, з маўзалея вынесьлі цела Сталіна, ляцелі са сваіх пастоў высокія партыйныя і гэбэшныя чыны, здавалася, настае расплата за трыццаць сёмы /.../. Грыша [Бярозкін. — В. Дэ Эм.], пацягваючы з кілішка каньяк, глядзеў зь нейкай пакутлівай цікавасьцю на [яго] і пытаўся:

— Айзік, скажы мне ўсё ж, чаму ты гэткае г...? Я мог цябе пасадзіць, але не пасадзіў. Ты мог мяне не пасадзіць, а пасадзіў. Чаму, Айзік?

Айзік узмахваў кароткімі, пульхнымі ручкамі.

— Ай! Перастань! Дзяўчынка, дайце нам яшчэ бутэльку каньяку!

Дзіўна, што Бярозкін часта кантактаваў з гэтым чалавекам, мог гадзінамі спрачацца зь ім пра літаратуру, і заўсёды, калі гаворка заходзіла пра Айзіка, казаў: «Ведаеце, хлопцы, мне яго шкада. Ён разумны, усё разумее, начытаны фэнамэнальна. Хоць, канечне, ён і г... Таму што палахлівец. І ведае сам, што палахлівец, таму цынічны і нахабны, як усе палахліўцы. Але размаўляць зь ім цікава» (Валянцін Тарас. І вельмі шмат журбы... // Літаратура і мастацтва, 3 ліпеня, 1998 г., № 27).

11. У сваім першым пасьля вызваленьня артыкуле дазваляў сабе крытыкаваць ляўрэата Сталінскай прэміі

Рыгор Бярозкін разам зь дзецьмі Воляй і Віцем, 1965 год
Рыгор Бярозкін разам зь дзецьмі Воляй і Віцем, 1965 год

«Часта, на жаль, паэт [Максім Танк. — В. Дэ Эм.] трапляе пад уладу ўмоўных рамантычна-зьбіральных вобразаў, за якімі часам зь цяжкасьцю адчуваецца штодзённая жыцьцёвая рэальнасьць. Ці піша ён аб дзяўчыне зь беларускага калгаса, ці аб дзяўчыне з Казахстана, характар вобразаў застаецца нязьменным: „вочы зорамі гараць“, „у танцы кружыш агнявым“; „чарнакосыя з поглядам агнявым“; „пуцяводнай зьвяздой ты будзеш над роднай краінай гарэць“ (гэта таксама аб каханай). Усё гэта вельмі аднастайнае ў сваёй „прыгажосьці“» (Г. Бярозкін. Два цыклы вершаў // Літаратура і мастацтва, 10 сьнежня, субота, 1955 г.).

12. Быў абураны тым, як маскоўскія крытыкі пісалі пра беларускую літаратуру

«Но вот мы прочитали книгу до конца, и чувство того, что ты обманут в своих ожиданиях, овладевает тобой безраздельно. Нет, не нашел ты в исследовании Л. И. Залесской сколько-нибудь полной картины становления, развития и роста белорусской советской поэзии, не обнаружил сколько-нибудь ясного, продуманного и, главное, самостоятельного взгляда на то, как развивалась наша поэзия /.../ В итоге получилось ни то ни сё. /.../ В книге даже не упомянуты А. Дудар, А. Вольный, В. Мараков, В. Хадыка, Т. Кляшторный /.../ Просто непостижимо, как можно /.../ обойти молчанием одно из лучших произведений поэта [Панчанкі] «Иранский дневник». Нет, Л. И. Залесская поступила явно опрометчиво, назвав свою книгу «Поэзия Советской Белоруссии». Не только полного, но даже приблизительного представления о подлинных богатствах нашей поэзии эта книга не дает. (Г. Березкин. Так о поэзии писать нельзя! // Неман, 1960, № 4).

Эпіграма на Р. Бярозкіна (ЛіМ, 30 сьнежня, 1960 г.)
Эпіграма на Р. Бярозкіна (ЛіМ, 30 сьнежня, 1960 г.)

13. Іранізаваў з таго, як беларускія пісьменьнікі пішуць пра вайну

Вокладка кнігі «Сьвет Купалы», 1965 год
Вокладка кнігі «Сьвет Купалы», 1965 год

У дзёньнікавых запісах Варлена Бечыка (21.11.1969) чытаем: «Бярозкін парадзіраваў Г.: «Дзед Даніла жыў на ўскраіне вёскі. /.../ Калі прыйшла фашысцкая навала, ён узьняўся на ворага як адзін! Выбраўшы зручны момант, ён спляжыў у лазьні шайкай немца з малой, як у вужакі, галавой, запёр дзьверы калком і ўцёк у лес да партызан» (Варлен Бечык. Радкі і жыцьцё. 1993 г.). У рэцэнзіі на аповесьць Аляксея Кулакоўскага «Дзе каму жыць...» Бярозкін пісаў: «Нашы пагранічнікі сапраўды праяўлялі ў першыя дні вайны амаль легендарную стойкасьць і гераізм. Але гэты непрыступны для цэлых армій дуб-цытадэль з адным кулямётчыкам у дупле! Побач з такімі рэалістычна-праўдзівымі творамі аб вайне, як раманы і аповесьці Сіманава, Бондарава, Быкава, Бакланава, Ананьева, Пташнікава, Чыгрынава, падобныя дубы-цытадэлі выглядаюць уяўна рамантычнай умоўнасьцю, і вяртацца да падобных фальклярызаваных легендаў аб вайне наўрад ці ёсьць патрэба. Ня той час, ня той узровень аналітычна-мастацкай думкі!» (Рыгор Бярозкін. Дзьве з соцень // Полымя, 1988, № 8).

14. Не хацеў падстаўляць Васіля Быкава

«Помню /.../ размову нашу пра быкаўскага „Сотнікава“.

— Там ёсьць слабіны, недадумкі, — уздыхнуў Рыгор Саламонавіч. — Экспазыцыя вялаватая, зацягнутая. Матывацыя ўчынкаў ня ўсюды вывераная, пераканаўчая. Але ж напісаць пра гэта — значыць узрадаваць свалату. Ды каму падасца яшчэ — і я зь яе сабачай плоймы...» (Уладзімер Мехаў. Успамінаючы Бярозкіна // Полымя, 1995, № 6).

З Васілём Быкавым
З Васілём Быкавым

15. Крытыкаваў раньнія вершы Ўладзімера Караткевіча, але выгаворваў крытыку Якаву Герцовічу, калі той напісаў адмоўны артыкул пра аўтара «Каласоў...»

«Бярозкін выгаворвае яму [Герцовічу — В. Дэ Эм.] за схематычны разносны артыкул у „Советской Белоруссии“ пра Караткевічавы „Дзікае паляваньне караля Стаха“ і „Каласы пад сярпом тваім“. І пад сьмех прысутных заканчвае інтанацыяй якога шолам-алейхэмаўскага пэрсанажа:

— Пішаш, што фэадалаў зь беларусаў не было. Але ім хочацца гэткіх мець, мець сваіх фэадалаў. Што за турбацыя табе, Яша!..» (Уладзімер Мехаў. Успамінаючы Бярозкіна // Полымя, 1995, № 6). У ранейшым артыкуле Бярозкін даволі жорстка крытыкаваў Караткевіча-паэта: «Ул. Караткевіч многа гаворыць пра рытм, рыфму, памер, цэзуру, гукавыя фактары і многае іншае. Аднаго толькі няма ў разважаньнях — паэзіі /.../ чытаючы вершы Караткевіча /.../ заўважаеш адсутнасьць той свабоднай унутранай натуральнасьці, якая прымушае чалавека гаварыць аб запаветным /.../, бяз фальшу і позы. Некаторыя зь вершаў /.../ гучалі водгаласам чужога натхненьня, і гэта падрывала давер да паэта, станавілася сьцяной паміж ім і чытачом» (Р. Бярозкін. Міма паэзіі // Літаратура і мастацтва, 26 жніўня, серада, 1959 г.)

Падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў. Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч
Падчас IV зьезду беларускіх пісьменьнікаў. Зьлева направа: П. Кабзарэўскі, Р. Бярозкін, Н. Кісьлік, Р. Барадулін, А. Вялюгін, У. Дубоўка, Ю. Багушэвіч

16. Радаваўся перамозе Ізраілю ў шасьцідзённай вайне 1967 году

Рыгор Бярозкін з кампазытарам Ігарам Лучанком
Рыгор Бярозкін з кампазытарам Ігарам Лучанком

«— Дык была ваенная перавага Ізраілю ці яе не было? Магчыма, справа не ў ваеннай перавазе, а ў салдатах? Відавочна, ізраільскія салдаты лепш за арабаў ведаюць, за што ваююць? Да таго ж ім няма куды адступаць — за іх сьпінай мора, і яны ня могуць сабе дазволіць, каб Ізраіль скінулі ў мора, аб чым марыць Насэр...» (Валянцін Тарас. І вельмі шмат журбы... // Літаратура і мастацтва, 3 ліпеня, 1998 г., № 27). Акрамя таго, злаваўся, калі габрэяў называлі баязьліўцамі: «Ня могуць разьвітацца са сваёй любімай цацкай — мітам аб габрэйскай трусасьці! Як? Малюсенькі Ізраіль, гэты шмэндрык Давід, надаваў па карку Галіяту? Гэтага ня можа быць, бо ўсе габрэі палахліўцы! А калі перад вачыма жывы габрэй [мае на ўвазе сябе. — В. Дэ Эм.], які ваяваў, і ваяваў някепска, яму аказваюць вялікую літасьць: выключаюць яго з габрэйскага племені! „Ну які ж вы габрэй? Вы ж зусім не падобны“. І не растлумачыш жа, што гэта не камплімэнт, а гнюснасьць. Не падобны? На каго? На самога сябе!» (там жа).

17. Захапляўся вершамі будучага дысыдэнта Алеся Наўроцкага

Вокладка дэбютнай кнігі Алеся Наўроцкага
Вокладка дэбютнай кнігі Алеся Наўроцкага

Пра дэбютны зборнік вершаў «Неба ўсьміхаецца маланкаю» (1962 г.) Бярозкін пісаў: «Паэт выразна акрэсьленага грамадзянскага тэмпэрамэнту, Наўроцкі рэагуе вельмі актыўна на тыя зьмены ў нашым жыцьці, што адбыліся ў выніку пераадоленьня культу асобы /.../. Радуе і абяцае новыя паэтычныя ўдачы сьмеласьць, нязвыкласьць і навізна творчага мысьленьня Наўроцкага, „перабольшанасьць“ яго маштабаў, умельства гіпэрбалізаваць зьяву прыкладна так, як гэта робіцца ў народнай казцы. Камбайнэр у Акоімскім стэпе трыццаць дзён даганяў на камбайне сарваны саламяны капялюш — дэталь, якая дае цудоўнае ўяўленьне аб бяскрайнасьці цаліннага стэпу. У мэтах паэтычнай ПРАЎДЫ аўтар ахвяраваў ПРАЎДАПАДОБНАСЬЦЮ, і верш робіць уражаньне адкрыцьця» (Р. Бярозкін. Маладосьць шукае // Беларусь, 1962, № 12).

18. Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі і Васіль Вітка былі абураныя яго рэцэнзіяй на кнігу Петруся Макаля

Карыкатуры на Петруся Макаля з газэты ЛіМ
Карыкатуры на Петруся Макаля з газэты ЛіМ

Па ўспамінах пісьменьніка Кастуся Цьвіркі: «...адбылося паседжаньне сэкцыі паэзіі ў Доме літаратара. Прысутнічалі Гілевіч, Вітка, Бярозкін, Грахоўскі (які быў старшынём) і я. Усе абрынуліся на Бярозкіна, маўляў, як ён пасьмеў зьняважыць Макаля. Асабліва нападаў Ніл Гілевіч. Я быў адзіны, хто абараняў Бярозкіна. Рыгор Салямонавіч сядзеў вельмі апанураны і нічога не казаў». У сваёй жа «скандальнай» рэцэнзіі Бярозкін пісаў: «Чым больш паглыбляесься ў зборнік [Макаля. — В. Дэ Эм.] „Акно“, чым далей яго чытаеш, тым настойлівей і ўпарцей расьце адчуваньне тваёй няздатнасьці прыняць гэта майстэрства, нейкая нязгода зь ім і разуменьне яго аднабаковасьці і непаўнаты. /.../ Ніяк не магу зразумець, нашто гэта Макалю вось так, з усяго, бяз выбару, запар рабіць мэтафару і парафраз, нашто гэтыя бясконцыя намаганьні да некага прыпадобіцца і дацягнуцца, адкуль гэтыя ўстойлівыя нецікавасьць і недавер да самога сябе...» (Р. Бярозкін. Майстэрства, што з табой рабіць? // Літаратура і мастацтва, 28 мая, аўторак, 1968 г.).

19. Калі Бярозкін невылечна захварэў, яму і яго сям’і стараўся дапамагчы Алесь Адамовіч

Рыгор Бярозкін, 1970-я гг.
Рыгор Бярозкін, 1970-я гг.

У лісьце Адамовіча да Быкава (18.12.1979 г.) чытаем: «Ты, верагодна, ведаеш, як цяжка і безнадзейна хворы Грыша Бярозкін. Вось ужо паўгода ён, па сутнасьці, жыве з адключаным мозгам. Я ніяк не магу з гэтым зьмірыцца. Ён некалькі разоў сьніўся мне, вясёлы, гаманкі. Я ўсё пытаю яго: «Грыша, Вы акрыялі, акрыялі!..» І — прачынаюся. Далёкаўсходнікі дасталі найрэдкія японскія лекі — гамалон. Але і яны, на жаль, не дапамаглі. Гавораць, што яшчэ можа дапамагчы час. Хачу спадзявацца на гэта. Але дапамога патрэбная ня толькі Грышу. Засталася Юля [жонка Бярозкіна. — В. Дэ Эм.], засталіся хлопцы. Усе згодныя, што Юлю трэба ўладкаваць на працу, аб гэтым нават гаварылі на сакратарыяце. Але, як гаворыцца, воз і цяпер там. Кірэенка, да прыкладу, проста катэгарычна адмовіўся ўзяць яе (хоць прафэсійныя якасьці Юлі па-за сумненьнем), іншыя аднекваюцца ды адмахваюцца. Адзін Толя Кудравец, да гонару яго, пакінуў ёй нейкую надзею. /.../ Я думаю, Вася, што і тваё слова магло б мець тут немалую ролю. («Так ужо на нябёсах запісана». Перапіска Васіля Быкава і Алеся Адамовіча / Дзеяслоў, 2008 г., № 32).

20. Калі ачуньваў, то яму здавалася, што зноў трапіў у сталінскую турму

Нэкралёг Рыгора Бярозкіна (ЛіМ, пятніца, 4 сьнежня, 1981 г.)
Нэкралёг Рыгора Бярозкіна (ЛіМ, пятніца, 4 сьнежня, 1981 г.)

«На другі ці трэці дзень пасьля інсульту Грышы мы з Алесем Адамовічам былі ў яго ў бальніцы. Яшчэ заставаліся пробліскі сьвядомасьці, ён пазнаў мяне і Алеся, зь цяжкасьцю вымавіў: „Са-ша... Ва-ля...“ А калі я наведаў яго ўжо ня ў гэтай бальніцы, а ў Навінках, у спэцыяльным аддзяленьні, — гэта ўжо быў ня Грыша. Бэссэнсоўны, блукаючы позірк, глухое мычаньне, нейкі страшны, мокры клёкат у горле... Але ўрачы сказалі мне, што калі-нікалі, вельмі рэдка, сьвядомасьць вяртаецца да яго, і тады ў яго вачах зьяўляецца жах. Жах і нянавісьць. Працягваецца гэта хвіліну-дзьве... /.../ я падумаў, што, відаць, яму здаецца ў гэтыя мінуты, што ён зноў у турме, у камэры — у спэцпалатах жа ў Навінках — на вокнах краты...» (Валянцін Тарас. І вельмі шмат журбы... // Літаратура і мастацтва, 3 ліпеня, 1998 г., № 27).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG