Паводле зьвестак Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў верасьні склаў 963,6 рубля. Гэта на 23,9 рубля менш, чым месяц таму.
Праз гэта прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас 23 кастрычніка склікаў нараду — рэальны заробак меншы за прагноз ураду. Румас бачыць прычыну гэтага ў ваганьнях курсу расейскага рубля. Не для ўсіх ведамстваў задача па сярэднім заробку зьяўляецца прыярытэтнай, адзначыў прэмʼер-міністар.
Ад пачатку году заробкі беларусаў зьменшыліся на 31,7 рубля. Калі ж параўноўваць зь верасьнем 2017 году, то налічаны сярэдні заробак павялічыўся на 132,3 рубля. А рэальны сярэдні заробак вырас на 9,4%.
За жнівень працоўным Менску ў сярэднім налічылі 1 319,5 рубля. Гэта самы вялікі паказьнік у краіне. Найменшы — у Магілёўскай вобласьці: 817,2 рубля.
У лістападзе 2015 году Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году заплянаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
Лукашэнка ўжо больш за 10 гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але ў 2017 годзе ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.