Улады Беларусі чакаюць 1074 рублі сярэдняга заробку ў сьнежні 2018 году, 1134,7 рубля — у канцы наступнага. Але з папраўкай на інфляцыю выходзіць год бяз росту.
Паводле зьвестак БелаПАН, у праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2019 год запісана, што на канец бягучага году сярэдні заробак у Беларусі складзе 1074 рублі.
Гэта якраз тыя «па пяцьсот» даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае беларусам больш за 10 гадоў. На момант публікацыі тыя 1074 рублі — гэта 508,32 даляра.
Пакуль жа сярэдні заробак складае 987,5 рубля (484,1 даляра) па станне на жнівень.
На канец 2019 году лічбы сярэдняга заробку заплянаваныя крыху большыя: 1134,7 рубля. На сёньня гэта 537,26 даляра — але колькі гэта будзе ў даляравым эквіваленце на канец 2019-га, невядома. І пры тым, што плянуецца рост заробкаў на 5,65%, інфляцыя «не павінна перавышаць 5%» (так лічыць Нацбанк). Гэта значыць, у 2019-м у людзей намінальна будзе больш грошай, але застанецца амаль такая ж пакупніцкая здольнасьць.
Прэм’ер-міністар Сяргей Румас нядаўна тлумачыў, што падвышаць сярэднія заробкі зьбіраюцца за кошт тых, хто атрымлівае нізкія даходы. Сапраўды, заробкі бюджэтнікам паступова падвышаюць.
На II квартал 2018 году 65,8% беларусаў мелі менш за 500 рублёў рэальных даходаў, а 5,7% мелі менш за пражытковы мінімум.
Трэба ўлічваць, што сярэдні заробак — гэта ня той, які атрымлівае сярэднестатыстычны беларус. Заробак сярэднестатыстычнага чалавека завецца мэдыянным, і ён ніжэйшы за сярэдні налічаны. У траўні 2018 году мэдыянны заробак у Беларусі склаў 709,3 рубля. І гэта да вынятку падаткаў і збораў.