Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алькагольныя заводы прымусяць экспартаваць кожную пятую бутэльку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Таксама ўрад прапануе зафіксаваць цэны на алькаголь (як цяпер зафіксаваныя цэны на цыгарэты), але ці ўхваліў Лукашэнка рашэньне, яшчэ не паведамлялася.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы расказаў на нарадзе па лікёра-гарэлачнай галіне ў Аляксандра Лукашэнкі аб плянах па квотах для вытворцаў алькаголю, піша БелТА.

Міхаіл Русы, архіўнае фота
Міхаіл Русы, архіўнае фота

Квоты па пастаўках на ўнутраны і зьнешні рынкі будуць асобна вызначаныя для кожнага году. Але, кажа Русы, «у нас адзін падыход, каб у абавязковым парадку 20% ад вырабленай прадукцыі было прададзена на экспарт». Гэта тычыцца і дзяржаўных, і прыватных прадпрыемствах. Адзіным рэгулятарам алькагольнай галіны ён прапанаваў зрабіць «Белдзяржхарчпрам».

Да таго ён расказаў пра іншую прапанову ўраду: каб раздробныя цэны на алькаголь былі адзінымі. Падобным чынам цяпер зафіксаваныя цэны на цыгарэты: калі марка А каштуе 2 рубля, а марка В — 3 рубля, то прадаваць іх спажыўцам па іншых цэнах проста нельга, незалежна ад месца і часу. Прапанаванае абмежаваньне ня тычыцца толькі «прэміяльнага» алькаголю, эксклюзіўнай і сувэнірнай прадукцыі.

Лёс прапановы па адзіных цэнах незразумелы: ці падтрымаў прапанову Лукашэнка, невядома. Русы дадаў, што прадумваецца «яшчэ цэлы шэраг прапановаў», каб на ўнутраным рынку ўсе маглі «працаваць на роўных умовах».

На пачатку нарады Лукашэнка загадаў узмацніць алькагольную манаполію, хоць назваў яе ўжо «самай жорсткай манаполіяй». З імпартным алькаголем, казаў ён, праблемаў няшмат, а з уласным беларускім зьяўляюцца пытаньні па якасьці, ёсьць «складанасьці ва ўзаемадзеяньні пастаўшчыкоў і спажыўцоў», а таксама «павольны рост экспарту». Пры тым ён адзначыў, што «нельга дапускаць зьяўленьня няякаснай прадукцыі і ценявога абарачэньня алькагольных напояў».

Выпіваюць шмат. Лукашэнка дазволіў купляць уначы

Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі здароўя (WHO), на 2016 год беларусы выпівалі 11,2 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека за год. Гэта шмат, але меней за самых пітушчых у сьвеце — малдаванаў і літоўцаў, якія выпіваюць па 15 літраў. Беларусы ў алькагольным рэйтынгу цяпер на 26-м месцы.

Раней Беларусь ставілі на другое месца ў сьвеце з 16,4 літра на чалавека за год, а ў 2008–2010 гадах, паводле зьвестак WHO, беларусы былі самай пітушчай нацыяй у сьвеце з 17,5 літра ўмоўнага сьпірту. У ранейшых табліцах выкарыстоўваліся прагназаваныя ацэначныя паказьнікі (projected estimates), цяпер — супастаўныя ацэнкі (comparable estimates).

Нягледзячы на зьмену пазыцыяў у рэйтынгу, наўрад ці праблемы Беларусі з алькаголем можна лічыць вырашанымі: ад алькагольнага атручваньня за першыя пяць месяцаў бягучага году памерлі 600 чалавек, са 160 тысяч алькагольна залежных 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі штогод (гэтыя прафілякторыі называюць формай рабства без фактычнага лячэньня). З алькагольных акцызаў у дзяржаўны бюджэт за мінулы год мусіла паступіць каля мільярда даляраў.

Новая каардынатарка ААН у Беларусі казала, што зьвяртае асаблівую ўвагу на праблему злоўжываньня алькаголем. Так, паводле зьвестак ААН, 25% моладзі 14–17 гадоў «мелі досьвед» куплі алькаголю без дакумэнтаў, а 35% мужчынаў рэгулярна ўжываюць алькаголь з мэтай «увайсьці ў стан глыбокага алькагольнага ап’яненьня». Паводле яе, вырашыць праблему можна, і для пачатку алькаголь павінен каштаваць болей, не павінен прадавацца непаўналетнім, не павінен прадавацца проста паўсюль, напрыклад на запраўках.

У Беларусі ўжо некалькі разоў абмяжоўвалі продаж алькаголю ўначы, апошняя забарона пратрымалася меней за дзень: сам Лукашэнка загадаў вярнуць начны продаж алькаголю, назваў яе «бязглуздым рашэньнем».

Рашэньне Лукашэнкі ў адміністрацыі патлумачылі тым, што «досьвед як Беларусі, пачынаючы з савецкіх часоў, так і замежных краін сьведчыць пра неэфэктыўнасьць і нават шкоду забаронаў», але ўласная беларуская статыстыка сьведчыць аб адваротным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG