Невядома, дзе пахаваны Скарына, няма перакананьня народу ў ягонай сьвятасьці, ініцыяваньне працэсу не адпавядае нормам касьцёльнага заканадаўства.
Старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на прапановы аб бэатыфікацыі першадрукара Францішака Скарыны. Ягоны ліст публікуе Catholic.by.
Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» заклікала пісаць лісты з прапановай далучыць Скарыну да ліку сьвятых пробашчу менскага касьцёла сьвятых Сымона і Алены. Кандрусевіч тлумачыць, што гэта ня той адрас, куды варта адсылаць такія прапановы.
Перадусім ён адзначае, што «Касьцёл зь вялікай павагай ставіцца да асобы і заслуг беларускага першадрукара Францішака Скарыны», летась «браў актыўны ўдзел у сьвяткаваньні юбілею 500-годзьдзя выданьня ім Бібліі на роднай мове» і «зь вялікай радасьцю прыняў бы пацьверджаньне ягонай сьвятасьці».
Але:
- Працэдура бэатыфікацыі Касьцёлам, апісаная ў Апостальскай канстытуцыі, можа быць распачатая толькі біскупам таго месца, дзе пахаваны чалавек, пра бэатыфікацыю якога ідзе гаворка. А дзе пахаваны Скарына, пакуль невядома.
- У касьцёльным заканадаўстве ёсьць шмат іншых умоваў для пачатку працэсу бэатыфікацыі. Адна з галоўных – перакананьне вернікаў у сьвятасьці чалавека і ў гераічнасьці ягоных цнотаў, якія ён практыкаваў у жыцьці. Мусіць быць ягоны культ сярод вернікаў, як гэта было зь Янам Паўлам ІІ.
- Менскі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, якому заклікалі пісаць звароты, не атрымліваў паўнамоцтваў на ініцыяваньне працэсу бэатыфікацыі Скарыны.
Парадаў наконт таго, што цяпер рабіць прыхільнікам бэатыфікацыі Скарыны, у лісьце Кандрусевіча няма.