Палітык, палітоляг, пісьменьніца Вольга Абрамава ў шчырым інтэрвію Свабодзе ўпершыню прызнаецца, за што ёй сорамна і чым яна можа ганарыцца; расказвае, як восем гадоў даглядала хворую маці; тлумачыць, чаму падтрымлівае жаночыя квоты ў палітыцы, а таксама прагназуе, што народ Беларусі запатрабуе далучэньня да Расеі ў невыносных эканамічных умовах.
«Нельга калечыць лёсы дзеяздольных дзяцей і "вешаць" ім недзеяздольных бацькоў»
— Вольга Міхайлаўна, апошнія гады пра вас не было шмат чуваць. І толькі пачытаўшы вашу дакумэнтальную аповесьць «Абпаленая холадам», я зразумела, што ўсе гэтыя гады вы ня толькі пісалі, але даглядалі хворую маці. Пра літаратуру пазьней, а спачатку пра гэты складаны пэрыяд у вашым жыцьці. Догляд пажылых людзей — вельмі сур’ёзная праблема ў Беларусі. Колькі гадоў вы даглядалі маці, і ад чаго вам давялося адмовіцца?
— Недзеяздольнасьць старых — вельмі важная тэма. Патрэбны дамы для састарэлых, профільныя інтэрнаты, пансіянаты дастаткова высокай якасьці. Нешта ў нас ёсьць, але мала. Як і санаторная справа, гэтая сфэра добра паддаецца камэрцыялізацыі — патрэбы вялікія.
Цяперя лічу, што нельга калечыць лёсы дзеяздольных дзяцей і «вешаць» ім на ўтрыманьне і дагляд недзеяздольных бацькоў. Я б не хацела такога лёсу свайму сыну. Дзеці нам нічога не павінныя, бо мы нараджаем іх для ўласнай радасьці, а не на іх просьбу.
Як вырашыць праблему без дапамогі дзяржавы, не ўяўляю. Сёньня мала хто можа стварыць свой фонд на пражываньне ці старэньне ў якасным доме састарэлых. Хіба што прадаць сваю кватэру ці ўзамен за клопат аддаць яе дзяржаве. Дарэчы, дзяржава робіць у гэтым накірунку нямала, але на ўсіх ня хопіць. Мне здаецца, што найманьне сядзелак можа быць ня толькі прыватнай справай. Як адзін з магчымых варыянтаў можна прапаноўваць такую працу дзеяздольным пэнсіянэркам празь біржу працы. Гэта вельмі часта шэрая зона, і таму там такія высокія расцэнкі. І ня толькі таму, што гэта вельмі складаная праца.
Адмовіцца мне давялося ад васьмі гадоў патэнцыйна самага шчасьлівага жыцьця, насычанага падзеямі і дзейнасьцю.
Я шчыльна даглядала маму восем гадоў. Што я атрымала ад гэтага досьведу? Толькі пэўнасьць, што я магу і гэта. А таксама ўпершыню ў жыцьці сказаныя ў мой адрас цёплыя словы. Іх няшмат, але тым яны каштоўней. І ніякага адчуваньня споўненага доўгу, чым мяне спрабуюць суцяшаць многія сяброўкі. Таму што якраз за мной доўга не было. Хто чытаў кнігу, той зразумее... Што я згубіла? Здароўе. Набыла шмат сур’ёзных хваробаў, зьвязаных з пастаяннымі стрэсамі. Асабліва прыгнятала, што трачу сябе не на ўнукаў, як многія, не на тых, у каго ўсё жыцьцё наперадзе, а на сыходзячага чалавека. Крыўдна. Гэтыя гады я жыла як у турме ці як у манастыры.
Для кнігі «Мадам прэзыдэнт» я запоўніла шматлікія тэсты, каб з атрыманага ўласнага профілю напісаць характар гераіні, і аказалася, што адзінай прафэсіяй, якая мне па псыхатыпу катэгарычна не падыходзіць, гэта прафэсія сядзелкі-нянечкі. А я займалася гэтым восем гадоў. Адмовіцца мне давялося ад васьмі гадоў патэнцыйна самага шчасьлівага жыцьця, насычанага падзеямі і дзейнасьцю. Меркавала на пэнсіі падарожнічаць, камунікаваць зь сябрамі, пісаць аналітыку, чытаць непрачытанае, хадзіць у канцэрты.
Яна ўвесь час паўтарала, што ня хоча жыць пасьля сьмерці майго брата і вось-вось памрэ.
У 2008 годзе мне прапанавалі кантракт у Маскве, ад году да трох. Вярбоўшчыкі сказалі, што мае парамэтры аказаліся ўнікальнымі для пастаўленай задачы, і яны не змаглі знайсьці пад яе прафэсіянала нідзе, ад Масквы да Ўладзівастоку. Скажу, што сумарна ўпушчаная выгода ад кантракту складала, калі па максымуму лічыць, за першы мой год працы і зь пераходам на іншыя ўмовы, каля 180 тысяч даляраў у эквіваленце. А праект запусьціць так і не ўдалося з прычыны адсутнасьці ключавога выканаўцы, таму што праз неабходнасьць даглядаць хворую маці ад кантракту давялося адмовіцца.
Сёньня я б паступіла інакш. Паехала б у Маскву на тры гады, а маці на заробленыя грошы наняла б найлепшую сядзелку. Але я ня ведала, што маці пражыве так доўга. Яна ўвесь час паўтарала, што ня хоча жыць пасьля сьмерці майго брата і вось-вось памрэ. Я абяцала ёй даглядзець яе да канца, калі ўжо іншыя сваякі адмовіліся дапамагаць.
«Дзьве наступныя кнігі будуць гімнам беларускім жанчынам -— сьцервам і ціхім гераіням»
— Вольга Міхайлаўна, вы зараз вельмі шчыра расказваеце, вы напісалі вельмі шчырую аповесьць, і хаця гэта — літаратурны твор, ён у пэўнай ступені аўтабіяграфічны. Вы плянуеце выдаць яшчэ тры аповесьці пра сучасных беларускіх жанчын. Як вы сталі пісаць? Чым абумоўлены такі выбар тэмаў? Як вы бачыце сябе далей як пісьменьніцу?
— Мне вельмі падабаецца выказваньне, што піша той, хто ня можа не пісаць. Гэта не графаманія, а проста ўнутраная патрэба. Пісаць я пачала з 11 гадоў — пісала вершы, потым песьні, адну зь іх доўга сьпявалі пад гітару ў менскіх дварах. Песьня была пра першы палітычны мітынг беларускай моладзі ў 1970-м годзе. Праз гэта ў мяне быў прывод у міліцыю. У 15 год я напісала «фэнтэзі» пра лёс маёй пагодкі, у якой прачнуліся экстрасэнсорныя здольнасьці. Гэта было пад уплывам кнігі Булгакава «Майстар і Маргарыта».
«Абпаленая холадам» — першы досьвед сыстэмнай працы ў літаратуры. Я апублікавала таксама першую частку палітычнага дэтэктыву «Мадам прэзыдэнт» у газэце «СНплюс» і на сайце proza.by. Гэта з альтэрнатыўнай палітычнай гісторыі сучаснай Беларусі. Тут таксама скразная тэма — лёс сучаснай жанчыны.
Гераіні кніг «Апаленая холадам» і «Мадам прэзыдэнт» — гэта дзьве мае асабістыя іпастасі: якое жыцьцё я пражыла і якое магла б пражыць. Дзьве іншыя задуманыя кнігі будуць гімнам беларускім жанчынам — і сьцервам, і ціхім гераіням. Я лічу, што 21-е стагодзьдзе — стагодзьдзе жанчын. Я таксама лічу, што менавіта беларускія жанчыны выцягнулі на сабе ўсё грамадзтва ў страшныя 90-я гады, ў якія моцна вельмі многім дасталося. Толькі на плячох жанчын найперш мы сумелі перажыць і перанесьці гэты час.
«Я — з пароды пераможцаў, умею нават паразу абарачаць у перамогу»
— Я вас у гэтай аповесьці пабачыла зусім інакш, чым калісьці глядзела на вас палітыка і аналітыка. Давайце паспрабуем пазнаёміць нашу аўдыторыю зь іншай Вольгай Абрамавай, ня той, якую мы памятаем па Палаце прадстаўнікоў, Вярхоўным Савеце, партыі «Яблоко», аналітычных камэнтарах. Якая вы жанчына? Сэнтымэнтальная? Стрыманая? Крыўдлівая ці здольная дараваць? Шчасьлівая?
— Напэўна, усяго пакрыху. Як кажуць, усе мы лепшыя, чым думаюць пра нас акружаючыя, і горшыя, чым думаем пра сябе самі. Я ніколі не запаўняла профіль у сацсетках: заўсёды лічыла: менш ведаюць — мацней сьпяць. Такое стаўленьне было да інфармацыі, якую я давала пра сябе — заўсёды вельмі фільтравала.
Зараз у гэтым патрэбы няма. Вы мяне змушаеце задумацца. Калі судзіць па тэстах MMPI і іншым, якія я прахадзіла, карцінка атрымліваецца цікавая. Але я раскрою яе ў кнізе «Мадам прэзыдэнт». Зь істотнага магу сказаць, што я — аптымістка. Ёсьць арганізатарскія здольныя. Магу быць адначасова добрым выканаўцам і высокім кіраўніком — гэта паказваюць тэсты. Хутка рэагую ў экстрэмальных сытуацыях, неверагодна цярплівая. Умею разумець апанэнта і паставіць сябе на яго месца. Гэта вялікая якасьць, асабліва ў палітыцы.
Прафэсійнае прызначэньне (калі верыць гэтым тэстам) — грамадзкі дзеяч, кіраўнік, юрыст, выкладчык, мастак, псыхатэрапэўт, пісьменьнік, пажарны, ратаўнік. Яшчэ аналітык і дыплямат — тут у мяне 10 балаў з 10 магчымых. Не цярплю ціск і жорсткія рамкі падначаленьня. Інтравэрт у сям’і і экстравэрт у астатнім жыцьці...
Я — з пароды пераможцаў, умею нават паразу абарачаць у перамогу і выносіць зь яе карысьць. Заўсёды лічыла, што кожны нарадзіўся пераможцам, заўсёды гэта казала сваім студэнтам, каб іх натхніць на жыцьцё і дасягненьні. Ад 300 да 500 мільёнаў спэрматазоідаў у той лёсавызначальны момант хацелі дабегчы, каб стаць чалавекам, а дабег наш. Нам пашанцавала. Пагадзіцеся, мы пераможцы — усе, абсалютна ўсё, хто нарадзіўся...
«У аўтарытарных рэжымах форма важнейшая за зьмест»
— Цяпер у Палаце прадстаўнікоў ёсьць дзьве дэпутаткі, якія вылучаюцца з агульнага кола, як у свой час вылучаліся і вы. Што бы вы ім параілі? Калі паслухмянай большасьцю прымаюцца патрэбныя рашэньні, што могуць зрабіць адзіночкі, якія знаходзяцца пад крытычным абстрэлам з абодвух бакоў? Ці неяк асацыюеце вы іх працу са сваёй працай раней?
— Адзіночка можа вельмі многае, нават у сёньняшняй сытуацыі. Я лічу, што адзін у полі ваяр. Аднойчы я ў адзіночку заваліла кепскі закон «Аб фэрмэрскай гаспадарцы». Я ня буду спрабаваць даваць парады ўжо сталым прафэсіяналам. Хіба што адну параду на будучыню дэпутатам-іншадумцам. У аўтарытарных рэжымах форма важнейшая за зьмест. Я імкнулася прапаноўваць разумную альтэрнатыву, крытыкуючы, але ніколі нікога не абражаючы.
Нядаўна выступаючы на радыёстанцыі «Эхо Москвы», Ірына Хакамада сказала, што ў Расеі трэба кожнаму плянаваць, як рэалізаваць сваю палітычную кар’еру — ці ў бясконцым сутыкненьні, і тады ня будзе шанцаў у нечым удзельнічаць як у Навальнага, ці ў больш мяккім, але канструктыўным варыянце, у жорсткім, але пры гэтым ветлівым дыялёгу. Тады, можа быць, табе дадуць шанец.
«Я — прыхільніца жаночых квотаў у партыйных сьпісах для выбараў»
— Ці вы можаце назваць сябе фэміністкай?
— Напэўна, не. Я заўсёды гатовая абараняць правы ўшчэмленых, як жанчын, так і мужчын, хоць у фэмінізме, аказваецца, таксама ёсьць такія накірункі. Так аднойчы мне і дэпутату Кучынскаму ўдалося выратаваць ад звальненьня з палітычных прычынаў двух мужчын — кіраўніка Сакратарыяту і начальніка аддзелу кадраў Палаты прадстаўнікоў.
А на першым паседжаньні Палаты прадстаўнікоў 3-га скліканьня ў 2004-м годзе я вылучыла сябе на пасады кіраўнікоў усіх 14 камісій. Я нечакана спазнала, што кіраўнікамі ва ўсе камісіі плянуюць прызначыць толькі мужчын і паабяцала Канаплёву (старшыня Палаты прадстаўнікоў (2004-2007) — РС), што гэты нумар у іх ня пройдзе. Адзначыла, што кіраўніком ніводнай з камісій ня буду, за сябе прагаласую толькі па адной камісіі, але кандыдатуру не здыму, пакуль ня вылучаць 4 жанчын. Прапарцыйна колькасьці жанчын у Палаце. Па кожнай з камісій давялося без падрыхтоўкі выступаць зь дзесяціхвіліннай праграмай дзейнасьці.
Лукашэнка ў перапынку пазваніў Канаплёву і сказаў, няўжо яны не маглі высунуць дзьвюх жанчын на гэтыя пасады? Тут жа ад імя Канаплёва мне прапанавалі пасаду члена Савету Палаты прадстаўнікоў. А ўсім жанчынам — пасады намесьніц кіраўнікоў камісій. Я адмовілася, але пры галасаваньні атрымала 36 галасоў са 110.
Дзякуючы маёй акцыі з тых часоў у наступных складах Палаты прадстаўнікоў стала традыцыяй вылучаць дзьвюх жанчын кіраўнікамі камісій. Гэта было тое, чаго дамаглася асабіста я. Між іншым, раней я адна гучна апладзіравала Лукашэнку, калі ў канцы 2-га скліканьня ён заявіў дэпутатам, што ў новым складзе хацеў бы бачыць да траціны жанчын-дэпутатаў. Гэта, канешне, пазытыўная дыскрымінацыя, але такім чынам таксама можна ламаць мэнтальныя бар’еры.
Я — прыхільніца жаночых квотаў у партыйных сьпісах для выбараў. Аднойчы паспрачалася пра гэта на зьезьдзе расейскай партыі «Яблоко» з жанчынамі-дэпутатамі Дзярждумы. Сказала, што як і яны, я ўмею перамагаць бяз усялякіх квотаў, але выбары — рэч жорсткая, і многім менш рашучым і загартаваным жанчынам патрэбная фора.
«Улада высушвае душу, дэвальвуе прыватнае жыцьцё, фармуе недавер да людзей і звышкантроль»
— Як мяняе жанчыну праца ў сыстэме ўлады Беларусі? Зь якімі якасьцямі, зь якім характарам там можна застацца, захавацца? Як на вас паўплывалі часы дэпутацтва?
— Я лічу, што ёсьць два варыянты самазахаваньня жанчыны ў сыстэме. Першы — гэта поўная ляяльнасьць першай асобе (у нашай сыстэме) і дэманстрацыя адначасова жорсткасьці характару. І другі варыянт, менш распаўсюджаны — захаваць аўтаномную ўласную асобу, пры гэтым свабодна выказваць уласнае меркаваньне, ухіляцца ад спробаў павысіць табе ў пасадзе, чым рэальна ўключыць у сыстэму. Такі шлях дагэтуль прайшла адна я. Затое я магла гаварыць і рабіць усё, што лічыла патрэбным. Я забясьпечвала ўладзе так неабходную ёй зваротную сувязь з народам, бо сьвядома жыла адным жыцьцём зь людзьмі — езьдзіла грамадзкім транспартам, хадзіла на Камароўку, у тыя ж крамы...
Так, улада рэальна зьмяняе, ня толькі жанчын, але і мужчын. Яна высушвае душу, дэвальвуе прыватнае жыцьцё, фармуе недавер да людзей і звышкантроль. Гэта тое, за што я магу ручацца. Таму я абсалютна парадаксальным чынам удзячная Лукашэнку за тое, што ў 2008 годзе ён вырваў мяне з гэтага ладу жыцьця. Таму што да гэтага моманту адбылося поўнае эмацыйнае выгараньне.
Вельмі складана было працаваць у такіх умовах, асабліва апошнія чатыры гады. У Палаце прадстаўнікоў 2-га скліканьня ў мяне было шмат аднадумцаў. У 3-м скліканьні былі аднадумцы, але на такім узроўні, што пасьля твайго выступу ціхенька ў перапынку падбягаюць і, азіраючыся па баках, каб ніхто ня бачыў, маўкліва паціскаюць руку.
Гонар і сорам
— Вы маеце досьвед працы і ў Вярхоўным Савеце і Палаце прадстаўнікоў. За якія вашы дзеяньні ў гэтых структурах вам сорамна, а чым вы ганарыцеся?
— Сапраўды, ёсьць чаго саромецца і чым ганарыцца. Любы чалавек — гэта не машына і ня нешта бездакорнае. І ў палітыцы прысутнічае надзвычай шмат асабістага. І вельмі многа эмоцый, а ня толькі тое, што мы бачым на паверхні.
- Ганаруся тым, што ў 95-м годзе перамагла ў самай густанаселенай акрузе Беларусі з 13 кандыдатаў. Ганаруся, што дамаглася выбраньня 3-й асобай у камісіі па міжнародных справах, сакратаром у Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня. Без падтрымкі якойсьці фракцыі, як незалежны дэпутат. Я зрабіла, што магла, па абароне каштоўнасьцяў парлямэнтарызму.
- Ганаруся, што пасьля выгнаньня Ганчара з Цэнтравыбаркаму падпісала ліст у Канстытуцыйны суд пра пачатак працэдуры імпічмэнту і не здымала подпіс да канца, хоць спачатку ведала, што мы прайграем.
- Ганаруся, што да апошняга спрабавала запэўніць Лукашэнку знайсьці разумны кампраміс з парлямэнтам і адмовіцца ад зьмены формы кіраваньня. Канешне, я ня мела на ўвазе тое ганебнае канстытуцыйнае пагадненьне. З трыбуны назвала новую форму праўленьня гіперпрэзыдэнцкай, якая зьнішчала падзел уладаў.
- Ганаруся, што адмовілася ад удзелу ў 1-м Усебеларускім зьезьдзе, які падмяніў законна выбраны Вярхоўны Савет. Ганаруся, што разам з Алегам Грузьдзіловічам унесла дзяржаўны сьцяг у шэрагі пратэстоўцаў перад Вярхоўным Саветам...
- Скажу, што ня здолела запэўніць калег у верасьні 96-га году зьняць альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, які я жа прынесла летам у парлямэнт, лічу, што нам яго падкінулі праз аднаго юрыста, нібыта лібэрала, каб разгром нашых пазыцый быў поўным.
- Па маёй прапанове ў Эўрапарлямэнце адмовіліся ратыфікаваць пагадненьне зь Беларусьсю пра супрацоўніцтва і партнэрства. У кастрычніку 96-га году я была запрошаная туды адна, і ніхто не папярэдзіў мяне, што гэтае пытаньне можа ўзьнікнуць. Давялося адказваць на яго, сыходзячы зь лёгікі разьвіцьця сытуацыі. Пасьля роспуску Вярхоўнага Савету мы з дэпутатамі напісалі заключны акт па парушэньням на канстытуцыйным рэфэрэндуме, па якім Захад прымаў усе рашэньні пра санкцыі ў адносінах да Беларусі. Праз тры месяцы пасьля рэфэрэндуму я прыйшла ў сябе і зразумела, што санкцыі ўладзе не перашкодзяць, а наадварот мабілізуюць электарат і згуртуюць яго вакол улады, умацуюць яе. А эканоміцы і дабрабыту людзей шкода будзе... З гэтага часу стала выступаць супраць санкцый, адмовілася езьдзіць у ПА АБСЭ з абаронай гэтай ідэі. А ў пачатку 97-га году зноў выступала ў Эўрапарлямэнце з пярэчаньнем наконт санкцый.
- Ганаруся, што разам з Карпенкам галасавалі супраць так званых альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, якія заладзіў Ганчар. Ганаруся, што пасьля гэтага фарсу і сьмерці Карпенкі запатрабавала да адказнасьці яго ініцыятараў і абвінаваціла іх у фальсыфікацыі вынікаў псэўдавыбараў і адсутнасьці сыстэмы аховы для актывістаў з правінцыі.
- Ганаруся, што высьмеяла прапанову Ганчара ўзяць штурмам будынак Дома ўраду і абвясьціць сваю ўладу. Патлумачыла, што для палітыка някепска пасядзець у турме, але за справу, а не за трызьненьне.
- Ганаруся, што на працягу трох месяцаў зрабіла двое пераможных выбараў у Палату прадстаўнікоў для сябе і кандыдата Нарэйкі. Абодва разы канкурэнтамі былі кандыдаты ўлады — сэнатар і намесьнік кіраўніка выканкаму, дзе была акружная камісія.
- Было дзьве сытуацыі ў Палаце прадстаўнікоў 2-га скліканьня, у якіх сёньня я б паступіла інакш. Адразу пасьля выбраньня туды мне і Навасяду прапанавалі ўдзельнічаць у паездцы ў ПА АБСЭ, каб паспрабаваць вызваліць месца там для афіцыйнай дэлегацыі, да гэтага 4 гады яно было замацавана за нашай дэпутацкай групай Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Вынікам паездкі стаў так званы пусты стул — месца мы вызвалілі. Мая згода была зьвязаная са стаўленьнем да санкцый. Але маім асабістым дадатковым матывам стаў успамін пра выбары.
- Мяне ўвесь першы тур прэсавалі з абодвух бакоў: улада і свая родная апазыцыя. У апазыцыі сіл на актыўны байкот хапіла толькі на 4 менскіх акругі, дзе вылучаліся дэмакраты. Колькі паклёпаў пра мяне публікавалася ў некаторых недзяржаўных газэтах — гэта проста цяжка сабе ўявіць. І калі я, закончыўшы выбары, публічна выступіла і сказала, што я падам у суд, то пасьля выбараў уладальнік пасьпяшаўся прынесьці публічныя прабачэньні — ведаў, што інакш будзе менавіта так. Я з асаблівым задавальненьнем паспрыяла таму, каб прыбраць з ПА АБСЭ менавіта тых прадстаўнікоў апазыцыі, хто стаяў за перадвыбарчым цкаваньнем. У палітыцы нельга нікога заганяць у кут.
- І другі выпадак, вось тут мне ўжо рэальна сорамна. Група «Рэспубліка» унесла ў Палату прадстаўнікоў праект новага Выбарчага кодэксу. Яго рыхтавала ўся апазыцыя, а дэпутаты толькі агучылі яго. Дакладаў Фралоў, які не валодаў тэрмінамі і ня мог адказаць ні на воднае пытаньне. І ў мяне спрацаваў экспэртны снабізм, тым больш, што я спэцыялізавалася на выбарчым праве, і адразу пабачыла ўсе агрэхі прапанаваных прынцыпаў фармаваньня выбарчых камісій. Я выступіла супраць законапраекту, тым больш, што ўнесла свой — праўда, абяцала ініцыятарам, што калі яны выйдуць на другое чытаньне, то за дапрацаваны праект прагаласую абавязкова. Зараз я б адразу галасавала «за» і ўдзельнічала ў дапрацоўцы.
- Ганаруся тым, што мяне адзіную з двух складаў восем год не накіроўвалі ні ў адну паездку за мяжу пасьля той, якую я ўзгадала. Адзіную не прадставілі да ўзнагароды да 10-годзьдзя Палаты прадстаўнікоў. Гэта як мэдаль на грудзі — прызнаньне наадварот. Ганаруся, што яшчэ двойчы адмаўлялася ад удзелу ў 2-м і 3-м Усебеларускіх сходах. Адзін раз нават быў кулюарны скандал быў з гэтай нагоды, калі мяне выбралі дэлегатам туды завочна, не спытаўшы майго меркаваньня. Патлумачыла, што як дэпутат Вярхоўнага Савету, не забыла, што гэта за інстытут.
- Ганаруся, што першым маім выступам у Палаце прадстаўнікоў 2-га і 3-га скліканьня было мая заява пра адмову ўдзельнічаць у абмеркаваньні і галасаваць па дэкрэтам, якія падмянялі сабой законы... Ганаруся, што ўдваіх з дэпутатам Пашкевічам мы двойчы завальвалі скандальны закон пра асновы інфармацыйнай бясьпекі, які ўводзіў дзяржаўнае рэгуляваньне інтэрнэту.
- Ганаруся, што ў 2005-м годзе выступіла супраць палітычных паправак у крымінальны кодэкс, заўсёды выступала супраць умацаваньня ціску на грамадзкія і палітычныя арганізацыі за іх дзейнасьць, а таксама абарону рэпрэсаваных недзяржаўных СМІ — «Народнай Волі», «Нашай Нівы», БДГ і іншых.
- Ганаруся, што 2001-м годзе прапанавала Лукашэнку публічна ўнесьці мяне ў склад камісіі па грамадзкім расьсьледаваньні рэзанансных спраў пра зьніклых. Ганаруся, што тады ж зьвярнулася да прэзыдэнта з прапановай зьмяніць Канстытуцыю і аднавіць балянс уладаў, павялічыўшы паўнамоцтвы парлямэнту і ўраду як гарантыю ад звароту да таталітарызму ў яго пераемніка.
- Ганаруся, што прапанавала ідэю новага закону пра абарону правоў спажыўцоў жыльлёва-камунальных паслуг, кіравала групай па яго распрацоўцы і сумела правесьці яго. Гэта адзіны з дэпутацкіх законаў, які ня меў мадэльных аналягаў нідзе, нават у СНД. Ганаруся тым, што адна галасавала супраць адмены ільгот. Дамаглася льготнага праезду прыгарадным транспартам для пэнсіянэраў у дачны пэрыяд.
- Але больш важна, што ў мяне атрымалася выратаваць ад пакараньня сьмерцю аднаго чалавека, асуджанага на сьмяротную кару з прычыны памылкі сьледзтва. І яшчэ аднаго — выратаваць ад доўгіх гадоў турмы, куды ён трапіў праз абгавор двух асабістых ворагаў. І яшчэ згадала: разам з работнікамі нашага выканкаму вы выратавалі адно дзіця ад усынаўленьня «патэнтаваным» пэдафілам.
«Народ запатрабуе далучэньня ў невыносных эканамічных умовах»
— Які ваш прагноз што да будучыні беларускай дзяржавы і яе ўлады?
— Я, напэўна, вас расчарую. Ужо 5 ці 6 гадоў я лічу, што Беларусь у пэрспэктыве не захавае дзяржаўную незалежнасьць, хіба што фармальна-юрыдычную. У мяне была ў 98-м годзе ў Нямеччыне выдадзеная кніга, яна называлася «Беларуска-расейская інтэграцыя: паміж сымуляцыяй і рэальнасьцю». І там усе варыянты разглядаліся. Зараз дадалося вельмі многа інфармацыі пра тое, што адбылося з таго часу, але для незалежнасьці і сёньня няма рэсурснай базы. У яе, атрымліваецца, няма каранёў. Ні эканамічна, ні інстытуцыйна, ні мэнтальна, — мы выпалі з часу. Прычым ні Расеі, ні Польшчы, куды магла б пажадаць далучыцца тая ці іншая частка геапалітычна расколатага народу, няма рэзону браць на балянс «унівэрсальных юніяністаў» беларусаў. А гэта адзначэньне не маё, а сацыёлягаў, якія праводзілі шматлікія дасьледаваньні на гэтую тэму.
Сытуацыю не ўратавала б зараз нават інстытуцыйная канстытуцыйная рэформа: ужо позна, не пасьпець пабудаваць інклюзіўныя структуры і ўмацаваць іх. Нават калі б Лукашэнка наважыўся на гэта^; але і жаданьня такога ня будзе — узроставы кансэрватызм. Пра будучага Багдана Хмяльніцкага ў вузкіх аўдыторыях я гавару таксама ўжо 5-6 год. Народ запатрабуе далучэньня ў невыносных эканамічных умовах, калі жыць стане немагчыма. Беларусы — не літоўцы, сядзець зіму ў халодных кватэрах не будуць. І АМАП будзе зь імі ў гэтым салідарны.