Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Траўма эмігранткі, якая праз 30 гадоў наведала Беларусь


Ведаеце што? Я супраць таго, каб законы рэгулявалі, што бацькі вінны дзецям, а дзеці — бацькам.

Сямейны кодэкс Беларусі загадвае: «дзеці павінны клапаціцца пра бацькоў». Сацыяльна арыентаваная дзяржава ўручыла сем’ям адказнасьць за догляд старэйшага пакаленьня.

Каго цікавіць, ці ў стане сямʼя вытрымаць такі цяжар? Абавязаныя. Паводле закону.

Траўма турысткі

Мая сяброўка, якая нарадзілася і вырасла ў Менску, але ўжо 30 гадоў жыве ў Канадзе, упершыню наведала Беларусь. Радзіма парадавала пазытыўнымі турыстычнымі ўражаньнямі, а пагружэньне ў штодзённае жыцьцё раўналетак — траўмавала.

Усе былыя аднакурсьніцы, зь якімі яна сустрэлася ў Менску — а гэта жанчыны перадпэнсійнага веку — прыкаваныя сядзелкамі да сваіх састарэлых бацькоў. Кватэры ператвораныя ў хатнія шпіталі, усё жыцьцё сямейнікаў завязанае на гэты клопат. Любоў, догляд, падтрымка — усё ёсьць. Але разам са зьнясіленьнем дашчэнту.

Пэнсійны ўзрост у Беларусі падвышаецца, дачкі-сядзелкі ўжо ня юныя. З працы, бывае, трэба выскачыць удзень, тэрмінова сысьці, рвануцца на тэлефонны званок. Якая ўжо тут канкурэнтаздольнасьць: яны не пажаданыя работнікі, мусяць афармляць пэнсію раней.

Сьвятлана паказвае агульнае фота з аднакурсьніцамі. Я бачу нібыта людзей розных пакаленьняў: усьміхаецца толькі мая канадзкая турыстка, астатнія суворыя кабеты выглядаюць гадоў на 10 старэйшымі.

«Не магу паверыць, што гэта яны, — ахае сяброўка. — У Канадзе 55-гадовыя жанчыны яшчэ належаць да актыўнай моладзі: праца, хобі, падарожжы, зацікаўленьні, каханьне».

Канадзкая багадзельня

Бацькі Сьвятланы, якія таксама 30 гадоў жывуць у Канадзе, нядаўна перасяліліся ў тамтэйшы інтэрнат для састарэлых. Краіна задала і ім новыя стандарты: кожнае пакаленьне павінна зрабіць усё магчымае, каб не абрынуць на дзяцей клопат па догляду за сабой.

Бацькі сяброўкі атрымалі некалі дзяржаўную кватэру ў Ванкувэры як эмігранты-уцекачы. Вярнулі яе, перасяліўшыся ў інтэрнат, жывуць там бясплатна, хаця аддаюць дзяржаве 80% пэнсіі. Іх жытло сёньня — двухпакаёвая кватэра ў вялікім комплексе, трохразовае харчаваньне ў агульнай рэстарацыі з выбарам мэню, кругласуткавае дзяжурства дактароў і мэдсёстраў. Клюбы па інтарэсах, экскурсіі, культурная праграма. Я наведвала разам са Сьвятланай тую багадзельню пад Ванкувэрам — засмучаных твараў не заўважыла.

Вядома, бясплатны інтэрнат — гэта шанцунак. Большасьць такіх установаў каштуе ці малых грошай. Але філязофія тамтэйшага грамадзтва скіроўвае чалавека ад пачатку працаздольнага жыцьця не выпускаць з поля зроку пэрспэктыву старасьці і разьлічваць фінансы так, каб быць у змозе аплаціць свой догляд. Дзеці не прэтэндуюць на маёмасьць і зьберажэньні бацькоў: калі тыя захочуць усё прадаць і перасяліцца ў жытло для састарэлых — камфортнае, зазначу, жытло — гэта прымаецца сям’ёй як належнае, дзеці зарабляюць сабе на падобную пэрспэктыву самі.

Пытаньне, зразумела, у памеры заробку. Так, выплаты крэдытаў суправаджаюць іх пастаянна. Так, страта працы можа абярнуцца катастрофай. Гісторыі ва ўсіх розныя. Я распавядаю толькі адну.

Сьвятлана з мужам інжынэры. Ад пачатку сказалі дзецям: нажытае зьбіраемся выдаткаваць на ўласную старасьць. Тыя паставіліся з разуменьнем: яны ўжо назапашваюць свой пэнсійны фонд, разьмяркоўваюць яго па акцыях.

Чэская апека

У Чэхіі існуе практыка, паводле якой можна аформіцца да нямоглага сваяка сацыяльным работнікам. Агульны даход сям’і пры гэтым складаецца з пэнсіі інваліда і даплаты на апекуна — у сярэднім каля тысячы даляраў. Дзяржава плаціць за абодвух мэдычную страхоўку і сацыяльны падатак, дадаюцца субсыдыі на бэнзін і бясплатнае карыстаньне аўтадарогамі. Прадугледжаная магчымасьць месячнага адпачынку для апекуна — ён можа раз на год зьмясьціць свайго падапечнага ў шпіталь-інтэрнат. Гэта ўжо за грошы, але, прынамсі, дае кароткачасовы перадых чалавеку, занятаму кругласуткавым доглядам.

Беларускі абавязак

Зьмяшчэньне сваякоў у інтэрнат для старых — у Беларусі грамадзкая стыгма. Да яе спрычынілася і традыцыйная мараль, і стан саміх багадзельняў, і недавер да дзяржаўных інстытуцыяў.

Тут калі маеш працаздольных сямейнікаў — у інтэрнат можаш патрапіць толькі за грошы. Фінансавыя магчымасьці ў разьлік не прымаюцца: выключна факт наяўнасьці працаздольнай радні. Праўда, часта гэтыя здольныя да працы людзі атрымліваюць заробак, якога ня хопіць ні на сядзелку, ні на інтэрнат.

У Беларусі каля 80-ці дзяржаўных дамоў для састарэлых, яны не спраўляюцца з попытам. Дзяржава круціцца, каб знайсьці вырашэньне праблемы, што вырасла да агульнанацыянальнай. У 2016 Аляксандар Лукашэнка даў тры гады, каб у краіне была створаная сыстэма абароны і падтрымкі пажылых людзей.

Сутнасьць падыходу ў цытаце: «У некаторых засталася ўласнасьць, у асноўным кватэры... Мы павінны забіраць старых, з іхнай згоды забіраем уласнасьць і перадаём у распараджэньне дзяржавы», — заявіў Лукашэнка ў 2016 пры наведваньні вэтэранаў у Менскім раёне. За гэта старым абяцаўся пажыцьцёвы догляд.

Але людзі не сьпяшаюцца верыць. Ад 2011 да 2015 у Менску было заключана 19 дамоваў пажыцьцёвага ўтрыманьня з рэнтай, пры тым, што старых людзей з кватэрамі ў сталіцы больш як дзьве тысячы. Спрацоўвае страх страціць нажытае ды немагчымасьць дзецям зарабіць на новую кватэру самім.

Асаблівасьці асваеньня заходняга вопыту

У 2013 годзе на Валожыншчыне зь вялікім розгаласам адкрыўся першы прыватны дом-інтэрнат на 45 месцаў. Пры яго стварэньні ўлічваўся і міжнародны вопыт, абяцалі арганізатары. Разьмяшчэньне ў 2-х, 3-х і 4-мясцовых пакоях, пяціразовае харчаваньне. Плата — каля 350 даляраў на месяц, аднак прымаліся і сацыяльныя пацыенты, якія аддавалі 90% пэнсіі за жытло. Магчымае абслугоўваньне на базе дамовы рэнты, калі адпісваеш дом інтэрнату.

Праекту сёлета пяць гадоў. Я некалькі дзён спрабавала зьвязацца з дырэктаркай, распытаць, як ідзе бізнэс. Усе тэлефоны маўчалі.

Высьветлілася, што яшчэ летась яе асудзілі за махлярства ў асабліва буйным памеры.

А як вы здагадаліся?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG