Днямі сьвет пабачыла аповесьць у жанры сямейнай драмы «Абпаленая холадам», да друку рыхтуецца палітычны дэтэктыў «Мадам прэзыдэнт». Усяго ў сэрыі пра жыцьцё сучасных беларускіх жанчын будзе чатыры кнігі.
У інтэрвію Свабодзе Вольга Абрамава сказала, што кнігі піша на падставе ўласнага жыцьцёвага досьведу. Але назваць прататыпаў гераінь адмовілася: «Чытайце і рабіце высновы».
— «Абпаленая холадам» — мая першая мастацкая кніга,— кажа Вольга Абрамава. — Дагэтуль мае манаграфіі насілі навуковы характар. Цяпер — першая мастацкая спроба, якая, на мой погляд, вельмі добра атрымалася. Маю думку падзяляюць і тыя, хто чытаў гэтую аповесьць.
— Пра што аповесьць «Абпаленая холадам»?
— Яна распачынае сэрыю кніг пра беларускіх жанчын. «Абпаленая холадам» — сямейная драма. Наступныя кнігі — палітычны дэтэктыў «Мадам прэзыдэнт». Яшчэ будуць круцельскі раман, назву якога я пакуль не агучваю, і аповесьць «Перабудова», якая будзе прысьвечаная лёсам беларускіх жанчын у перабудовачны і пасьляперабудовачны час.
— Гераіні вашых кніг — выдуманыя ці рэальныя?
— Каб напісаць кожную кнігу, я зьбірала максымум інфармацыі. Гэта вынік жыцьцёвага досьведу, назіраньняў, асабістых перажываньняў. У наступных кнігах шмат што будзе прыдумана. Але першая кніга цалкам заснаваная на рэальнай гісторыі. Але я ня буду гаварыць, пра каго яна канкрэтна. Чытайце і рабіце свае высновы.
— На пачатку 2000-х вы актыўны палітык, былі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га і 3-га скліканьняў, балятаваліся ў парлямэнт у 2008 годзе. Ці лёгка адбыўся пераход ад палітыкі да літаратуры? Ці ёсьць нешта агульнае ў гэтых відах дзейнасьці?
— Не, нічога агульнага няма. Але мая выкладчыца расейскай мовы калісьці казала, што я абавязкова буду журналістам. Я тады катэгарычна зь ёй не пагаджалася, маўляў, што заўгодна, толькі ня гэта. Мне здавалася, што я ніколі не змагу траціць шмат часу ў пошуках інфармацыі для таго, каб напісаць некалькі радкоў у газэту.
Але празь лёс не пераступіш, я стала займацца палітычнай аналітыкай і публіцыстыкай, адаптавала шмат якія рэчы да масавай сьвядомасьці. Пасьля гэтага я паступова стала прыходзіць і да літаратуры — вялікі жыцьцёвы досьвед, столькі ўсяго пабачана і пачута, трэба ўсё абагуліць і выдаць у выглядзе кніг.
Я пастаянна прабівала лбом сьцены і апыналася ў наступнай камэры
А сыход ад палітыкі быў для мяне простым. Таму што ў нейкі момант выгарала ўсё жаданьне займацца палітыкай, гэта спэцыфічныя беларускія ўмовы. Апошнія гады, калі я займалася палітыкай, я рабіла гэта празь сілу. Як руднічны конь з шорамі на вачах, проста хадзіла па коле. Таму што быў тупік. Як казаў Ежы Лец — «Ну дапусьцім, прабʼеш ты галавой сьцяну. І што ты будзеш рабіць у наступнай камэры?». Гэта мой выпадак. Я пастаянна прабівала лбом сьцены і апыналася ў наступнай камэры.
— Як вы лічыце, ці запатрабаваная жанчына ў беларускай палітыцы? Або жанчыны трапляюць туды толькі «па квотах»?
— Я лічу, што квоты — не такая кепская рэч. Асабліва ва ўмовах, калі існуе рэальная дыскрымінацыя жанчын паводле полавай прыкметы. Таму для пераходнага пэрыяду квоты — вельмі добры спосаб прасоўваньня жанчын у палітыку праз выбары.
— Вы адышлі ад палітыкі пасьля таго, як не прайшлі ў парлямэнт у 2008 годзе?
— Жанчыны складаней пераносяць выбарчыя кампаніі. Гэта зьвязана з эмацыйнымі і псыхалягічнымі асаблівасьцямі. Вядома, ёсьць байцы ад прыроды, але для большасьці жанчын гэта так. Я заўсёды называю выбары маленькай вайной. Ня ўсе ў стане вытрымаць гэтае напружаньне. Але што тычыцца спакойных пэрыядаў у палітыцы, то там няма мяжы магчымасьцям карʼернага росту для жанчын. Я казала яшчэ ў 2000 годзе, што наступае стагодзьдзе жанчын. Жанчыны будуць нарошчваць актыўнасьць у палітыцы, і гэтая тэндэнцыя не абміне Беларусь.
— Як вы ацэньваеце грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі цяпер? Ці чакалі, што акцыі супраць дэкрэту № 3 будуць шматлюднымі?
— Я пісала пра гэта ўжо даўно. Я прадбачыла, што людзі выйдуць на вуліцу. Прычым ня толькі тыя, хто абураны ганебным дэкрэтам № 3, але і людзі, якіх турбуюць іншыя праблемы. Я абяцала, што выйдзе шмат бабулек і дзядуль з кіёчкамі, таму што ў іх ёсьць цэлы шэраг праблем, якія іх вельмі турбуюць. І мітынгі, пісала я, стануць толькі нагодай. Я апошні раз была на мітынгу ў 1997 годзе, пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Я не мітынговы чалавек, але 17 лютага я была на акцыі ў Менску. Я бачыла там дзьве розныя хвалі людзей. Першая — гэта палітызаваныя грамадзяне, якія ведалі, чаму яны прыйшлі. Другая — гэта людзі, не захопленыя агульнай хваляй абурэньня, але якія абмяркоўвалі толькі дэкрэт «пра дармаедаў». Іх цікавіў толькі дэкрэт, яго наступствы і тое, як ад яго пазбавіцца.