У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.
Старт антырэфэрэндумнай прапагандзе быў дадзены публікацыяй у газэце «Советская Белоруссия» артыкулу Вольгі Абрамавай — як яна падпісалася, «кандыдата філязофскіх навук».
Вольга Абрамава ставіць пад сумнеў Незалежнасьць і статус беларускай мовы
Аўтарка не абцяжарвала чытача філязофскімі матэрыямі, а з самага пачатку выказалася без эўфэмізмаў:
«...у выпадку станоўчых вынікаў рэфэрэндуму ёсьць варыянт атрымаць у далейшым новы парлямэнт, сфармаваны з абаронцаў палітыкі ізаляцыянізму — палітыкі, непрымальнай для рынкавых адносінаў. Бо як Сойм БНФ матываваў сваю ідэю пра падрыхтоўку адстаўкі таго самага ўраду? Маўляў, гэты ўрад ня ў стане стварыць нацыянальную гвардыю, ўласную мытную службу, увесьці нацыянальную валюту. Тут праглядаецца болей клопат пра атрыбутыку сувэрэнітэту рэспублікі, чым пра неадкладныя патрэбы эканомікі, а значыць, і грамадзтва».
Гэтыя словы даюць чытачам адэкватнае ўяўленьне пра тое, як частка інтэлігенцыі, якая не ўспрыняла нацыянальнае Адраджэньне, успрымала само існаваньне беларускай дзяржаўнасьці. Тое, на чым трымаецца кожная дзяржава — войска, уласная грашовая сыстэма, мытня — адсоўваюцца на нейкае другое-трэцяе месца перад «неадкладнымі патрэбамі эканомікі». Тое, што менавіта парлямэнцкая Апазыцыя БНФ (у тым ліку і ў канцы 1991-га, і ў пачатку 1992-га) уносіла ў Вярхоўны Савет законапраекты і дзясяткі прапановаў, якія тычыліся менавіта эканомікі — Вольга Абрамава абмінула. Хоць яе абазнанасьць у праграмных палажэньнях БНФ выключае магчымасьць, што ня ведала. Пэўна ж, ведала. Але гэта ня ўпісвалася ў прапагандысцкую канцэпцыю, якая гучала ўжо пару гадоў і будзе гучаць дзесяцігодзьдзі: «БНФ — толькі мова ды сьцягі, а эканоміка ім нецікавая».
Далей Абрамава перасьцерагае, што «пры адначасовай зьмене ўсяго складу ўраду магчымы палітычны крызіс, выкліканы вакуўмам выканаўчай улады ў надзвычай важным яе зьвяне. Бо ў складзе БНФ і палітычных партый, якія яго падтрымалі, ня бачна яскравых эканамістаў — асобаў накшталт Яўлінскага, Шаталіна, Петракова».
Тут «палітоляг» (пазьней менавіта так Абрамава будзе прадстаўляцца ў СМІ) выявіла элемэнтарнае няведаньне палітычных рэаліяў шмат якіх дэмакратычных краінаў, у якіх у выніку выбараў вельмі часта ўрад зьмяняецца адначасна і ў поўным складзе. Пры тым што прадстаўнікі Народнага Фронту пастаянна заяўлялі: кваліфікаваныя службоўцы захаваюць свае пасады ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня, у тым ліку і ва ўрадзе.
Канешне, і ў складзе Ценявога кабінэту Апазыцыі БНФ, і сярод экспэртаў, былі яркія эканамісты — але іх наяўнасьць ужо ня ўкладвалася ў іншую канцэпцыю, сутнасьць якой — «усё лепшае — у Маскве».
«Парлямэнт павінен складацца не з полузнаек (пакіну гэтае слова аўтаркі безь перакладу — С.Н.), якіх «абраў час», якія спрытна спэкулююць на кансэрватыўных або радыкальных лёзунгах, а са спэцыялістаў, перш за ўсё эканамістаў і юрыстаў, як і ў кожным рацыянальна арганізаваным грамадзтве».
Гэтая сумнеўная тэза потым будзе актыўна ўбівацца ў сьвядомасьць людзей: у парлямэнце павінны быць эканамісты і юрысты. У адрозьненьне ад кандыдатаў БНФ, у якіх, як сьцьвярджала прапаганда, эканамістаў і юрыстаў нібыта няма. Пры гэтым замоўчвалася, што парлямэнтарый павінен быць найперш палітыкам. Пазьней Абрамава будзе ўключана адміністрацыяй Лукашэнкі ў склад некалькіх «скліканьняў» так званай «палаты прадстаўнікоў», дзе абсалютную большасьць складуць людзі менавіта зь юрыдычнай ды эканамічнай адукацыяй (выпускнікі Акадэміі пры прэзыдэнце, супрацоўнікі сілавых структураў, кіраўнікі прадпрыемстваў). Але ніхто зь іх ня будзе палітыкам (ва ўсякім разе, у часе свайго дэпутацтва), бо ніхто і ніколі не паставіць пад сумнеў ніякія дзеяньні таго, хто прывёў іх у Авальную залю — Лукашэнкі.
Але гэта будзе пазьней, а пакуль Вольга Абрамава выказалася не пра эканоміку, а пра яшчэ адзін «атрыбут»:
«Нагадаем, калі беларускі парлямэнт прымаў вядомае рашэньне (чытаецца як «сумнавядомае» — С.Н.) пра наданьне статусу дзяржаўнай беларускай мове, меркаваньнем грамадзкасьці ня вельмі ўжо цікавіліся. У другім выпадку парлямэнт увогуле не палічыўся з народным волевыяўленьнем, выказаным на сакавіцкім рэфэрэндуме 1991 году. Больш за тое, на ўсе прапановы не сьпяшацца з рашэньнем гэтых важных праблемаў, правесьці па іх плебісцыт, лідэры парлямэнцкай апазыцыі пярэчылі, што, маўляў, наш народ яшчэ палітычна не дарос да самастойнага вырашэньня гэткіх пытаньняў. А паводле якіх крытэрыяў кіраўніцтва БНФ сёньня здолела вызначыць, што мы ўжо сасьпелі да таго, каб прыбраць старую і паставіць над сабой новую ўладу?»
Апошнія словы паказальныя — аўтарка не аспрэчвае, што ў Беларусі засталася ранейшая, яшчэ з часоў СССР улада.
Што да прыгаданага рашэньня аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, дык тут Абрамава сказіла ісьціну: ягонаму прыняцьцю ў студзені 1990 году Вярхоўным Саветам яшчэ XI скліканьня якраз папярэднічала шырокая дыскусія ў друку, а дэбаты ў Вярхоўным Савеце (напэўна, упершыню ў гісторыі) трансьляваліся па тэлебачаньні.
Ну і, канешне, ніколі лідэры БНФ не сьцьвярджалі, што народ «не дарос» да вырашэньня пытаньня аб Незалежнасьці — іншая справа, што ва ўмовах абсалютнага панаваньня камуністычнай улады і кантролю за падлікам галасоў вынік такога рэфэрэндуму быў бы, хутчэй за ўсё, адмоўным, і мы б па-просту страцілі час. Рэфэрэндум жа аб датэрміновых выбарах БНФ ініцыяваў, калі камуністычная сыстэма абрынулася, а намэнклятура яшчэ не пасьпела кансалідавацца настолькі, каб кантраляваць вынікі галасаваньня ў той ступені, як гэта яна рабіла да краху КПСС.
Далей у сваім артыкуле Абрамава прапануе ўраду паслугі эканамічных экспэртаў «Руху за дэмакратычныя рэформы ў Беларусі» (арганізацыі, якая адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991-га паставіла пад сумнеў слушнасьць гэтага акту Вярхоўнага Савету) і вяртаецца да тэмы рэфэрэндуму.
І вось тут ва ўрадавым выданьні зь вялікім накладам прагучала прапанова, якая праз тры гады будзе рэалізаваная Лукашэнкам.
«Калі нам сёньня і неабходны рэфэрэндум, дык па найбольш спрэчных пытаньнях будучай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — піша Абрамава і засяроджвае ўвагу на дзяржаўнасьці беларускай мовы.
«Упэўненая, статус дзяржаўнай мовы павінны атрымаць абедзьве агульнаўжываныя у рэспубліцы мовы — і беларуская, і расейская. У адваротным выпадку грамадзянскай згоды нам не дасягнуць».
У далейшым Вольга Абрамава будзе сыстэматычна казаць пра неабходнасьць наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай, нароўні зь беларускай — аж пакуль у выніку так званага рэфэрэндуму 1995 году гэтага не адбудзецца. Але лёс беларускай мовы, якая пасьля прапанаванага ёй рэфэрэндуму будзе загнаная ў гета, ня выкліча зацікаўленьня ў дэпутаткі палаты прадстаўнікоў некалькіх скліканьняў Абрамавай. Ва ўсякім разе, мне невядома ніводнага выпадку, калі б яна — клапоцячыся пра статус расейскай мовы — на дзяржаўным узроўні выказала занепакоенасьць лёсам мовы беларускай.
Вынікам ініцыятывы Вольгі Абрамавай, выказанай ёй у гэтым артыкуле ў пачатку 1992 году, было тое, што ў «парлямэнце», дэпутатам якога яна была ў канцы 1990-пачатку 2000-х, беларуская мова амаль не гучала.
«…турбуе актывізацыя ў нашай рэспубліцы нацыянальна-радыкальных настрояў»
Пакуль жа артыкул Абрамавай выканаў функцыю прапагандысцкага старту, за якім пайшлі няспынныя публікацыі ў падкантрольных ураду газэтах пра немэтазгоднасьць і нават шкоднасьць ініцыяванага Народным Фронтам рэфэрэндуму.
Але гэта, пераважна, ужо былі не развагі кандыдатаў навук (хоць зьяўляліся і яны), а лісты чытачоў.
Раптоўна ў чытачоў падкантрольных Саўміну газэтаў, асабліва «Советской Белоруссии», выявілася любоў да эпісталярнага жанру — прычым, як правіла, патас лістоў быў зусім не на карысьць рэфэрэндуму.
Цяпер я шкадую, што тады, займаючы пасаду сакратара Камісіі Вярхоўнага Савету ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, не папрасіў у рэдакцыі той самай «Советской Белоруссии» арыгіналы лістоў — ну проста для таго, каб пераканацца ў адпаведнасьці надрукаванага арыгіналам. Альбо нават — у іх фізычнай наяўнасьці. Але такая ідэя ў 1992 годзе мне нават не магла прыйсьці ў галаву, бо гэта імгненна было б успрынята як спроба дэпутата, ды яшчэ аднаго з кіраўнікоў парлямэнцкай камісіі па СМІ, умешвацца ў рэдакцыйныя справы (няспыннае кіраўніцтва з боку чыноўнікаў Саўміну ў рэдактараў пярэчаньняў не выклікала).
І паколькі факт адсутнасьці гэтых лістоў не даказаны — застаецца лічыць, што лісты супраць рэфэрэндуму ішлі ў рэдакцыю няспынным патокам. І зьдзіўляцца, што сярод сотняў тысяч чытачоў газэты не было тых, хто б выступаў за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах. Хоць лісты публікаваліся пад рубрыкай «Рэфэрэндум: на перакрыжаваньні думак», думка выказвалася адна: рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах непатрэбны.
Але загалоўкі апублікаваных лістоў, бясспрэчна, прыдумлялі супрацоўнікі рэдакцыі.
Вось некаторыя: «Не да часу і не да месца», «З нашых жа кішэняў», «Усё тыя самыя твары», «Пазьбегчы б крайнасьцяў», «Хай плаціць той, хто замаўляе музыку» — і гэтак увесь час да кастрычніка, калі Вярхоўны Савет разгледзеў пытаньне аб рэфэрэндуме. Чытач мог і ня траціць час на самі лісты — пазыцыя навязвалася загалоўкамі.
І ўсё ж што-нішто з публікацый «Советской Белоруссии», варта працытаваць.
«Чытаю рэспубліканскія газэты, і робіцца ніякавата: Беларусь зноў паглынаецца хваляй палітычных страсьцей, выкліканай гэтым разам рэфэрэндумам па датэрміновым роспуску вышэйшых органаў улады.
Так, крытыка парлямэнту і ўраду шмат у чым абгрунтаваная. Людзі стаміліся ад росту цэнаў, сацыяльнай нестабільнасьці, шмат каму пагражае беспрацоўе. Але разам з тым давайце падумаем, ці можа адстаўка парлямэнту і ўраду радыкальна зьмяніць становішча ў народнай гаспадарцы, надаць дынамізм ягонаму разьвіцьцю? Мяркую, што не. Надзея лідэраў БНФ на магчымасьць з дапамогай рэфэрэндуму вырашыць грамадзкія праблемы выглядаюць, як найменш, утапічна. Перакананы, што рэфэрэндум у такі надзвычай цяжкі час не зьяўляецца найлепшым варыянтам.
І яшчэ пра адно хацелася б сказаць. Вельмі турбуе актывізацыя ў нашай рэспубліцы нацыянальна-радыкальных настрояў, якая ясна прасочваецца ў праекце закону «Аб выбарах», падрыхтаваным Апазыцыяй БНФ. Думаю, што палітыка, якая супрацьстаіць стварэньню агульнай эканамічнай прасторы, непазьбежна прывядзе да непапраўнага. Сёньня мы ўсе — у адной лодцы. Чарняк, прадпрымальнік».
«Рэфэрэндум будзе каштаваць немалых сродкаў. Адкуль яны возьмуцца? З поўнай падставай можна сказаць — з нашых жа кішэняў. Дык ці варта? В. Папковіч, Жлобін».
«Я не баюся цяжкасьцяў. Я просты чалавек. Адзінае, чаго баюся — паўтору Нагорнага Карабаху ў Беларусі. Б. Радзько, Мазыр».
«Апазыцыя БНФ сёньня набілі руку ў нагнятаньні жарсьці вакол ураду, у ашальмоўваньні рашэньняў і дзеяньняў органаў улады. Але варта толькі падумаць — а што істотнага прапанавала сама апазыцыя для народу, што ёю зроблена для паляпшэньня жыцьцезабесьпячэньня грамадзянаў рэспублікі, як адразу ж прыгадваюцца словы аднаго казачнага пэрсанажа: «А кароль жа голы? Юры Сьмірноў, кандыдат юрыдычных навук».
«Здаецца, нядаўна быў усесаюзны рэфэрэндум, на якім народ прагаласаваў за адзінства Саюзу. Парлямэнт Беларусі пад ціскам БНФ праігнараваў волевыяўленьне народу. І вось мы — ля разьбітага карыта, адзін на адзін з Чарнобылем, з разбуранай эканомікай. Нас ізноў заклікаюць да рэфэрэндуму. А што абяцаюць? Ды нічога. Мяркую пра гэта хаця б па адным толькі законе — законе аб мовах у Беларусі. Я — беларуска. Ганаруся, што вырасла на расейскай культуры, якая, бясспрэчна, зьяўляецца найвышэйшым дасягненьнем сусьветнай цывілізацыі. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выганяе зь Беларусі расейскую культуру, супраць волі народу насаджае беларускамоўнасьць, замест таго, каб у рэчышчы сапраўднага дэмакратызму абвясьціць дзяржаўнымі дзьве мовы — беларускую і расейскую, ці нават тры — плюс польскую. Штучна разьядноўваюцца ня самі народы — нас разьядноўваюць нашыя ж уладары. Шкада, што не надрукуеце маю думку. Тамара Чыж, Мінск».
Дарэчы, падобныя лісты незадаволеных здабыцьцём Беларусьсю незалежнасьці («пад ціскам БНФ») газэты Савету міністраў у пачатку 1990-ых публікавалі няспынна.
«Дзеля чаго патрэбны рэфэрэндум? Мяркуючы па прапановах дэпутацкай апазыцыі — каб зьмяніць склад Вярхоўнага Савету і ўраду, сфармаваць сваю ўладу, прывесьці да кіраўніцтва парлямэнтам новых лідэраў. За гэтымі акцыямі, калі яны адбудуцца, непазьбежна прыйдзе пераарыентацыя Беларусі ў рэчышчы вузканацыянальных ідэяў БНФ, канчатковы адрыў ад Расеі, ад народаў былога Саюзу. Ня трэба быць прарокам, каб убачыць наступствы гэтых крокаў: рэспубліка задыхнецца ў нацыянальнай шкарлупіне. Ягораў, горад Мінск».
«Ва ўмовах найвастрэйшага сацыяльнага і эканамічнага крызісу пакінуць рэспубліку без кіраўніцтва на працяглы тэрмін — значыць узмацніць цяжкасьці, прывесьці эканоміку да поўнага развалу… Пасьля рэфэрэндуму выканаўчая ўлада будзе паралізаваная, асабліва на сярэднім узроўні, у чаканьні «новай мяцёлкі». Ніхто і ніколі ня будзе вырашаць простыя пытаньні, ня кажучы ўжо пра больш складаныя. Гэтага варта чакаць і на ўзроўні ўраду. Наўрад ці будзе плённа працаваць той, хто ня ведае сваёй будучыні... Усе расходы па правядзеньні рэфэрэндуму лягуць на бюджэт рэспублікі, а значыць — на плечы простых людзей. Ужо калі і праводзіць рэфэрэндум, дык за сродкі тых палітычных партыяў, рухаў і грамадзянаў, якія яго падтрымоўваюць. Адначасна са зборам подпісаў трэба было б і зьбіраць грошы на правядзеньне гэтай акцыі. Гэта ня позна зрабіць і цяпер. Старая ісьціна сьцьвярджае: хто плаціць, той і замаўляе музыку. Лепяшчынская, вэтэран працы, карэнная мінчанка».
Усе гэтыя аргумэнты, выказаныя нібыта чытачамі, лёгка і проста разьбіваліся (ну вось хоць бы з апошняга ліста, наконт «паралічу ўлады» ў выніку выбараў — у дэмакратычных краінах выбары праводзяцца рэгулярна, гэтак сама часта мяняецца ўлада, адзін прэм’ер саступае месца іншаму, міністэрскія крэслы займаюць тыя, хто ўчора быў у апазыцыі, а празь нейкі час сыходзяць і яны — і пры гэтым стабільна працуюць дзяржаўныя ўстановы, жыцьцё не спыняецца. Яно якраз таму не спыняецца, што рэгулярная зьмена выканаўчай улады праз свабодныя выбары — адна з гарантыяў эфэктыўнага функцыянаваньня дзяржаўнага апарату.
Гэта — арытмэтыка, якую ў пачатку 1990-ых трэба было патлумачыць людзям, якія дзесяцігодзьдзямі жылі ва ўмовах аўтарытарызму. Але саўмінаўская прэса, наадварот, заблытвала людзей. А прадстаўнікі БНФ, іншых дэмакратычных арганізацый доступу да палосаў той самай «Советской Белоруссии» ня мелі.
Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»