Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У галечы жаночае аблічча


Мая мама працуе мэдсястрой дзіцячай паліклінікі ў абласным горадзе, і ейны заробак за верасень быў 350 беларускіх рублёў. Фактычна месца яе працы — гэта дзіцячы сад-школа, і працоўным прачачнай у гэтым садку прэміямі даплочваюць да 265 рублёў — да так званай «мінімалкі». Хочацца нам гэта прызнаваць ці не, але сыстэмна галеча ў Беларусі мае жаночае аблічча.

Чым ніжэйшы прапануецца заробак, тым больш імаверна, што гэтую працоўную пазыцыю зойме жанчына.

Можна заплюшчваць вочы на гендэрны аспэкт і казаць, што гэта «проста такія сэктары эканомікі», згадваючы заадно, што адукацыя, ахова здароўя і мэдыцына — адны з самых бедных сфэр у нашай краіне. Толькі вось якая штука: гэта ўсё — жаночыя сфэры. Чым ніжэйшы прапануецца заробак, тым больш імаверна, што гэтую працоўную пазыцыю зойме жанчына.

Мужчыны часам выказваюць незадаволенасьць, што ў школах працуюць толькі жанчыны, і хлопчыкі праз гэта нібыта не атрымліваюць «мужчынскай мадэлі паводзінаў». Толькі штосьці не гатовыя гэтыя самыя мужчыны ісьці і працаваць у беларускую школу і атрымліваць за гэта беларускі настаўніцкі заробак. А жанчыны гатовыя. І не, гэта не таму, што нам з-за наяўнасьці маціцы так падабаецца навучаць іншых і праводзіць час з дзецьмі. У нас проста выйсьця іншага часта няма. У тым ліку і дзякуючы гендэрнаму парадку ў грамадзтве.

Жанчыну на пазыцыю грузчыцы проста не возьмуць амаль ніколі, і яшчэ аргумэнтуюць адмову клопатам пра яе здароўе.

І гэта здараецца не толькі ў сфэры адукацыі. Вы ніколі не задумваліся, чаму ў лякарнях за 200 рублёў у месяц санітаркамі працуюць жанчыны, а ў крамах грузчыкамі за 700 рублёў у месяц — мужчыны? Жанчыну на пазыцыю грузчыцы проста не возьмуць амаль ніколі, і яшчэ аргумэнтуюць адмову клопатам пра яе здароўе. Тое, што працуючы санітаркай яна будзе цягаць на сабе пацыентак і пацыентаў, пэрыядычна яшчэ і адбіваючыся ад дэбашыраў, — гэта такая рэальнасьць, у якую вельмі ня хочацца верыць людзям са сьвету ружовых поні.

Але нават на аднолькавых працоўных месцах мужчыны і жанчыны зарабляюць па-рознаму — выконваючы адны і тыя ж функцыі, жанчына ў Беларусі атрымлівае ў сярэднім на 23% менш, чым мужчына. Як так атрымліваецца, улічваючы наяўнасьць афіцыйных акладаў прынамсі ў дзяржаўных установах? Усё вырашаюць прэміі і сьвятая ўпэўненасьць працадаўцаў у тым, што «мужчыну грошы больш патрэбныя, — яму ж сям’ю карміць». Пры гэтым у 2015 годзе прадстаўніца Мінпрацы і сацыяльнай абароны Святлана Коваль казала, што 19,6% ад агульнай колькасьці сем’яў з дзяцьмі ў Беларусі — гэта няпоўныя сем’і, а колькасьць няпоўных сем’яў, дзе дзіця выхоўваецца бацькам, а ня маці — толькі 1,4% ад агульнай колькасьці сем’яў.

У тэорыі ад галечы і яе, і дзяцей мусяць выратаваць алімэнты, але гэта далёка не заўжды працуе на практыцы.

Відавочна, што жаданьне плаціць мужчынам больш — гэта даніна традыцыі і праява састарэлага стэрэатыпа «мужчына — сямейны кармілец». У рэальнасьці ўсё даўно не так, і жанчынам часта даводзіцца забясьпечваць і сябе, і дзяцей на меншы заробак, чым той, які атрымлівае яе былы муж і бацька гэтых самых дзяцей. У тэорыі ад галечы і яе, і дзяцей мусяць выратаваць алімэнты, але гэта далёка не заўжды працуе на практыцы.

Галеча — гэта ня проста адсутнасьць магчымасьці прыгожа апранацца і набываць дарагую мэблю ў кватэру. Гэта перш за ўсё кепскае харчаваньне, танныя лекі і гатоўнасьць рызыкаваць, каб атрымаць штосьці бясплатна. Вось у Барысаве на Дзень маці некалькі жанчын знайшлі на працы бутэльку нібыта з алькаголем і вырашылі адзначыць важны для іх дзень. Аказалася, што ў бутэльцы з-пад бальзаму была вадкасьць для чысткі чанаў ад рыбы. Усе жанчыны цяпер у лякарні, і пакуль нельга дакладна сказаць, ці выжывуць яны. Сын адной з пацярпелых кажа, што ягоная маці ня мела праблем з алькаголем. Нават калі ён чагосьці не дагаворвае, відавочна, што жанчыны, якія маюць сталую працу, гатовыя піць вадкасьць са знойдзенай бутэлькі, і гэта сьведчыць пра іх галечу. Мы можам грэбліва казаць, што з намі такога дакладна ніколі не здарыцца, але я б не стала заракацца.

Галеча — не паказчык таго, што асобна ўзяты чалавек мала стараецца альбо шмат лянуецца.

Галеча — не паказчык таго, што асобна ўзяты чалавек мала стараецца альбо шмат лянуецца. Гэта хутчэй паказчык таго, што з грамадзтвам у цэлым штосьці не так. Паводле дадзеных Белстату, у другім квартале 2017 году 4,2% ўсіх беларускіх сем’яў знаходзяцца за мяжой беднасьці.

Адмаўленьне ад гендэрных стэрэатыпаў ня зробіць багатымі ўсіх і адразу, але гэтую канкрэтную статыстычную лічбу яно дакладна зьнізіць. Чым радзей працадаўцы будуць кіравацца лёгікай «мужчына — кармілец, а жанчыне і гэтага хопіць», тым часьцей жанчыны змогуць атрымліваць такі ж заробак, што атрымлівае мужчына за такую ж працу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG