Пакуль перадаюць толькі, што яны размаўлялі пра Ўкраіну ў СНД і пра канфлікт на Данбасе.
Аляксандар Лукашэнка 8 кастрычніка прыняў у Менску трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанку.
Прэс-служба Лукашэнкі перадае толькі тое, што сказаў Лукашэнка: што гатовы абмеркаваць «шмат праблемаў» і што адна зь іх — выхад Украіны з Садружнасьці незалежных дзяржаваў. Сярод іншага Лукашэнка згадаў, што бачыў украінскі сьцяг на саміце ў Душанбэ (прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі там не было).
Лукашэнка дадаў, што «рваць усялякія сувязі з нашымі дзяржавамі паасобку і агулам з СНД нявыгадна», і што працэс выхаду з СНД не адбудзецца за адзін дзень.
«Я заўсёды казаў пра тое, што выйсьці прасьцей, чым потым увайсьці, калі трэба будзе, — казаў Лукашэнка. — Але гэта сувэрэнная справа Ўкраіны, мы вымушаныя з гэтым лічыцца».
Дзе прайшла сустрэча, не паведамлялася. Але, мяркуючы па фота і адсутнасьці паведамленьняў пра паездкі Лукашэнкі, сустрэча праходзіла ў Менску.
Лукашэнка таксама казаў пра «падзеі ва Ўкраіне», у якія Беларусь ня хоча ўмешвацца, «калі нас не папросяць», згадаў «прыток зброі праз украінскую мяжу». Акрамя таго, ён згадваў, што ў гады прэзыдэнцтва Юшчанкі «былі ня горшыя часы, асабліва між нашымі дзяржавамі», таксама талы «як бы ні было складана, і з Расейскай Фэдэрацыяй знаходзілі агульную мову».
Юшчанка, як перадае беларускі бок, заявіў, што адносіны Беларусі і Ўкраіны «заўсёды былі ідэальнымі і на палітычным узроўні, і на народным», «адзначыў складанасьць тэрытарыяльнага пытаньня» (верагодна, маецца на ўвазе канфлікт на Данбасе) і заявіў, што «на фоне ўсіх падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне, унутрыпалітычнае жыцьцё таксама складанае, бо ёсьць шмат бакоў, якія хочуць нешта ўзяць з кантэксту і на гэтым рабіць палітыку»
Цяпер Юшчанка не займае ніякіх дзяржаўных пасадаў, у тым ліку ў СНД. Ад траўня 2018 году ён старшыня назіральнай рады «Альпары-банку». З 2005 па 2010 гады Юшчанка займаў пасаду прэзыдэнта Ўкраіны.
У 2004 годзе Юшчанка ўзначаліў народныя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне на карысьць Януковіча. Тыя падзеі атрымалі назву Аранжавая рэвалюцыя.
Пратэстоўцы тады перамаглі ў мірным супрацьстаяньні. У паўторным галасаваньні на выбарах у 2005 годзе, прызначаным пасьля масавых пратэстаў, Віктар Юшчанка перамог.
У Расеі да прэзыдэнта Юшчанкі ставіліся вельмі халодна, лічылі яго антырасейскім палітыкам.
На выбарах 2010 году Юшчанка атрымаў толькі 5,45% галасоў, на наступных парлямэнцкіх выбарах ягоная партыя «Наша Ўкраіна» не пераадолела бар’ер у 5%.
***
Тыдзень таму іншы экс-прэзыдэнт Украіны, папярэднік Юшчанкі 80-гадовы Віктар Кучма адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў «менскіх перамовах» па канфлікце на Данбасе праз дасягненьне «крытычнага ўзросту».