Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Украіны адмовіўся ад удзелу ў «менскіх перамовах»


Прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма завяршыў сваю працу ў складзе менскай трохбаковай кантактнай групы ў пытаньнях вырашэньня сытуацыі на Данбасе.

Пад час сёньняшняй сустрэчы ў Менску Леанід Кучма падсумаваў сваю працу і падзякаваў беларускаму боку «за садзейнічаньне ў арганізацыі перамоўнага працэсу», паведаміла ягоны прэсавы сакратар Дарка Аліфэр на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле яе, Леанід Кучма ўхваліў такое рашэньне ў сувязі з дасягненьнем «крытычнага ўзросту» — 9 жніўня яму споўнілася 80 гадоў.

Леанід Кучма быў уключаны ў склад менскай групы адмысловым распараджэньнем прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў ліпені 2014 года.

На пачатку 2016 года Леанід Кучма ўжо зьвяртаўся да Пятра Парашэнкі з просьбай замяніць яго іншаю кандыдатураю, у якасьці якой прапаноўваў яшчэ аднаго экс-прэзыдэнта Леаніда Краўчука. Прадстаўнікі непрызнаных ЛДНР у свой час настойвалі, каб замест Леаніда Кучмы ў кантактнай групе працаваў Віктар Медвядчук, у якога цесныя кантакты з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным.

У верасьні сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка выступіў з ініцыятывай перанесьці перамовы Трохбаковай кантактнай групы зь Менску ў іншы горад, а ў ідэале — увогуле за межы Беларусі, паколькі дэлегацыя Беларусі пры ААН «хранічна» галасуе супраць любых ідэй і прапановаў Украіны, нават тых, якія не датычацца канфлікту з Расеяй. Гэтую пазыцыю падтрымалі ўсе іншыя прадстаўнікі Ўкраіны ў гэтым фармаце перамоў, апроч Леаніда Кучмы і Яўгена Марчука.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG