Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка — Аляксандру Лукашэнку: Чаму ня страшна быць былым прэзыдэнтам


Віктар Юшчанка: У адносінах да Беларусі Эўропа зрабіла вялікую памылку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:04 0:00

Трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка (2005- 2010) пра прэзыдэнцкую пошту, памылкі ЭЗ у адносінах да Беларусі и прэзыдэнтаў-доўгажыхароў.

Трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка — удзельнік спэцыяльнага праекта Радыё Свабода «Расея і я». Прэм’ер-міністар Украіны, лідэр палітычнага блёку «Наша Украіна», лідэр «Аранжавай рэвалюцыі». Быў абраны на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны 26 сьнежня 2004-га. Віктару Юшчанку — 61 год.

Ганна Соўсь: У першыя гады прэзыдэнцтва вы практычна не сустракаліся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, толькі на самітах, такія сустрэчы адбываліся ўжо ў пазьнейшыя гады. Вы былі прадстаўніком дэмакратычных пераменаў, а ён на той момант быў апошнім дыктатарам у Эўропе. Цяпер ён ужо не апошні дыктатар у Эўропе. Як вы лічыце, ці можна цяпер давяраць Аляксандру Лукашэнку як гаспадару пляцоўкі для мірных перамоваў, як прэзыдэнту краіны, у якой знаходзяцца расейскія ваенныя базы і іх колькасьць павялічваецца? Зараз зь ім кіраўніцтва Ўкраіны актыўна сустракаецца...

Віктар Юшчанка: Я скажу словы, якія, можа быць, вы не падзеліце. У адносінах да Беларусі Эўропа зрабіла вялікую памылку, якую яна вельмі шмат разоў паўтарала і ў адносінах да Ўкраіны. Але цяпер гаворка ідзе пра Беларусь. Я ведаю, што мала хто чытае прэзыдэнцкую пошту. Я хачу сказаць, што я вельмі шмат ведаю нюансаў пра адносіны прэзыдэнта Беларусі і прэзыдэнтаў іншых дзяржаваў, пра якія мы зараз гаворым. Я ведаю, што былі моманты, якія можна было б выкарыстоўваць для таго, каб мы сёньня бачылі палітычную карту Эўропы іншай. Больш аптымістычнай. Каб кола дзяржаваў, сяброў Эўропы было шырэйшае. Мне здаецца, што Эўропе заўсёды не хапала ўдалай палітыкі пашырэньня. Вось паглядзіце на палітыку Кітая...

Ганна Соўсь: Вы пачалі пра прэзыдэнцкую пошту. Дайце, калі ласка, яшчэ крыху больш фактаў.

Віктар Юшчанка: Па многіх прычынах я не магу сказаць тое, што мне хацелася б сказаць. У нас добрыя прэзыдэнцкія адносіны былі ў клюбе практычна ўсіх кіраўнікоў дзяржаваў СНД.

На саміце ў Маскве ў лютым 2008-га.
На саміце ў Маскве ў лютым 2008-га.

Я быў скептык СНД і катэгарычна застаюся ім сёньня. СНД — ня тое аб’яднаньне, якое павінна вызначаць будучыню нацый, якія вызваліліся ў апошнія 20-30 гадоў і выйшлі на дарогу нацыянальнага разьвіцьця. Гэта ня той напрамак, на жаль. Ён мог быць пры ўмове, калі б мы ў Расеі бачылі найперш палітыку дэмакратыі. Расея мела адзін шанец падтрымліваць вельмі важныя, дзейсныя адносіны з суседнімі краінамі, калі б яна ўспрыняла палітыку дэмакратызацыі, якую пачаў Барыс Мікалаевіч Ельцын. На жаль, яна на тым і скончылася. Што да Беларусі... Я ведаю, сьцьвярджаю, што было шмат эпізодаў, калі пры прадуманай, можа, шматкрокавай эўрапейскай палітыцы мы б маглі бачыць Беларусь ня ў той арбіце, у якой яна сёньня. Але я думаю, што акадэмічнае разуменьне фармаваньня палітычных адносінаў перашкодзіла наладзіць дыялёг, знайсьці дзесяткі прычынаў, вядома, сур’ёзных, але я думаю, пры пэўных абставінах можна было мець у гэтай частцы Эўропы тую палітыку, якая ўсім нам патрэбна.

Ганна Соўсь: У вас было шмат калегаў прэзыдэнтаў-доўгажыхароў, якія больш за 20 гадоў, як Аляксандр Лукашэнка, ва ўладзе. Праходзяць рэфэрэндумы, мяняецца Канстытуцыяю, у многіх постсавецкіх краінах можна балятавацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў. Што б вы маглі параіць тым прэзыдэнтам, якія ня хочуць сыходзіць? Чаму ня страшна быць былым прэзыдэнтам? Вось перад выбарамі ў кастрычніку што бы вы параілі Аляксандру Лукашэнку? Чаму ня страшна сыйсьці?

Віктар Юшчанка: Я думаю, што найперш вельмі важна даць нацыі іншы выбар. Іншы выбар — гэта трансфармацыя, гэта зьмена. Паглядзіце на прыроду. Памірае ўсё тое, што не зьмяняецца. Гэта натуральна. Не ў тым пляне, што прэзыдэнты становяцца дурнымі або ў іх не хапае інтэлектуальнага рэсурсу. Проста іншыя погляды ёсьць на тую сытуацыю, у якой аказваецца кожная нацыя. Спрабаваць перамены — гэта заўсёды добра. Мець магчымасьць гэтых пераменаў — гэта яшчэ больш важна. Таму мне вельмі шкада людзей, якія абагатвараюць уладу. Я думаю, што яны няшчасныя. Таму што яны ўскладняюць сваё жыцьцё — ну гэта не так важна, можа быць. Яны прыводзяць народы да інэртнасьці, кансэрвацыі. У рэшце за гэты пэрыяд, як правіла, за рэжым даводзіцца плаціць грамадзтву, грамадзянам гэтай краіны. Я разумею, што мы вельмі розныя. Я маю на ўвазе, што адныя нацыі лічаць пераемнасьць, асабліва сямейную пераемнасьць у палітыцы гарантыяй нейкай стабільнасьці. І ёсьць такі шлях праўленьня, ён ня самы папулярны ў сьвеце. Можна сказаць, ня самы дэмакратычны. Але ёсьць нацыі, якія так лічаць. Я маю сваё меркаваньне, я яго не навязваю, але: трансфармацыя — гэта заўсёды правільна. Я ў гэтым упэўнены.

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG